З Ірынай Красоўскай, загадчыкам гаспадаркі акцыянернага таварыства «Даўгінава», мы дамовіліся сустрэцца «У Юзіка». Так называецца крама, якую доўга намагаліся мець жыхары ўскраіны аграгарадка. Ірына Сцяпанаўна, нягледзячы на выхадны, была настроена, як кажуць, па-баявому. Называла, як запраўскі ідэолаг, імёны камбайнераў, вадзіцеляў, плошчы, намалоты…
– Я і ёсць ідэолаг, – засмяялася Ірына на маю ўвогуле пазітыўную рэпліку. А яшчэ – старшыня прафкома. Нядаўна ў нас агітбрыгада пабывала. Уручалі падзякі старшыні райвыканкама, прызы ад прафсаюза работнікаў АПК. Прыемна людзям такая ўвага…
Сярод адзначаных увагай кіраўніка раённай выканаўчай улады – і Славамір Красоўскі, муж Ірыны.
– Ён у мяне працаўнік, – неяк ужо вельмі годна, з гонарам за блізкага чалавека, вымаўляе мая суразмоўца гэтыя словы. – Па бацькавых слядах пайшоў. Той усё жыццё на трактары адпрацаваў.
Сёння Славамір ужо сеў на «ФЭНДТ», рыхтуе глебу пад пасеў азімых культур. Ды і ў самой Ірыны Сцяпанаўны клопатаў хапае. Цяпер, пасля ўзбуйнення, калі тры акцыянерныя таварыствы сталі ў адным, пастроіўся, лічы, і механізатарскі корпус. Па-ранейшаму гарачыя абеды дастаўляюцца ў поле. Забеспячэнне каларыйнага і якаснага харчавання людзей – на адказнасці загадчыка гаспадаркі. Таму па дарозе ў поле мы не прамінаем мясцовую сталоўку, адкуль даносіцца апетытны пах свежапрыгатаваных страў.
… Гул камбайнаў яшчэ трывожыць наваколле. Са сваім кампетэнтным «гідам» кіруемся на рапсавае поле. Дачакалася свайго часу і гэта яравая культура.
– Цяпер на полі ў нас застануцца толькі грэчка, ну, і кукуруза, вядома. У Ірыны – сельскагаспадарчая адукацыя. Яна скончыла Смілавіцкі тэхнікум і адразу ж вярнулася ў Даўгінава да бацькоў.
– А тут мяне ўжо і жаніх чакаў, – смяецца Ірына Сцяпанаўна. – Са Славамірам мы ў адну школу хадзілі, праўда, наконт узаемнасці размова тады не ішла. А тут мяне пасля тэхнікума камсамольскім сакратаром выбралі. Стала наводзіць парадак у справаводстве. Гляджу – Красоўскі ўзносы не плаціць. Ну, усыпала я тады яму… – Твар Ірыны заліваецца чырванню, нібы ў тую далёкую юначую пару вяртае яе гэты ўспамін. Ён ажыўляе ўяўленне, узнаўляе пачуццё, бо самым чыстым і светлым у лёсе мы абавязаны сваёй маладосці.
А ўскрайку поля – постаць галоўнага агранома таварыства Аляксандра Акушэвіча. Загарэлыя твар і плечы выдаюць яго пастаянную прысутнасць на жніўным палетку. Аляксандр Аляксандравіч – з тых спецыялістаў, хто клопат агульны ўспрыймае як свой уласны. А, магчыма, і яшчэ вастрэй. Не раз даводзілася быць сведкай яго глыбокай заклапочанасці, а то і расчаравання, калі штосьці на палетку «клеілася» не так, як трэба. Не хавае аграном сваёй незадаволенасці і зараз: 27,2 цэнтнера – сярэдняя ўраджайнасць – гэта не для «Даўгінава». З цяжкасцю ўсё ж даецца наладка гаспадарчага механізма, складзенага з розных, часта вельмі нераўназначных, запчастак. Аднак уклад таварыства ў агульны каравай Вілейшчыны: 11 тысяч тон збожжавых – даволі такі важкі.
Камбайнавы экіпаж Аляксандра Альфера і Сяргея Стукіна – тысячнік. Сёння іх «Палессе» – на рапсавым палетку. Прыпыніўшы камбайн, хлопцы самі выбіраюць ракурс для фотаздымка. Фонам у ім – поле, дзе культура стаіць густой сцяной, рыжаватай, шчыльна збітай, са шчоткай выспеўшых вострых стручкоў.
– Цэнтнераў 25 будзе з гектара, – дэманструе сваю хлебаробскую дасведчанасць Аляксандр.
Ад камбайна з кузавам, напоўненым бліскучымі, нібы амытымі дажджавымі кроплямі, зярнятамі, збіраўся ад’ехаць «МАЗ». І з вадзіцелем Генадзем Калягам на хаду давялося весці дыялог.
– Пра майго брата Станіслава раёнка неаднойчы пісала.
– Ён нават наш прыз «За адданасць полю» гады тры таму атрымаў.
А Генадзь Іванавіч сапраўды таксама варты журналісцкай увагі. Хоць бы за тое, што здзейсніў сваю мару – стаў вадзіцелем. А вопыту набіраўся на баявым «БТээРы», у гарачай кропцы, якая не пакідае палымнець і на сённяшні дзень. Афганістан – яго балючы ўспамін, які большасць яго баявых сяброў не жадаюць варушыць. Так часта здараецца, што зацягнутая і знешне ўжо не кідкая рана пры частым яе раздражненні не-не – і пырсне крывёй.
Генадзь – шматдзетны бацька: трое дзетак выраслі ў сям’і вадзіцеля і выхавальніцы мясцовага дзіцячага садка. Хто вучыцца ў ВНУ, хто ўжо мае вышэйшую адукацыю. Але ўсе трое ў доме – найпершыя памочнікі…
«МАЗ»а шлях – недалёкі, на збожжасушыльны комплекс, зманціраваны ў таварыстве тры гады назад. Машыніст Вячаслаў Палікарпаў прайшоў курсы, які наладзіў для карыстальнікаў комплексу вытворца – вядомая айчынная фірма «Амкадор».
…У паветры вісне лёгкі сум, яму і належыць быць напрыканцы лета. Надыдзе час – і зноў ажыве жніўны палетак. А пакуль – чакаем у госці восень.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара












