Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Тры ў адным: дачушка, сястрыца і «нянька»

Пра знаёмства з будучым мужам сёння Галіна Савіна, сацыяльны работнік з Ільяншчыны, гаворыць з жартам: пазнаёміла, маўляў, бульба. А яно і сапраўды так, каб не тая бульба, дык і ці сустрэліся б. Галіна родам з Гродзенскай вобласці, а сюды, у Ілью, прыехала набываць сельгаспрафесію ў мясцовым каледжы. Як і заўсёды бывае, восенню навучэнцы ўстановы працавалі на ўборцы бульбы. Тут і ўбачыў незнаёмку малады вадзіцель мясцовай гаспадаркі. Запала дзяўчына ў сэрца, ды і ёй малады чалавек спадабаўся. Мясцовы хлопец, з Забар’я. Пачалі сустракацца, а пасля і пажаніліся.

– Прывёў мяне муж у свой бацькоўскі дом у Забар’і, дзе жывём і цяпер, – расказала Галіна Янаўна. – Так склалася, што па спецыяльнасці я, лічы, і не працавала. Спачатку трохі ў тэхнікуме была, затым – у Доме культуры, а дваццаць гадоў таму, калі прыйшоў час выходзіць з дэкрэтнага, згадзілася на прапанову быць сацыяльным работнікам. Так і працую на гэтым месцы.
Дзесяць старэнькіх і нямоглых з вёсачак Каўшэвічы, Забар’е і Асцюковічы на абслугоўванні Галіны Янаўны. Садзіцца яна штодня на веласіпед – і да іх. Прынесці прадукты і лекі, прыбраць у хаце, памыць, нанасіць дроў і вады, зімою – расчысціць снег – гэта толькі частка звыклых клопатаў сацработніка. Нялёгка, вядома, з усім упраўляцца, але Галіна Янаўна не наракае на складанасці. Нярэдка бывае, што ёй дапамагае ў вольны ад працы час і муж, які бярэ на сябе цяжэйшую работу. А ўдваіх яна спорыцца…
Як і ў кожнай вясковай сям’і, у Савіных ёсць нямала і дамашніх клопатаў: «соткі», агарод, карова ды свінні з курамі… Толькі паспявай. Праўда, з больш працаёмкімі справамі дапамагаюць спраўляцца дзеці, а іх у бацькоў трое. Старэйшыя сын і дачка ўжо маюць свае сем’і, парадавалі бацькоў трыма ўнукамі. А самая малодшая дачушка Савіных яшчэ школьніца, сёлета пойдзе ў восьмы клас. Шчаслівая Галіна Янаўна не толькі сваёй дружнай сям’ёй, але і тым, што на яе маленькай радзіме яшчэ жывуць яе маці з бацькам. Хоць і старэнькія, але яшчэ не адмаўляюцца ад пасільнай працы, вось і сёлета папрасілі дзяцей яшчэ пасадзіць ім участачак бульбы.
– Бываю ў бацькоў нярэдка і я ды і тры браты мае наведваюцца, – падзялілася жанчына. – Дзякуй Богу, яшчэ нядрэнна сябе адчуваюць бацькі. Дарагое мне там усё, блізкае, але ж Ільяншчына ўжо, трэба прызнацца, бліжэй. Пабуду крыху дома, а так цягне сюды, дзе мая сям’я, муж, дзеткі…
Пашчасціла ёй з мужам, радуюць і дзеці. У гэтым Галіна Янаўна прызналася з цеплынёй у голасе. Ды і з працай пашчасціла, якая стала для яе галоўнай. Вельмі важна, што патрэбна людзям гэта праца.
– Еду да сваіх падапечных і ведаю, што вельмі чакаюць, – усміхаецца Галіна Янаўна. – Хто дачушкай называе, хто «нянькай», хто – сястрыцай… Я за гады, што ў сацыяльным абслугоўванні, столькі навучылася ад гэтых мудрых людзей. Бабулькі мае і рэцэптамі рознымі заўсёды дзеляцца, і бытавыя падказкі зробяць, і жыццёвы ўрок дадуць. А якія ўдзячныя гэта людзі! Як шчыра радуюцца яны прыездам вілейскіх артыстаў, нашага кіраўніцтва на чале з загадчыцай аддзялення надомнага абслугоўвання Данутай Раманоўскай! Такія сустрэчы не забываюцца. З людзьмі працаваць адказна і, разам з тым, цікава. Канешне ж, некалькі разоў, калі было асабліва цяжка, думала: усё, памяняю работу, пашукаю што іншае. Але пройдзе дзень-два – і ўсё, гэтыя думкі знікаюць, а думаеш толькі адно: як жа яны, мае бабулькі-дзядулькі, без мяне? А як я без іх? І зноў усё становіцца на свае месцы.
Гэты год для Галіны Савінай юбілейны – яна адзначыла сваё пяцідзесяцігоддзе і дваццацігоддзе працы сацыяльным работнікам. Што тут скажаш, вехі ў жыцці важныя. Цёпла віншавалі жанчыну блізкія людзі, зычылі столькі добрага і светлага, што ад такой увагі нават слёзы радасці падступалі. І ў кожным пажаданні, як гэта бывае, гучала звыклае – поспехаў у працы. А гэта значыць, каб хапала сіл ёй на яшчэ многа-многа гадоў дапамагаць старэнькім і нямоглым і каб сустракалі яны яе цёплым «дачушка» і «дзіцятка»… Гэта для Галіны Янаўны – найвышэйшая пахвала і адзнака яе працы.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена ДУ “Вілейскі ТЦСАН”

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries