АД РЭДАКТАРА
Ганна Пятроўна Шэпелева ўзначальвае раённы Савет ветэранаў. І толькі ёй адной вядома, колькі трэба прыкласці намаганняў, каб не абысці ўвагай ніводнага чалавека. А многія з іх – у старэчай немачы, адзіноце, адзін на адзін са сваімі думкамі і ўспамінамі. Як справы, як здароўе? – звычайныя пытанні ветлівасці становяцца для іх падзеяй, гаючай кропляй, здымаючай фізічны і душэўны боль. Ганна Пятроўна не скупіцца ні на тэлефонныя званкі, ні на віншаванні з нагоды дат, накшталт той, якую мы ў гэтыя дні адзначаем. Ёсць у яе для гэтых дзей і асабістая прычына. Аб ёй вы падрабязней даведаецеся, прачытаўшы гэты нарыс Фелікса Шкірманкова, апублікаваны ў зборніку «Пераэкзаменоўка на восень». Ён – пра Пятра Антонавіча Норку, бацьку Ганны Пятроўны, кіраўніка падпольнай маладзёжнай антыфашысцкай групы.
Зборнік з адпаведным пасвячэннем аўтар падараваў родным Пятра Антонавіча, які памёр праз паўвека пасля Перамогі. Пасля цяжкага ранення ён знайшоў у сабе сілы, каб жыць паўнакроўным жыццём, вартым чалавечага прызначэння на гэтай зямлі. Стварыў сям’ю, у якой нарадзіліся чатыры дачкі. Усе выраслі, набылі прафесіі, як і Ганна Шэпелева, знайшлі сабе месца ў жыцці. Яны і працягваюць новы віток сямейнага лёсу.
Аб гэтай гісторыі я даведаўся праз трыццаць гадоў пасля таго, як яна здарылася, ад былога намесніка камандзіра партызанскай брыгады імя Даватара па разведцы Паўла Паўленкі.
Гэта адбылося на сустрэчы былых партызан з нагоды 30-годдзя з дня ўтварэння брыгады, у лесе, дзе ў тыя гады знаходзілася наша партызанская база.
А на наступны дзень пазнаёміўся і з чалавекам, аб якім напярэдадні расказаў мне Паўленка.
Яшчэ не ўпэўнены, што гэта менавіта ён, я звярнуў увагу на сярэдняга росту, хударлявага мужчыну на самаробным драўляным пратэзе: ён ішоў, перавальваючыся, як качка.
Падышоў да нас, паглядзеў жывымі са смяшынкай вачыма, павіншаваў са святам і на пытанне Паўленкі – «Чаму спазніўся?» – весела адказаў:
– Ці ведаеш, каханенькі, што прыехаў цудам, лічы – пашанцавала! Сабачка, трасца яму ў бок, украў мой «масол» – пастукаў ён па дзеравяшцы, – дык амаль гадзіну жонка з унукамі шукалі! А ён зацягнуў у лапухі за хлеў, уладкаваўся там. І грызе! Вось паглядзі – амаль што паўнагі адгрыз! – паказаў ён на сляды сабачых зубоў на дзеравяшцы, а сам заразліва смяецца. – А ты пытаеш, чаму спазніўся!
Ён мне адразу спадабаўся. Ад яго зыходзіў здаровы народны гумар, дабрыня. Прашу яго расказаць, як яму партызанскі доктар рабіў аперацыю, і чую ў адказ:
– Ат, нічога цікавага! Адрэзаў паўнагі і ўсё! – весела смяецца і дадае: – Вось ужо трыццаць гадоў прайшло, а новая ніяк не расце, хаця кожным ранкам аглядаю: а можа, пайшла ў рост?
Агульнымі намаганнямі як-ніяк, а прымусілі ўсё ж яго расказаць. У той жа вечар у гатэлі я ўсё дакладна занатаваў, бо сапраўды выпадак быў далёка не радавы.
…22 сакавіка 1944 года атрымаў Пётр Норка, кіраўнік маладзёжнай антыфашысцкай падпольнай групы ў вёсцы Талуць, баявое заданне ад камандавання брыгады ўзарваць лесапілку ў мястэчку Куранец. У апошні час акупанты на гэтай лесапілцы пачалі ўзмоцнена вырабляць чыгуначныя шпалы. Зацікавіліся гэтым партызанскія разведчыкі і даведаліся, што гэтыя шпалы патрэбны ім для будаўніцтва новай стратэгічнай чыгуначнай лініі.
Атрымаўшы заданне, Норка абмеркаваў яго з удзельнікамі мяркуемай аперацыі. Усе згадзіліся ў тым, што трэба прабірацца ў Куранец у нядзелю, калі з навакольных вёсак сяляне едуць туды на базар.
Так і зрабілі. Схавалі пад сенам у санях тол, а зверху паклалі кошык з яйкамі, некалькі кавалкаў сала і глячок з мёдам, каб было бачна, што вязуць тое-сёе на продаж. Зброю таксама схавалі пад сенам, але так, каб у выпадку небяспекі яе можна было б лёгка ўзяць. Селі ўтрох і паехалі.
Не даехаўшы да Куранца, у вёсцы Кузьмічы, трапілі ў засаду. Хлопцы ўмомант выхапілі аўтаматы і, адстрэльваючыся, павярнулі каня і пагналі яго. Калі ўжо паверылі, што пранесла, кулямётная чарга дагнала іх. Перакуліўся праз галаву конь, на яго зваліліся сані. Нема крыкнуў Пятрок ад страшэннага, які пранізаў ад пяткі да калена, болю ў левай назе. Хлопцы падхапілі на рукі параненага.
Ім яшчэ раз пашанцавала: хтосьці з засады стрэліў, калі партызаны былі яшчэ метраў за сто, а цяпер амаль побач апынуліся сані, што ехалі насустрач. Пачуўшы страляніну, той, што сядзеў у санях, пачаў крута разварочвацца, і сані перакуліліся.
Не было часу штосьці тлумачыць гаспадару, паставілі сані на палазы, паклалі ў іх параненага, самі скокнулі і пагналі каня, крыкнуўшы: «Забярэш каня на дарозе ў лесе!»
Калі агледзелі параненага, убачылі, што куля ўвайшла ў пятку, а выйшла каля калена, ушчэнт раздрабіўшы косці. Патрэбна была неадкладная дапамога хірурга, бо нават далёкім ад медыцыны людзям было зразумела, што без ампутацыі не абысціся. Партызанскі хірург знаходзіўся ў лагеры партызанскай брыгады імя Варашылава. I агледзеўшы Петрака, хірург Волах адкрыта сказаў яму: – Патрэбна ампутацыя і без прамаруджання… – ён змоўк, падбіраючы словы. – Але прыйдзецца табе крыху пацярпець, будзе балюча, але тут ужо нічога не зробіш – прыйдзецца табе пацярпець, інакш… а ты такі малады, табе яшчэ жыць і жыць…
Пятрок аблізнуў засмяглыя губы, паспрабаваў усміхнуцца.
– Калі інакш нельга, дык што ж – пацярплю, нічога…
Не сказаў толькі доктар, што крыецца за словамі «трэба крыху пацярпець, будзе балюча». Не было ў доктара ніякіх абязбольваючых сродкаў нават для мясцовага абязбольвання. Увесь хірургічны інструмент складаўся са скальпеля і… слясарнай пілы.
Пятрок вінавата ўсміхаўся, калі яго ўкладвалі на стол у зямлянцы, а чатыры «асістэнты» сталі па баках, гатовыя моцна трымаць параненага.
Волах падышоў да Петрака, злёгку паляпаў яго па плячы, падбадзёрваючы, і ціха сказаў:
– Ну, браток, дапамажы мне – пацярпі, а я паспрабую ўсё зрабіць як мага хутчэй!
– Пятрок згодна кіўнуў галавой і раптам папрасіў:
– Доктар, дайце шкляначку першачка, а то, можа, болей і не давядзецца…
Волах нічога не адказаў, моўчкі падышоў да невялічкай шафы, што вісела на сцяне, дастаў бутэльку і наліў з яе поўную шклянку моцнага, як спірт, двайной перагонкі самагону, што выкарыстоўваў замест медыцынскага спірту. Падаў шклянку Петраку. Ён прыўзняўся, зрабіў глыбокі ўдых, выдыхнуў і, не адрываючыся, выпіў да дна. Працягнуў парожнюю шклянку доктару, абцёр зваротным бокам далоні вусны, паклаў галаву на стол, парухаўся, укладваючыся ямчэй, і рашуча сказаў:
– Парадак! А цяпер шуруй, доктар!
Першым не вытрымаў адзін з «асістэнтаў». Як толькі пачуўся скрыгат пілы, якая перапілоўвала костку, ён збляднеў і, захістаўшыся, споўз на падлогу.
Пятрок ляжаў з заплюшчанымі вачыма, сцяўшы сківіцы. I толькі па кроплях поту, што гарохам высылалі на ілбе, можна было ўявіць, які нечалавечы боль ён церпіць.
Але, калі піла зачапіла жывы нерв, ірвануўся са страшэным крыкам, адкінуўшы памочнікаў хірурга.
Далечваўся Пятрок у партызанскім шпіталі. Неўзабаве Чырвоная Армія вызваліла гэтыя мясціны, і запрасіўся партызан на хутар да бацькі.
Надышла восень. Выйшаў першы раз на драўлянай назе на вуліцу, уздыхнуў на поўныя грудзі, агледзеўся, і так яму зрабілася самотна, бо знудзіўся без прывычнай сялянскай працы, што ніякай моцы няма!
Мужыкоў на вёсцы адзін-два – і лічыць няма каго. Ды і тыя, што былі – не першага гатунку, вайной мечаныя, а гаспадарку зруйнаваную ўздымаць трэба.
Накіравалі партызана на пярэдні край мірнага фронту старшынёй Талуцкага сельскага Савета. Цяжкі быў час. 3 чаго пачынаць? 3 кім? Забеспячэння, лічы, ніякага, зрэдку ў каго керасінавая лямпа з цэлым шклом захавалася, усё больш «кацюшы» – капцілкі са снарадных гільзаў. Неўзабаве ўтварылі калгас. I цяпер ужо не Петрака, а Пятра Антонавіча абралі старшынёй.
Нялёгка яму было кіраваць гаспадаркай. Тэхніка ў той час вядома якая – ніякай. Былі б ногі ў парадку, дык у сядло – і ўперад! Ды і ведаў спецыяльных, лічы, – ніякіх.
I папрасіў праз тры гады – гэта значыць у 1948 годзе, калі ў вёску вярнуўся з арміі хто-ніхто з рукамі і нагамі, пасаду ніжэйшую. Уважылі, пайшлі насустрач і даручылі жывёлагадоўчую ферму.
Васямнаццаць гадоў адпрацаваў Пётр Антонавіч на гэтай пасадзе. Але час не стаіць на месцы. Выйшаў на пенсію, а ў хаце не сядзіцца – усё жыццё сярод людзей. Пайшоў працаваць вартаўніком. Так і працуе ў сябе на радзіме ў вёсцы Талуць вартаўніком у калгасе.
Здараецца, шкадуючы яго, хто-небудзь пачне спачуваць: «I што ты здзекуешся з сябе? Няўжо ж ты не заслужыў, каб спакойна адпачываць? Няхай цяпер крыху маладзейшыя лепей папрацуюць…»
Ён не згаджаецца і адказвае: «Ніяк не магу! Кіну працаваць – і канец мне, доўга не працягну. Пакуль ад мяне якая-ніякая карысць людзям ёсць – буду працаваць».
У гэтым ён увесь, як на далоні – інвалід Вялікай Айчыннай.
…Мы сядзелі на беразе ласкавай Узлянкі, успаміналі даўно мінулыя гады свайго партызанскага юнацтва, сваіх баявых сяброў, што загінулі ў баях. Над лугам белым абрусам лажыўся туман. Ганна Андрэева ціха заспявала:
Ой, туманы мае, растуманы. Ой, радныя палі і лясы…
I над прыціхлай рэчкай, над лесам, дзе, быццам казачная птушка Фенікс, узняліся нашы зямлянкі, лунала партызанская песня, вяртаючы нас у тыя трывожныя гераічныя дні. I мы ўжо не з сівымі скронямі ветэраны, а бадзёрыя, поўныя моцы юныя народныя мсціўцы…
Фёдар ШКІРМАНКОЎ.
Фота прадастаўлена Ганнай ШЭПЕЛЕВАЙ









