«Хоць нічога лёгка не даецца, славу мы Радзіме здабылі…» Гэтыя радкі напісаны вядомым вілейскім аўтарам і выканаўцам сваіх песень Аляксандрам Высоцкім. А сам твор называецца «Гімн працы». Упершыню я пачула яго падчас мерапрыемства, пра якое хочацца напісаць. У нашым горадзе праходзіла выязное пасяджэнне прэзідыума Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, у склад якой уваходзіць і Вілейская раённая. Гімн, напісаны нашым земляком, настроіў удзельнікаў мерапрыемства на патрэбны лад, стварыў адпаведны настрой.
Правядзенне гэтага мерапрыемства на Вілейшчыне – гэта, безумоўна, для работнікаў культуры важная падзея. А яшчэ – і высокая адзнака іх працы, давер’е. У нас, як адзначалі выступаючыя – кампетэнтныя ў сваёй галіне людзі, – ёсць чаму павучыцца, ёсць на што паглядзець. Урэшце, знаёмства з бібліятэкамі і ўлюбёнымі ў сваю справу людзьмі, што тут працуюць; з цэнтрам эстэтычнага выхавання, яго кіраўніком Таццянай Захарыч, студыямі і калектывамі; Домам рамёстваў і мемарыялам «Зніклыя вёскі» яшчэ раз пацвердзіла, што віляйчане – людзі нераўнадушныя, творчыя, адданыя сваёй рабоце. Пра такіх кажуць, на сваім месцы, і кожны з іх робіць вялікую справу.
Само пасяджэнне праходзіла ў прыгожа адрамантаванай зале Вілейскай дзіцячай школе мастацтваў. Гасцей цёпла сустрэла дырэктар школы Наталля Сліжова. Пасля прысутных парадавалі ўзорныя калектывы «Адэліта» і «Камплімент», выступленні якіх прыемна ўсхвалявалі, абудзілі лірычныя пачуцці. А «Гімн працы» Аляксандра Высоцкага, наадварот, настроіў на дзелавы лад, стварыў адпаведны настрой.
Абараняць законныя правы і інтарэсы людзей – гэта, як адзначыла ў сваім выступленні старшыня Вілейскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры Вольга Шляпо, з’яўляецца самым галоўным у дзейнасці грамадскай арганізацыі. Галоўным жа накірункам работы Вольга Аляксандраўна лічыць умацаванне адзінства і салідарнасці прафсаюзнага калектыва, развіццё сацыяльнага партнёрства. Без цеснага ўзаемадзеяння, без наладжвання кантактаў немагчыма дабіцца станоўчых вынікаў у працы. І тут вялікая адказнасць ускладаецца на старшынь пярвічак, якія акумулююць вакол сябе калектывы. Гэта дзякуючы ім не застаюцца «за кадрам» хвалюючыя людзей пытанні, ствараецца адпаведная атмасфера ў калектывах. Гэта яны, кіраўнікі пярвічак, вядуць велізарную работу – арганізоўваюць, дапамагаюць, кансультуюць, пераконваюць.
– У нашых радах ёсць і моладзь, – адзначыла Вольга Шляпо, – якая думае крэатыўна і нестандартна, вызначаецца дзелавой хваткай і лідарскімі якасцямі. Іх актыўная творчая і грамадская дзейнасць заахвочваецца.
Вольга Аляксандраўна расказала пра вялікую работу прафсаюза ў мінулым годзе, акрэсліла задачы на будучы. А ён адметны вельмі важнымі юбілеямі: 70-годдзем вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захоп-нікаў, 110-годдзем прафсаюзнага руху Беларусі і 60-годдзем Беларускага прафсаюза работнікаў культуры. Акцыі, віншаванні юбіляраў, канцэрты, паездкі, спартыўныя спаборніцтвы, наведванні ветэранаў – гэта толькі частка мерапрыемстваў, у якіх удзельнічаюць і будуць удзельнічаць прафсаюзы.
Цікавым і змястоўным было выступленне начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргея Паў-лоўскага. Ён расказаў аб рабоце ўстаноў культуры і дадатковай адукацыі па рэалізацыі культурнай палітыкі ў раёне. Сетка ўстаноў галіны прадстаўлена 28 клубнымі ўстановамі, метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы, раённай бібліятэкай імя Ганны Новік (37 бібліятэк), дзіцячай школай мастацтваў з чатырма сельскімі філіяламі, краязнаўчым музеем. На вялікі жаль, апошнім часам гэта сетка скарачаецца. У мінулым годзе, напрыклад, зачынены Старынкаўскі, Журыхскі, Рэчкаўскі, Абадоўскі і Пагосцкі сельскія клубы, Кавалеўская сельская бібліятэка, клуб. У бягучым годзе плануецца закрыццё яшчэ пятнаццаці бібліятэк, двух клубаў… Менавіта гэта вельмі нераўнадушна ўспрынялі прысутныя. Дзе знаходзяць прымяненне сваім сілам і вопыту людзі, што трапілі пад скарачэнне? Што робіцца для таго, каб гэтая, шчыра кажучы, вельмі непрыемная і нават балючая з’ява прайшла для кожнага канкрэтнага чалавека менш балюча? На гэтыя пытанні адказваў дырэктар раённай бібліятэкі Мікалай Пацко. Гаварыў усхвалявана, спыняўся на кожным канкрэтным выпадку. А яшчэ – з болем за людзей і за прафесію, якую яны абралі і якой былі і застаюцца вернымі ўсё жыццё. Думаецца, і кожны з прысутных міжволі задаў сабе пытанне: няўжо сёння ў разрад непатрэбшчыны трапляе яе Вялікасць Кніга? І што ж тады будзе далей?
Было яшчэ многа цікавых выступленняў: і загадчыцы арганізацыйнага аддзела Мінскага гаркама прафсаюза работніка культуры Галіны Ляйко, і старшыні прафсаюзнай пярвічкі дзіцячай школы мастацтваў Таццяны Сірачук, і дырэктара Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раісы Вайцяхоўскай, і старшыні прафсаюзнай арганізацыі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Анатоля Акушэвіча. Гучалі словы падзякі, былі віншаванні актыўных прафсаюзных лідараў і многа іншых цікавых момантаў (адзін з іх – уручэнне тэлевізара ў падарунак Ізбіноўскаму Дому рамёстваў ад Мінскага гаркама прафсаюза работнікаў культуры). Прыемна ўразіла многае. За многае і многіх мы, віляйчане, можам сёння ганарыцца. І ўсё ж самае галоўнае, што, прымаючы пастанаўленне, удзельнікі мерапрыемства вырашылі ўнесці ў яго важнае дапаўненне: хадайніцтва перад аддзелам культуры як мага беражлівей адносіцца да тых работнікаў, хто трапіў пад скарачэнне. Больш таго, адзначыла Галіна Ляйко, прафсаюз работнікаў культуры звернецца з пісьмом да федэрацыі прафсаюзаў Беларусі з абгрунтаваннем праблемы аптымізацыі (а больш зразумела: закрыцця клубаў і бібліятэк, скарачэння людзей, якія там працавалі), каб на высокім узроўні звярнуць увагу на праблему і вырашаць яе разумна, беражліва адносячыся да людзей. Мне думаецца, гэта яшчэ адно яскравае пацвярджэнне, што галоўная задача прафсаюзаў – разбірацца, знаходзіць ісціну ў няпростых сітуацыях, а дакладней, абараняць інтарэсы і правы сваіх членаў. Не на словах, а на справе. Як і робіць гэта прафсаюз работнікаў культуры.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара






