– Людзей, зямлю і неба абдымаю. А наймацней – Вілейшчыну маю… – Насупраць мяне сядзіць сівы, шчуплаваты мужчына, ужо далёка не маладога ўзросту. Ён – з кагорты тых, каго ніколі не называюць дзядамі. Бо ёсць у іх вачах зайздросны для гадоў бляск, у рухах – неўтаймаваная лёгкасць, у думках – летуценнасць. І так пранікнёна гучаць у вуснах майго суразмоўцы радкі Ганны Новік, паэткі, імя якой стала своеасаблівым сімвалам творчай Вілейшчыны.
Аляксандр Паслед – наш зямляк. Лёс закінуў яго ў Падмаскоўе, дзе ў горадзе Каралёве ён і пражыў большую частку свайго жыцця. А штогод улетку прыязджае наведаць родныя мясціны. Тут, ля вёскі Стражы, – могілкі, дзе пахаваны яго родныя. Вельмі рана, нарадзіўшы чацвёртае дзіця, пакінула гэты свет маці. Адчуваецца, што і цяпер, праз столькі год, для Аляксандра Іванавіча гэта вельмі балючы ўспамін. У Вілейцы жыве сястра Вера. У яе і спыняецца Аляксандр падчас сваіх пастаянных сюды ваяжоў. У рэдакцыю зазірнуў зусім невыпадкова. Некалі ён бываў тут даволі часта. Калі працаваў настаўнікам у Камарове, невялікай вёсачцы паміж Рэчкамі і Крывым Сялом, дасылаў заметкі ў газету. Памятае, як цярпліва і ашчадна працавала з ягонымі допісамі колішні намеснік рэдактара па прозвішчу Кіеня. Сама вопытная журналістка, яна, пэўна, бачыла ў пачынаючым аўтары свайго будучага калегу. Лёс распарадзіўся па-свойму. Пасля службы ў Арміі Аляксандр застаўся ў Арэхава-Зуеве. Там стварыў сям’ю. Нарадзіліся дзеці. Скончыў педінстытут, атрымаў дыплом гісторыка. Але… як пісаў вядомы беларускі паэт, «кожны з нас прыпасае радзімы куток». Вось у куточку сэрца Аляксандра Паследа назаўсёды пасялілася Вілейшчына. – Люблю Вілію. Купаюся штодня. Проста блукаю па вуліцах Вілейкі. Усе назвы ведаю. Землякам сваім удзячны. У хірургічным аддзяленні раённай бальніцы мяне вельмі ўдала прааперыраваў хірург Аляксей Аўласёнак. Два гады мінула. Зайшоў неяк, каб нагадаць аб сабе, медсястра, што мяне тады прымала, кажа: у Мінск паехаў. А яшчэ Аляксандр Іванавіч любіць бываць у раённай бібліятэцы, той, што па вуліцы Савецкай. – Чытаю раёнку, у вас такія харошыя журналісты. Радуюся, як у вас праходзіць жніво. Вы пра гэта так цікава расказваеце. Бачу вашы ўрадлівыя палі, упарадкаваныя дарогі і радуюся, што я меў шчасце тут нарадзіцца. Маладым кажу, што трэба абавязкова пабыць у Беларусі, каб па-сапраўднаму адчуць, што значыць спакойна і грунтоўна жыць. І быць упэўненымі: вакол цябе – добрыя, сумленныя людзі. У нас на вокнах дзіцячых устаноў – краты. Ад злодзеяў. У вас пра такое не ведаюць… Не так доўга, усяго з паўгадзіны,мы гутарылі з Аляксандрам Іванавічам. На памяць ён пакінуў «Крестьянскую Русь», грамадска-палітычны і сельскагаспадарчы штотыднёвік. У «Калонцы рэдактара» я абавязкова пастараюся пазнаёміць чытачоў з асноўным ідэйным кірункам выдання. На развітанне мы дамовіліся сустрэцца. Наступным летам. Марыя КУЗАЎКІНА. Фота аўтара









