Па-святочнаму прыбраная тэрыторыя ля мясцовага клуба гасцінна сустрэла ўсіх, хто ў гэты дзень вырашыў тут пабыць. Прыйшлі не толькі мясцовыя жыхары, але і госці з суседніх населеных пунктаў.
Маладзенькія бярозкі з клейкімі зялёнымі лісцейкамі… Менавіта з імі асацыіруецца ў нас Сёмуха. Свежасць, прыгажосць, маладосць, цнатлівасць… Гэта і вы, бярозкі-прыгажуні, і вы, дзяўчаткі ў нацыянальных строях. Як падобныя адно да аднаго, як удала дапоўнілі і зрабілі адметным, зразумелым кожнаму гэты светлы дзень!
Адкрывалі яго віншавальнымі словамі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Паўлоўскі і старшыня Крывасельскага сельсавета Ірына Супрановіч. А затым перад гледачамі разгарнулася тэатралізаванае дзейства: у імправізаваную хату да гаспадароў прыйшлі дзяўчаты, сярод якіх была і Дзяўчына-Куст, і са словамі «Прыйшлі мы да вас з вялікім гуртом, зараз песні траецкія вам прапяём!» пачалі спяваць традыцыйныя абрадавыя песні. Далей дзеянне разварочвалася каля бярозак, дзе дзяўчаты са Сцешыц паказалі фрагмент абрада «Кумленне бярозкі».
Канцэртную праграму склалі нумары лепшых калектываў аматарскай мастацкай творчасці: Вілейскага Палаца культуры, аўтаклуба, Любанскага цэнтра культуры і вольнага часу, Сцешыцкага, Куранецкага, Ільянскага, Іжскага, Лыцавіцкага, Шылавіцкага, Даўгінаўскага, Нарачанскага, Людвіноўскага, Карпавіцкага сельскіх Дамоў культуры; Селішчанскага, Бубнаўскага і Ерхаўскага сельскіх клубаў. Цудоўныя выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва былі прадстаўлены калектывамі раённага Дома рамёстваў, Каловіцкага Дома майстроў, Лыцавіцкага, Забалацкага, Крывасельскага сельскіх Дамоў культуры і Ерхаўскага сельскага клуба. Салодкая выпечка была падрыхтавана Мацькаўскім і Рабунскім сельскімі клубамі. Маленькіх ерхаўчан радавала пляцоўка з цікавымі атракцыёнамі. На свяце працавалі і гандлёвыя рады.
Па добрай традыцыі на раённым свяце ўшаноўваліся пераможцы конкурсаў на лепшы падворак (а імі прызнаны сем’і Кайданік і Пунінскія) і на лепшае добраўпарадкаванне тэрыторыі (граматы і прыза ўдастоены калектыў мясцовага дзіцячага садка). Не забыліся павіншаваць самую старэйшую жыхарку аграгарадка (92-гадовую Марыю Мікалаеўну Чайкоўскую) і самага юнага – Уладзіка Юркевіча, якому споўніўся месяц. Шчыра і цёпла звярталася да ерхаўчан Ірына Супрановіч, уручала ім падарункі і дыпломы.
Бягучы год для ўсіх нас адметны – мы адзначым 70-годдзе вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. На раённым свяце не забыліся пра жыхара Ерхаў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Іпаліта Аляксандравіча Хаванскага і ўручылі яму падарунак.
Традыцыйным падвядзеннем вынікаў раённага агляду-конкурсу аматарскай мастацкай творчасці «Святы. Звычаі. Абрады… Запрашаем – будзем рады». І вось яны, пераможцы, якіх цёпла павіншаваў Сяргей Паўлоўскі: Дыпломамі за далучэнне дзяцей і моладзі да традыцыйнай культуры беларусаў узнагароджаны Любанскі цэнтр культуры і вольнага часу і Селішчанскі сельскі клуб; за аднаўленне, вывучэнне і вяртанне ў практыку разнастайных форм фальклору ўзнагароджаны Нарачанскі Дом культуры; за захаванасць мясцовага мастацкага стылю – Ільянскі; за адпаведную стылістыку рэжысуры нумароў і праграмы – Людвіноўскі Дом культуры.
Нават дожджык, які прынеслі рэдкія хмаркі, не змог перашкодзіць святу. Яно гуло хораша: спяваў гурт «Бабіна лета»; аж рвалі ад смеху жываты гледачы ад выступленняў бабулі, якая расказвала пра паездку ў горад; ад душы танцавалі «лысага» ды «кракавяка» і нават глядзелі і слухалі «Пугачову» і «Кабзона»… Было многа вясёлага, цікавага, пазнавальнага, а карацей – было сапраўднае свята, пра якое няпроста расказаць. Яго трэба бачыць.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлены Палацам культуры