Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

елічныя ўрачыстасці адбыліся ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай

Маці Будслаўская, Маці Святая, перад табою галовы схіляем… – ужо колькі год запар адпраўляюцца вілейскія пілігрымы ў дарогу з гэтай песняй. Да мястэчка Будслаў – шлях няблізкі. Але што тады казаць пра тых пешых пілігрымаў, якія выйшлі ў далёкую вандроўку з розных ускраін Беларусі. І нават з суседняга замежжа. На некаторы час Нацыянальны санктуарый у невялікім беларускім паселішчы стаў для іх цэнтрам духоўнага прыцягнення.
На святой імшы, што раніцой, 2 ліпеня, прайшла у вілейскім касцёле Узвышэння святога Крыжа, пешую пілігрымку благаславілі, пажадаўшы ёй шчаслівага шляху, ксёндз-біскуп Юрый Касабуцкі і дэкан вілейскага дэканата ксёндз Аляксандр Барыла, настаяцель храма. Да плошчы Свабоды працэсію праводзілі шматлікія вернікі. Шэсце расцягнулася па ўсёй вуліцы 17 верасня. Перад гэтым наш касцёл правёў яшчэ дзве пілігрымкі – з суседніх Маладзечанскага і Смаргонскага раёнаў. Цікавая дэталь: да Маладзечна ўжо ў дарозе далучыўся Апостальскі Нунцый Клаудзіа Гуджэроці. А Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч традыцыйна здзейсніў сваю будслаўскую пілігрымку на веласіпедзе. Гэта невялікія падрабязнасці, якія аднак сведчаць аб еднасці высокіх духоўных асоб з тысячамі хрысціян, што ў гэтыя дні здзяйснялі адарацыю да цудатворнага абраза, маліліся перад ім за росквіт Айчыны, давяралі Найсвяцейшай Панне клопат сваіх прагнутых ачышчэння душ.
Рэдка хто з людзей свядома здзяйсняе грахоўныя ўчынкі. Але непрадказальнае наша жыццё быццам наўмысна падштурхоўвае на іх. І адбываецца ў чалавечай душы своеасаблівае сутыкненне светлага і цёмнага, узнёслага і заганнага. Сіла святой малітвы дапамагае нам вырвацца з грахоўнага палону, перамагчы ў барацьбе, якую штодня навязвае нам вораг роду чалавечага.
Напэўна, падобныя думкі прыходзілі і да тых, хто прымаў удзел ва ўрачыстай імшы, што цэлебраваў у Будслаўскім храме ксёндз Вячаслаў Пялінак. Выпала вернікам радасць прысутнасці на імшы, прысвечанай завяршэнню святкавання 400-годдзя прысутнасці ў Будславе абраза Маці Божай. Яе ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «Не бойся – словы, скіраваныя Богам да вас», – сказаў, звяртаючыся да тысяч вернікаў Апостальскі Нунцый, цэлебруючы начную святую імшу. Папярэдне адбылася працэсія з выявай абраза Маці Божай Будслаўскай. Палаючыя ў руках пілігрымаў свечкі стваралі ўяўленне вогненнай плыні, што ахінала мястэчка і прысутных там людзей ахоўнай ласкай высокага Благаславення Неба.
…Гэты храм – самая ўражальная, самая светлая памяць майго дзяцінства. Над яго гонкімі вежамі злітавалася вайна. Але пануючы ў 60-ыя гады ваяўнічы атэізм зрабіў рэальную спробу накінуць на цудадзейную святыню покрыва забыцця. Касцёл быў зачынены. Толькі штогод, 2 ліпеня, не маючы магчымасці пранікнуць пад яго сутарэнні, людзі збіраліся ля ганка, маліліся, ладзілі наўкол храма крыжовыя хады.
І вось зноў пакутная, уседаравальная і самаахвярная Божая Маці пяшчотна пазірае на нас з галоўнага абраза касцёла. І столькі незямной любові нясе чалавецтву яе погляд, што пасылае нам бясконцая вечнасць.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 173 queries