Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дзень Незалежнасці

Сёння мы ўспамінаем імёны паўшых герояў: байцоў Чырвонай Арміі, партызан і падпольшчыкаў. Коштам неверагодных намаганняў, а часам і самога жыцця яны здабылі Перамогу ў той страшнай вайне, – гэтыя словы з віншавання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь маглі стаць своеасаблівым лейтматывам свята, якое пачалося 3 ліпеня раніцой на плошчы Свабоды ў Вілейцы. І атрымала затым размах і працяг ва ўрочышчы Дубаўка. Менавіта там мы ўжо колькі год запар адзначаем Дзень Незалежнасці краіны і гадавіну вызвалення свайго роднага горада. Сёлета да святаў дабавілася яшчэ адна дата – 70-годдзе вызвалення Беларусі. На плошчы Свабоды, ля помніка загінуўшым воінам і народным мсціўцам, адбыўся ўрачысты мітынг. Ён пачаўся з верша вядомай вілейскай паэткі Ганны Новік. Кранаюча і эмацыянальна прагучаў ён з вуснаў Таццяны Захарыч, дырэктара цэнтра эстэтычнага выхавання. Ускладанне вянкоў і кветак. Ад віляйчан і прадстаўнікоў замежных дэлегацый…

Літаратурна-музычная кампазіцыя ў выкананні ўдзельніка студыі мастацкага слова «Ветразь» Амраана Аль-Хлейфата. Хвіліна маўчання…
Свята ў Дубаўцы адкрывае тэатралізавана-харэаграфічная кампазіцыя. У масавым відовішчы перад імправізаванай сцэнай задзейнічаны вядомыя мастацкія калектывы Палаца культуры, дзіцячай школы мастацтваў. Вядучыя віншуюць прысутных са святам. З прывітальным словам да іх звяртаецца кіраўнік раённай выканаўчай улады Віктар Кот:
– Нізкі паклон вам, адважныя франтавікі, партызаны і падпольшчыкі, мужныя працаўнікі тылу, вязні канцлагераў, дзеці вайны… – з бачным хваляваннем успамінаюць гэтыя словы тыя, хто займаюць сёння пачэсныя месцы на лавах для асабліва ганаровых гасцей. На немаладых, прасветленых тварах радасць, акропленая сумам. Такое ўжо ёсць яно, гэта свята: са слязьмі на вачах і з болем у сэрцы.
– Сёння мы з удзячнасцю ўспамінаем тых, хто ў страшныя саракавыя гады прыняў смерць дзеля мірнага жыцця на зямлі. Светлая памяць воінам, загінуўшым пры абароне Айчыны, – ва ўнісон настрою прысутных гучаць словы выступаючага. Як і яго пажаданне згоды, дабрабыту, новых поспехаў і добрых спраў.
Сёння – дзень самых шчырых, самых светлых пажаданняў. І іх адрасуюць прысутным старшыня раённага Савета ветэранаў Ганна Шэпелева, настаяцель Храма прападобнай Марыі Егіпецкай, благачынны вілейскай акругі, пратаіерэй Аляксандр Шмырко, дэкан вілейскага дэканата ксёндз Аляксандр Барыла. Недарэмная смерць тых, хто загінуў за Айчыну, – такі лейтматыў гэтых выступленняў. Бо патрыятызм, – зазначыў ксёндз Аляксандр Барыла, – узнёслае адчуванне добра выкананага абавязку перад Радзімай. «Вы, ветэраны, прыклад таго, як трэба абараняць Айчыну», – звярнуўся да ганаровых гасцей свята пратаіерэй Аляксандр Шмырко. Пачалося ўшанаванне тых, хто ўносіць бачны ўклад у развіццё ветэранскага руху, хто праводзіць значную работу па патрыятычнаму выхаванню маладога пакалення. Сярод ушанаваных – Ганна Шэпелева, ветэраны вайны Сцяпан Шмырко і Сямён Шуберцій, старшыні пярвічных ветэранскіх арганізацый Вілейшчыны Анатоль Стрэж і Валерый Карабейка, ідэолаг завода «Зеніт» Ларыса Мількота.
На сцэне – народны хор ветэранаў. Час пасерабрыў іх скроні, але, здаецца, не адабраў, а дабавіў моцы ў суладнае гучанне галасоў. Пра што спяваюць ветэраны? Пра вайну і мір. Пра няздзейсненае каханне, што занатавана ў лісце самотнага франтавога трохкутніка…
Па традыцыі раздзяляюць з намі радасць вялікага свята госці з замежжа – сябры-пабрацімы. Дзясяцігоддзямі доўжыцца наша дружба з Мажайскам і Пераяславам-Хмяльніцкім. Кіраўнік гарадскога пасялення Мажайск Васіль Позднеў, сакратар гарадскога Савета Пераяслава-Хмяльніцкага Пётр Бачарын узнімаюцца на сцэну. Сюды запрашаюцца сябры з Польшчы (гарадоў Уязд і Бліжын), Малдовы (горад Чымышлія), прадстаўнікі культурна-асветніцкага аб’яднання «Гобустан» і спецыялізаванага фонду расійска-беларускага супрацоўніцтва «Белыя росы» з Санкт-Пецярбурга і, вядома ж, Першамайскага раёна беларускай сталіцы. У кожным выступленні – шчырыя сяброўскія зычэнні. А яшчэ – сувеніры, як кажуць, з унутраным сэнсам. На памяць. Даўно вядома, што любы антаганізм палітыкі, калі ён часам існуе, пераважыць мова народнай дыпламатыі. Такая сёння ладзіцца на сцэнічнай пляцоўцы ў Дубаўцы. Як дапаўненне да таго пагаднення, якое было заключана раніцой паміж Вілейскім раёнам і спецыялізаваным фондам расійска-беларускага супрацоўніцтва і якое падпісалі, з нашага боку, Віктар Кот, з расійскага – Арсеній Крыцкі, намеснік старшыні фонду.
Пацешылі віляйчан сваімі выступленнямі на сцэне Дубаўкі танцавальны ансамбль з Чымышліі і мастацкі калектыў «Чумацкі шлях» з Пераяслаў-Хмяльніцкага, а таксама творчы дуэт «Эліна» з гарадскога пасялення Мажайск.
Ужо традыцыйна на свяце былі ўшанаваны і лепшыя працаўнікі раёна. Ганаровую грамату аблвыканкама атрымала начальнік аддзела статыстыкі Валянціна Чайкоўская, шэраг прадстаўнікоў працоўных калектываў ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і падзякамі райвыканкама. А яшчэ вядучыя аб’явілі вынікі раённага агляду-конкурсу сярод сельскай моладзі на лепшае сялянскае падвор’е. Дыплом у намінацыі «Гран-пры» атрымала сям’я Дзмітрыя і Людмілы Вярбіцкіх.
Народны калектыў «Суквецце», калектывы дзіцячай школы мастацтваў, дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву дарылі прысутным чароўныя хвіліны сустрэчы з прыгажосцю. Навучэнцы і супрацоўнікі Вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа дэманстравалі класныя майстар-класы, распісваючы мудрагелістымі ўзорамі дзявочыя шчочкі і ўплятаючы ў коскі аксамітныя банцікі. Былі выставы. Былі прадстаўлены народныя рамёствы. І ўжо амаль напрыканцы ўрачыстасці старшыня райвыканкама ўручыў Міхаілу Петуху сцяг экспедыцыі, якая традыцыйна выпраўлялася ў водную вандроўку па шляхах графа Тышкевіча. Нясі ў суседнія краіны, лёгкая хваля, вестку аб нашай слыннай, гераічнай і мужнай зямлі!
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара і Сяргея БЯДРЫЦКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 186 queries