Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Установы адукацыі раёна пакінулі 326 выпускнікоў

Вы – на шляху вялікіх перамен, – сказала, звяртаючыся да ўдзельнікаў свята выпускнікоў старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч. – Вам прадстаіць знайсці сябе, стаць сапраўднымі прафесіяналамі. – Колькі такіх наказаў, пажаданняў пачуюць маладыя ў гэтыя хвалюючыя і лёсавызначальныя для іх дні… І на парозе дарослага жыцця найбольш шчыра прагучаць яны з вуснаў тых, хто прыйшоў праводзіць маладых на шырокі прастор жыцця. Хто з хваляваннем назіраў шэсце іх па плошчы, што свята беражэ людскую памяць і з’яўляецца сімвалам нашай свабоды і незалежнасці. У інтэр’еры свята – ноу-хау: арка, уваход у якую абрамлены каскадам рознаколерных паветраных шароў. Тых, што, як і юныя, рвуцца ў палёт, смела пераадольваючы сілу зямнога прыцягнення.
Дзе тая мяжа, адкуль дзяцінства пераходзіць у маладосць? Кожны з нас па-свойму яе ўсведамляе. Але атэстат аб сярэдняй адукацыі – гэта дакумент, што афіцыйна пацвярджае тваю даросласць, тваё права на самастойныя ўчынкі і рашэнні. У сцэнарным плане свята – яшчэ адно навацыя, прадуманая яго арганізатарамі. Шэсце выпускнікоў суправаджаецца дыктарскім тэкстам, у якім вядучыя даюць характарыстыку кожнай навучальнай установе, прадстаўнікі якой што ўрачыстым маршам уступаюць па плошчу.
Установы адукацыі раёна пакідаюць сёння 326 выпускнікоў. Іх яркае сузор’е – на святочнай плошчы. Вітае маладых начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Пуцэйка. Ён, а таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч і намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга ўручаюць выпускнікам медалі і пацвярджаючыя іх вартасць атэстаты, падзякі бацькам за выхаванне, прывітыя дзецям навыкі працавітасці, цягі да пазнання свету. Ні з чым непараўнаныя хвіліны бацькоўскага гонару. Няхай працягнуцца яны на доўгія і доўгія гады,і гэты працаю здабыты медаль стане надзейнай цаглінай у падмурку станаўлення асобы, сцвярджэння яе ў вялікім і не заўсёды спрыяльным свеце.
Ускладзены кветкі да помніка воінам -вызваліцелям. Прагучалі словы ўдзячнасці ад імя выпускнікоў і бацькоў.
Мелодыя вальса запаланіла наваколле. Таго самага традыцыйнага, школьнага, які ахінае маладосць трапяткой тайнай першага пачуцця, які запомніцца нясмелым дотыкам рук і акаляючай квеценню светлага летняга дня.
Як заўсёды, надае падзеі неабходную ўрачыстасць аркестр дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Валерыя Чычуліна. І за лёгкай, нібы зваянай з разнаколернага паветра аркай, адчыняецца шлях ў жыццё, да мэты, якой ужо сёння ахоплены юныя сэрцы.

Нехта з іх так і скажа, развітваючыся з сябрамі ўсяго толькі на одно, надзіва кароткае лета. А нехта з горыччу і сумам прамовіць: бывай, школа. Не гледзячы на юны ўзрост, дзевяцікласнікі ўжо здзясняюць свой жыццёвы выбар. Сярод іх і тыя, хто сабраўся ў мінулую сераду на выпускны вечар у актавай зале сярэдняй школы №1. Навучальная ўстанова ўступіла ў час сваёй сталасці. Калі падыходзіць да яе ўзросту з меркаю чалавечага жыцця. Хутка ёй споўніцца 70 год. Пад уражаннем гэтай даты сёння жыве настаўніцка-вучнёўскі калектыў школы. Можна прыбавіць – і бацькоўскі таксама. Па сведчанні дырэктара Іны Віктараўны Крышкоўскай,цеснае супрацоўніцтва гэтага трохкутніка дае дастаткова станоўчы вынік. Няма праблем з рамонтам класных пакояў. Як сапраўдныя дызайнеры, вучні і іх бацькі спрачаюцца аб колеры шпалераў, аргументуюць неабходнасць наяўнасці іншых значных элементаў інтэр’еру. Чый клас будзе лепшым? – гэта пытанне глыбока турбуе кожнага. І атрымоўваецца: кожны паасобку харошы. За праект па рабоце з сацыяльна-праблемнымі сем’ямі школа атрымала фінансавую падтрымку з аўстрыйскага Чырвонага Крыжа. А менавіта цяпер, у межах праграмы «Лета», у школе арганізаваны патрыятычна-аздараўленчы лагер. І гэта азначае, што вучні маюць магчымасць заняцца вывучэннем гістарычнага матэрыялу, як кажуць, на мясцовасці, дапоўніўшы тэарэтычны багаж практычнымі навыкамі. Будзе паездка ў Ляскі і сустрэча з маці загінуўшага воіна-інтэрнацыяналіста Мікалая Каляды. Запланавана наведванне лініі Сталіна. Школа цесна супрацоўнічае з раённай арганізацыяй ДТСААФ і мясцовым аб’яднаннем воінаў-інтэрнацыяналістаў. Сімвалічная «Брыганціна» штодня ў падарожжы, штодня рыхтуе вучням адкрыцці, расчыняючы перад імі далягляды пазнання.
«Вясёлка добрых спраў» – праект, які рэалізуецца ў школе ў рамках праграмы «Лета». І назва яго сама за сябе гаворыць. Ужо няма адбою ад жадаючых пабыць напрыканцы лета ў палатачным лагеры.
Скончацца канікулы, – і школа стане сапраўднай «Планетай здароўя». Гэта чарговы праект, датасаваны да шостага школьнага дня. Будуць калектыўныя выхады на прыроду, сумесныя з бацькамі «Спартландыі», сустрэчы з урачамі і шчырыя гутаркі на тэму «Курыць – не курыць» і па праблемах іншых заганных звычак, якімі сёння, нажаль, злоўжывае грамадства. Усё гэта будзе для тых, хто застанецца. Хто вырашыў пусціцца ў самастойную вандроўку па жыцці – можа спыніць выбар на вілейскім прафесійна-тэхнічным каледжы. Тым больш, што размешчаны ён побач, а паміж дзвюмя навучальнымі ўстановамі існуе дагавор па прафарыентацыі.
…У сцэнарным плане выпускнога вечара дзевяцікласнікаў – прывітанне дырэктара школы Іны Віктараўны Крышкоўскай і ўручэнне пасведчання аб атрыманні базавай адукацыі. Абодва дзявятыя класы, з дапамогай сваіх класных – Наталлі Іванаўны Мароз і Таццяны Валер’еўны Ганінай арганізавалі кароткія, але дастаткова поўныя прэзентацыі вучняў, не пазбаўленыя лёгкага гумару і добразычлівасці.
Першыя настаўніцы – Вольга Уладзіміраўна Чур і Таццяна Аляксееўна Садовіч. Яны прымалі іх смешных і разгубленых, падобных няўклюдных медзведзянят. А сёння вітаюць грацыёзных, па даросламу стрыманых, шчаслівых сваёй школьнай юначай вясной. Няхай спрыяюць вам лёс і Неба, няхай мацуюць яшчэ кволыя крылы для доўгіх жыццёвых пералётаў.
Марыя КУЗАЎКІНА. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries