Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

ДЗЕЦІ ВАЙНЫ

Магчыма, гэтыя жанчыны і не ведалі б адна адну, хоць і жывуць у адным горадзе. Але іх звяло агульнае мінулае – ваенныя жахі, перажытыя ў дзяцінстве. Столькі гадоў прайшло, а памяць не-не ды і вяртае ў тыя страшныя гады. Алена Сямёнаўна Наркевіч узначальвае ў нашым раёне грамадскае аб’яднанне ахвяр нацызму «Памяць вайны», членамі якога з’яўляюцца каля паўсотні чалавек, якія ў ваенныя гады былі вязнямі канцэнтрацыйных лагераў. Хіба можна забыць тое, што ім давялося перажыць? Хіба сатрэцца з памяці, як паміралі ад голаду і цяжкай працы родныя і блізкія? І ці забудзецца плач дзяцей, брэх сабак, крыкі фашыстаў? Гэта прыходзіць у снах, непакоіць і баліць… – Наша сям’я жыла ў вёсачцы Клоўсі, што на Рабуншчыне, – расказвае Алена Сямёнаўна. – Бацьку забралі ў польскую армію яшчэ ў 1939-ым. На рацэ Одэр ён трапіў у палон, быў вывезены ў Германію. Працаваў у баўэра, а пасля неяк падабраў момант і ўцёк. Дабраўся аж да нас, дамоў. Ды ненадоўга – неўзабаве немцы забралі ўжо ўсю нашу сям’ю і вывезлі ў Германію. Бацькі працавалі ў гаспадароў, мы, дзеці, дапамагалі ім. Было цяжка, галадалі… Памятаю, скончылася вайна, і мы аж два тыдні ішлі пешшу да граніцы – так хацелася дамоў. Прыйшлі ў родную вёску, а хата занята бежанцамі. Ледзь паверылі яны, што мы гаспадары, давялося мясцовай уладзе пацвярджаць гэта. І зноў голад, дапамаглі выжыць вяскоўцы – хто чым мог. Мама яшчэ ў Германіі захварэла на туберкулёз і ў пяцьдзясят гадоў памерла. А мы… Жылі сваёй працай, падымаліся на ногі, стваралі свае сем’і. Сёння, адзначае Алена Сямёнаўна, мы жывём дастойна, і пенсіянерам грэх скардзіцца на жыццё. І паважаюць іх, і пенсіі своечасова выплачваюць. Толькі жыві ды радуйся кожнаму новаму дню. Яшчэ адну жанчыну, пра якую хачу расказаць, завуць Святлана Васільеўна Гушчонак. Яна таксама актыўны член аб’яднання «Памяць вайны». І па яе дзяцінстве пракацілася страшная вайна… – Наша сям’я жыла ў пасёлку Высокае на Аршаншчыне, – прыгадвае Святлана Васільеўна. – Бацькі мелі васьмёра дзяцей, я з якіх была малодшай. Бацьку забралі на фронт. Памятаю, як наказваў ён нам дапамагаць маме і берагчы адно аднаго… Абяцаў вярнуцца. Ды не збылося – загінуў у 43-ім. А нас з мамай гітлераўцы адправілі ў Нямеччыну. Везлі як скаціну ў перапоўненым вагоне… Што давялося перажыць! Аж не верылася, калі дачакаліся Перамогі і вярнуліся дамоў. А тут чакала пахавальная на бацьку і непачаты край работы – трэба ж было ўсё аднаўляць ды адбудоўваць. Мы, дзеці, пераросткамі пайшлі ў школу. Самі паўгалодныя, не хапала сшыткаў і падручнікаў, а так хацелася вучыцца. І вучыліся, выходзілі ў людзі. Яны перажылі аднолькавае – варожы палон, таму маюць права гаварыць пра тую велізарную цану, якая заплачана за мірны дзень сёння. Пра гэта трэба памятаць усім, каб нешта падобнае не паўтарылася зноў. На днях Алена Сямёнаўна і Святлана Васільеўна адзначылі юбілейныя даты. Шчыра віншуем іх, жадаем усяго найлепшага ў жыцці. Дзякуй вам, шаноўныя, за актыўную жыццёвую пазіцыю, за перажытае.

Ірына БУДЗЬКО. Фота прадстаўлена Якавам ДРЭЕРАМ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 188 queries