Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Мажная жанчына з вядзерцам чарніц стомлена прысела на лаўку побач…

Нехта з «камбайнам», а я што ?
Мажная жанчына з вядзерцам чарніц стомлена прысела на лаўку побач.
– Ледзь жывая, – перавяла яна дыханне. – Па лесе нацягалася – ног не чую. Няма сёлета ягад, ледзь нашкрабеш вядзерца. Тыя гады па тры ў дзень збірала.
– Многія кажуць, што не ўраджайны год на чарніцы, – падтрымала я размову. – Можа, мароз пашкодзіў…
– Можа, і ён, але ж і «камбайнамі» рвуць з карэннем, – выказала сваю думку жанчына. – Паглядзіце на ягаднік пасля такіх збораў – усё павырывана, перакручана. А што ж, дзяруць, не глядзяць, каб толькі хутчэй і болей. А што будзе далей, не клапоцяцца. Капейку зарабіць кожны хоча…
– А Вы, відаць, рукамі збіраеце? – кіўнула я на сінюткія пальцы жанчыны.
Тая агледзелася кругом, а затым расхінула перада мной пакет – там хавалася ад людскога вока знакамітае прыстасаванне.
– А што ж я, дурнейшая за ўсіх? – здзіўлена зірнула яна на мяне. – Не-е, мне таксама грошы трэба…
І загаварыла пра літры, цэны, паездкі. Пра «камбайны»-шкоднікі – ні гу-гу.
А з жыллём не прайшло
Што дачка пачала сустракацца з добрым хлопцам, Надзея зразумела адразу. Па падарунках зразумела, што той дарыў дзяўчыне. Спачатку гэта было сярэбранае кальцо, затым – прыгожы камплекцік з гэтага ж матэрыялу, а яшчэ пазней – залаты ланцужок. «Значыць, намер мае сур’ёзны, – гаварыла дачцэ маці. – Для будучай жонкі стараецца. І не самы, відаць, бедны. Таму ты не саромейся, нагадвай іншы раз, што рада была б і яшчэ якому падаруначку!»
І дзяўчына не саромелася. Здаволіўшыся з дарагіх упрыгожванняў, перайшла на нятанныя паездкі – угаварыла хлопца на адпачынак у Крыме, пасля – у Балгарыі, ужо запланавала Егіпет.
– Шчаслівая ты, дачушка, што пажадаеш – усё для цябе зробіць, – цешылася маці. – Вось гэта хлопец! І сваты будучыя такія малайцы, відаць, спадабалася ты ім, што нічога не шкадуюць. Думаю, ужо час загаворваць і пра сваё жыллё, бо куды ж ён прывядзе маладую жонку?
Невядома, як і што гаварыла дзяўчына свайму абранніку, толькі з жыллём у іх не атрымалася. І не толькі з жыллём. Неўзабаве разладзіліся і адносіны. Сёння маладыя ўжо не разам, у кожнага сваё жыццё.
– Нехта, дачушка, пазайздросціў твайму шчасцю, сурочыў, – пераконвала маці дзяўчыну. – Бо не можа так быць, каб было так добра і раптам – усё…
Яны ў гэтым упэўнены і нават шукаюць вінаватых. І няўцям ім, што ўсе няшчасці чалавецтва ад таго, што людзям вельмі многага хочацца. Гэта яшчэ Будда сказаў.
Незямная, а «бабку» любіць
Вясковы хлопец Іван узяў у жонкі гарадскую дзяўчыну Анжэлу. Прыгожая, дагледжаная, з даўжэзнымі нарошчанымі пазногцямі, яна пры першай сустрэчы падалася яму незямной, проста багіняй. А як жа ганарыўся хлопец, што яна, гэта прыгажуня, звярнула на яго ўвагу! Карацей, пажаніліся. Жыць сталі асобна ад бацькоў (дзяўчына была не толькі прыгожай, але і забяспечанай, мела сваю двухпакаёўку). Першыя месяцы сумеснага жыцця прайшлі як у сне. Аслеплены каханнем, Іван не звяртаў увагі ні на пыл у кватэры, ні на пакамечаныя кашулі ды штаны. Бяда невялікая – сам браўся за швабру ды прас. А вось наконт ежы… Надакучылі маладому мужу макароны ды сасіскі, хацелася нечага смачнага, чым некалі частавала маці.
– Ведаеш пра што мару, Анжэла? – задумліва сказаў неяк ён. – Каб прыйшоў з працы, а ў хаце пахне “бабкай”. І каб яе, духмяную, са шкварачкамі і цыбулькай – ды са смятанай… Смаката!
– І як ты ўяўляеш прыгатаванне? – падняла намаляваныя бровы жонка. – Я са сваімі пазногцямі тру бульбу на тарцы… Вось купіш кухонны камбайн – тады і прыгатую.
З першай жа зарплаты Іван прынёс жонцы той самы камбайн. Чакаў тыдзень, два, а жаданай “бабкі” не было. Маладую ж жонку цуд тэхнікі нават не цікавіў – так і стаяў запакаваны ў шафе. Ну, што тут зробіш: багіня, ёй не да “бабкі”. Закасаўшы рукавы, у адзін з выхадных Іван узяўся за справу. А праз гадзіны дзве маладыя з апетытам упляталі “бабку”. І незямная – таксама…
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries