Другая Айчынная вайна… Менавіта так у 1914 годзе назвалі вайну, якая пачалася. Існавалі і іншыя назвы – Вялікая Еўрапейская вайна, Германская вайна. Потым, у 1918 годзе яе будуць называць сусветнай, а ўжо пасля 1941 года – Першай сусветнай вайной.
Першая сусветная вайна доўжылася 1568 дзён і начэй, ахапіўшы 3 кантыненты. У ёй прыняло ўдзел 38 дзяржаў з агульнай колькасцю насельніцтва 1,5 мільярда чалавек. Страты былі вялікія – 10 мільёнаў забітых і памерлых ад ран, 20 мільёнаў раненых. Для Расійскай імперыі вайна пачалася 19 ліпеня (1 жніўня) 1914 года. На тэрыторыі Беларусі баявыя дзеянні разгарнуліся якраз праз год – у канцы лета 1915 года, у верасні 1915 года, што такое вайна, адчула і вілейская зямля. Амаль тыдзень кайзераўскія войскі ўтрымлівалі станцыю Вілейка. Бой за горад у верасні 1915 года – гэта слаўная старонка ў гісторыі рускай арміі. Да сённяшняга часу беларуская зямля густа ўкрыта незажыўшымі ранамі. Гэта шматкіламетровыя акопы, бліндажы, рэшткі дотаў, старыя насыпы вузкакалейкі. У палях і лясах пад нагамі, бывае, сустракаюцца старыя патроны, гільзы… часам – снарады. Часта можна сустрэць ваенныя могільнікі і брацкія магілы тых, хто не вярнуўся з той далёкай вайны. І вось у гэтым годзе мы адзначаем знакавую дату – 100 год з дня пачатку Першай сусветнай вайны. З гэтай нагоды 2 жніўня 2014 года ў зале выстаў імя Н.Ю. Сілівановіча ДУ «Вілейскі краязнаўчы музей» адбудзецца адкрыццё выставы «Пераклічка стагоддзяў: Першая сусветная вайна і свет сёння», прадстаўленая грамадскай арганізацыяй «Беларускі Зялёны Крыж». Гэта выстава стала вынікам працы 38 мастакоў з Беларусі, Расіі і Украіны. Яны з’яўляюцца ўдзельнікамі міжнароднага культурна-асветніцкага праекта з аднаіменнай назвай «Пераклічка стагоддзяў: Першая сусветная вайна і свет сёння». Мастакі знаёміліся з падзеямі Першай сусветнай вайны на беларускіх землях – у Вілейскім, Смаргонскім і Мядзельскім раёнах: у гістарычным кантэксце, праз успаміны аб тых часах і падзеях, рэкруцкія песні, вершы, музыку. Вынікам праекта сталі працы ўдзельнікаў і выстава, на якой будуць адлюстраваны падзеі пачатку 20 стагоддзя, а таксама пагляд мастака на водгукі той трагедыі ў сённяшнія дні. Усіх, хто хоча пазнаёміцца з цікавым праектам, даведацца аб чымсьці новым і ўбачыць працы ўдзельнікаў міжнароднага культурна-асветніцкага праекта, чакаем 2 жніўня а 16 гадзіне ў зале выстаў імя Н.Ю. Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея па адрасе: г. Вілейка, пл. Свабоды, 1. Надзея АЎДЗЕЙ, куратар выставы