Здавалася б, пра вайну мы ведаем літаральна ўсё. Хоць наўрад ці магчыма гэта – ведаць усё-усё да драбніц. Таму не-не ды ўсплывуць іншы раз эпізоды тых страшных гадоў, пра якія раней і не чула. Вось і яшчэ адзін, прыгаданы віляйчанінам Якавам Дрэерам і дапоўнены былой настаўніцай, супрацоўнікам гісторыка-краязнаўчага музея Марынай Барташэвіч, вельмі зацікавіў. Гэта расказ пра сям’ю Абалевічаў з Тураўшчыны, якая ў гады вайны хавала ад фашыстаў яўрэйскую дзяўчыну. Толькі вось выратаваць яе не ўдалося… Расстралялі ворагі і сям’ю-выратавальніцу. І сёння ёсць на могільніку ў Тураўшчыне магіла з надпісам: «па-зверску забіты фашыстамі ў 1943 годзе». Тут пахаваны муж і жонка Абалевічы з малымі дзеткамі.
Але ёсць яшчэ і сведкі тых страшных падзей. Адна з іх– Глафіра Сямёнаўна Пескавая з Нарочы. У вайну яна была ўжо падлеткам, таму ў памяці захавалася многае. Што сёння робіцца, іншы раз не ўспомніш, дзеліцца бабуля, а тое…
Адкуль і як прыгожая яўрэйская дзяўчына з’явілася ў хаце солтыса Абалевіча, невядома. Магчыма, разважалі людзі, ёй удалося выратавацца ад гібелі, калі ў сорак другім фашысты знішчалі ў Куранцы яўрэйскае гета. Бегла, відаць, праз лес, трапіла ў Тураўшчыну і папрасіла паратунку ў крайняй хаце, дзе якраз і жылі Абалевічы. Так ці інакш, а пэўны час прыгожая яўрэечка жыла ў гэтай сям’і, яе бачылі тыя, хто збіраўся тут «на сяло». Хлопцы, старэйшыя і падлеткі, на дзяўчыну глядзелі закаханымі вачыма. Яно і не дзіва – прыхажанка і сапраўды была прыгожай.
– Не памятаю дакладна, які гэта быў месяц, але стаяла спякота, – расказала пра тыя далёкія падзеі Глафіра Сямёнаўна. – Кароў у поле з-за гарачыні ганялі на раніцу… Хто і як данёс немцам пра яўрэйскую дзяўчыну, невядома, толькі прыляцелі яны на машыне, з аўтаматамі. Гаспадара якраз не было дома, казалі, што пайшоў у грыбы, таму старэйшага сына адправілі знайсці бацьку. Той пабег, гукаў-гукаў, наказаў бацьку, а сам недзе забавіўся з дзецьмі. І толькі дзякуючы гэтаму выжыў…
А на падворку Абалевічаў у Тураўшчыне тым часам разыгралася сапраўдная трагедыя… Маладая яўрэйка, зразумеўшы, што прыехалі за ёй, кінулася праз агарод да жыта, якое пачыналася адразу за плотам. І каб не варотцы, зашчэпленыя на кручок, дзяўчына, магчыма, і ўратавалася б. Усяго на хвіліну замешкалася яна з тымі варотцамі, усяго некалькі крокаў аддзяляла яе ад таго выратавальнага жыта…
– Застрэлілі яе з аўтамата, – успамінае далей Глафіра Сямёнаўна. – Мы, цікаўныя падлеткі, бегалі пасля глядзець… Цела ляжала ніц, як цяпер бачу стройныя дзявочыя ногі…
Расправіўшыся з ёй, фашысты расквіталіся і з сям’ёй Абалевічаў. Гаспадара, яго жонку і дваіх малых дзетак вывелі ў хлеў і там расстралялі.
– Мы, дзеці, і іх трупы бачылі, – прыгадвае мая суразмоўца. – Урэзалася ў памяць, што гаспадыня чамусьці была ў ватоўцы. Напэўна, немцы загадалі ім кудысьці збірацца… Ніколі не забудуся і як ляжала малая дзяўчынка, здаецца, звалі яе Генечкай – крыжыкам, раскінуўшы ручкі…
На другі дзень, узгадвае сведка тых страшных падзей, на падворку Абалевічаў стаялі дзве труны, у якіх, побач з бацькам і маці, ляжала па дзіцятку… Іх пахавалі на могілках у Тураўшчыне. Пасля вайны, калі дырэктарам гаспадаркі быў Яўген Мірановіч, магіла была добраўпарадкавана, на ёй паставілі помнік.
Яўрэйская ж дзяўчына, прыгадвае Глафіра Сямёнаўна, была пахавана на выгане непадалёк ад лесу. Хто яна, адкуль, чыя дачка, сястра – невядома. Магчыма,і сёння яшчэ жыве нехта з яе родных, жыве і не ведае, як трагічна абарвалася тое маладое жыццё…
З таго часу мінула сем дзясяткаў гадоў. Наўрад ці ўзгадае сёння нехта дакладна, дзе была пахавана дзяўчына – час непазнавальна змяніў мясціны. Ды і амаль не засталося ўжо сведак тых падзей. Вось і Глафіра Сямёнаўна Пескавая даўным-даўно – больш за шэсць дзясяткаў гадоў – жыве не ў Тураўшчыне, а ў Нарочы. Але яе памяць непадуладна часу. Вось і расказанае ёю пра трагедыю ў Тураўшчыне далёкім летам сорак трэцяга, – сведчанне тых жахаў, якія выпала перажыць людзям у тую вайну. А яшчэ і сведчанне гераізму простых вяскоўцаў, якія ў той страшны час працягнулі руку дапамогі чалавеку, заплаціўшы за гэта самай дарагой цаной – жыццямі. Сваімі і сваіх маленькіх дзетак.
Нядаўна пабывала ў Тураўшчыне. Мясцовыя жыхары паказалі магілу Абалевічаў на старым могільніку. Захавалася яшчэ і хата, дзе жыла сям’я і хавала ад фашыстаў яўрэйскую дзяўчыну…
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара









