Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Свята

Галоўным дзяржаўным святам, якое адлюстроўвае адзінства і духоўную стойкасць нацыі, назваў наш Прэзідэнт Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у сваім віншаванні суайчыннікам. «Краіна талентаў і патрыётаў – вось што такое Беларусь. У ёй няма і не будзе месца забыццю народнага подзвігу. У год 65-годдзя Вялікай Перамогі мы яшчэ раз аддаём даніну павагі бяспрыкладнаму гераізму людзей, выратаваўшых планету ад фашызму, – гаворыць кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да суайчыннікаў. – Ніякія крызісы не запалохаюць дзяцей і ўнукаў пераможцаў». Асабліва хвалююча і пераканаўча словы кіраўніка нашай дзяржавы прагучалі ў гэтыя святочныя дні, калі ўся краіна і кожны яе рэгіён адзначалі Дзень Незалежнасці: урачыста-радасна, з усёй той атрыбутыкай, якая і належыць святу падобнага маштабу.

DSCN 119«Святкуй, мая Вілейшчына,» – так называлася праграма ўрачыстасцей, якія па традыцыі былі наладжаны ва ўрочышчы Дубаўка.
Само надвор’е, здаецца, спрыяла ўдзельнікам мерапрыемства. Лагодны ветрык лашчыў твары, неба злёгку бухмацілася хмаркамі і над наваколлем стаяў лёгкі водар лугавых траў. Так ненавязліва, далікатна і тонка пахнуць травы толькі ў Беларусі, краіне, дзе ландшафт утульны і гасцінны, як сцены сяброўскага дома, у якім ты заўсёды жаданы госць. Вілейшчына і прымае сёння гасцей – дэлегацыі краін, з якімі ў нас усталяваліся трывалыя братэрскія сувязі. Дружбе з Пераяславам-Хмяльніцкім пайшоў ужо чацвёрты дзесятак. За гэты час мы змаглі не толькі пазнаёміцца, але і здружыцца з пераяслаўцамі, пакінуўшы пытанні высокай палітыкі для дзяржаўных дзеячоў, на сябе ўзяўшы рэалізацыю прынцыпаў народнай дыпламатыі. І атрымоўваецца. Штогод мяняецца склад дэлегацый, алеDSCN 153 захоўваецца фон шчырага сяброўства ў нашых адносінах. Сярод гасцей – таксама прадстаўнікі Мажайска, польскага Уязда, Азербайджана. Помнік камандзіру гвардзейскага механізаванага сталінградскага корпуса Азі Асланаву заўсёды будзе нагадваць віляйчанам аб самаахвярнасці вызваліцеляў горада і іх мужнасці.
Рыгор Светлік, ганаровы старшыня Саюза Раёна Паўднёва-Заходняя Мазоўша (Польша), як і абяцаў нам два гады таму, авалодаў нашай мовай і яго прывітанне віляйчанам прагучала па-беларуску.
– Нас аб’ядноўваюць гісторыя, мова, культура, Дняпро, Заходні Буг і Прыпяць, – заўважае сакратар гарадскога Савета Пераяслава-Хмяльніцкага – Аляксандр Мацвеенка. – Народ Украіны разам з вамі радуецца вашым поспехам, – працягвае яго думку кіраўнік адміністрацыі Пераяслаў-Хмяльніцкага раёна Аляксандр Каваленка. Радуюцца госці, але найперш задаволены мы, што Вілейшчына сёння паспяхова рэалізуе сваю праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця. Аб гэтым гаворыць са сцэны старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Сініла: «У цяперашні час Вілейка стабільна развіваецца, мяняецца яе інфраструктура, паляпшаецца дабрабыт жыхароў». Кіраўнік выканаўчай улады заклікае ўсіх нізка пакланіцца нашым бацькам, дзядам і прадзедам за здзейснены ў гады Вялікай Айчыннай подзвіг, за жыццё, падоранае нашчадкам.
DSCN 067Прама перад сцэнай, на адкрытай пляцоўцы, пазначанай каляровымі стужкамі, разгортваецца вакальна-харэаграфічная кампазіцыя «Белая Русь», у выкананні Алесі Супрановіч, удзельнікаў ансамбля танца «Карусель» гімназіі №1 «Логас», харэаграфічных калектываў Палаца культуры, ансамбля танца «Карагод» гімназіі №2, узорнай эстраднай студыі «Экспромт», узорнага духавога аркестра дзіцячай школы мастацтваў і выхаванцаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву. Толькі назіраючы гэтае суквецце маладых талентаў, па-сапраўднаму пачынаеш усведамляць духоўную шчодрасць вілейскай зямлі і разумець, што ў гэтага багацця – невычэрпны працяг. Народны хор ветэранаў вайны і працы мяняюць юныя выканаўцы – і гукі святочнага канцэрта даносяцца да гарадскіх ускраін, плывуць па слынных хвалях Віліі.
Па традыцыі, на свяце ўшаноўваюцца лепшыя працаўнікі галін народнай гаспадаркі Вілейшчыны. Захоўваецца яна і на гэты раз. Сярод удастоеных падзякі старшыні райвыканкама – інжынер і бухгалтар, педагог і культработнік, будаўнік і прадстаўнік камунальнай службы…
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч падводзіць вынікі агляду – конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і ўтрыманне дваровых тэрыторый і сядзіб. Ад сцэны з каштоўнымі падарункамі адыходзіць маладая пара – Юрый і Алена Гайчукі, жыхары вёскі Ілья. Гаспадар – работнік вілейскага доследнага лясгаса, яго жонка – хатняя гаспадыня. У сям’і растуць трое дзетак і Алене, вядома, хапае клопату па іх выхаванні.
DSCN 086– Жыву за мужам, – з любасцю паглядае на суджанага маладая жанчына. – У яго рукі залатыя. Дом сваімі рукамі дабудаваў, альтанку ў двары, плот пляцёны змайстраваў. сядзіба сапраўды і нам падабаецца.
Шуміць гаманкая Дубаўка. Цесна ля гандлёвых радоў. А да імправізаванага павільёна сельскагаспадарчага ліцэя выстрайваецца чарга нецярплівых хлапчукоў і дзяўчынак, якія пажадалі займець на скуры прыгожы малюнак, такі, як у спрытных дзяўчат з групы цырульнікаў. Некалькі акуратных штрыхоў рознаколернымі фарбамі – і дэкаратыўны роспіс гатовы. Хто падстаўляе твар, хто – плячо. Цікавая прапанова тут жа знайшла попыт і прыхільнікаў.
І яшчэ адна значная падзея адбылася 3 ліпеня ў Дубаўцы. Званне ганаровага грамадзяніна Вілейшчыны прысвоена Анатолю Рогачу. На жаль – пасмяротна. Пасведчанне атрымоўвае сын вядомага краязнаўцы – Юрый. Усім сваім жыццём Анатоль заслужыў удзячную памяць нашчадкаў. Ён глыбока капаў пласты гістарычнай навукі і сам навечна застаўся ў гісторыі роднага краю.
А ўвечары неба над Вілейкай расквецілася рознаколернымі ўсплескамі святочнага салюта. І рэха паўтарала гукі Дзяржаўнага Гімна, які спявала ўся Беларусь.
Марыя КУЗАЎКІНА,
фота Анатоля ЗАНКАВІЧА і аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries