Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Аўталаўка на падходзе – гэта едзе наш Валодзя

Алімпіяду Сяргееўну Трубач з вёскі Сліпкі завочна ведаю даўно – жанчына ў свой час была старастам вёскі і з ёй не раз даводзілася гутарыць па тэлефоне. Зараз абавязкі галоўнага па вёсцы давераны маладзейшаму чалавеку, маўляў, ужо не пад сілу пенсіянерцы выконваць сур’ёзныя грамадскія даручэнні (на гэта вунь колькі сіл і нерваў трэба), але яна засталася, як і раней, неабыякавай да клопатаў аднавяскоўцаў.
Не так даўно Алімпіяда Сяргееўна патэлефанавала ў рэдакцыю па даручэнні нямоглых вяскоўцаў. Усе яны хочуць расказаць пра вельмі добрага чалавека – вадзіцеля аўталаўкі Уладзіміра Грэля, які ўжо дзясятак гадоў возіць прадукты па многіх вёсках Вілейшчыны. І Сліпкі – таксама зона яго абслугоўвання.
– Чалавек надзвычайна чулы, спагадлівы, – сказала пра яго Алімпіяда Сяргееўна. – І, што вельмі важна, сумленны, ніхто ні разу не заўважыў, каб ён падманіў пакупніка. Бываюць жа розныя, нават і мы ў нашай вёсцы сустракаліся з такімі нячыстымі на руку. А вось наш Валодзя – зусім іншы чалавек. І падкажа, і заказ прыме, і нешта параіць, і нават дапаможа данесці пакупкі дамоў.
Вельмі цёпла, як пра роднага чалавека было гэта сказана – наш Валодзя. Значыць, блізкім стаў ён людзям. Немаладым, нярэдка – адзінокім, абдзеленым ласкай і ўвагай блізкіх вельмі важна, каб у іх жыцці быў хтосьці, каго можна было б называць як самага блізкага, каму можна было б давяраць свае праблемы і прасіць парады і дапамогі. Для некаторых такім стаў Уладзімір Грэль. За што яму і дзякуюць.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries