Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Тысячу тон сенажу ўжо нарыхтавалі ў ААТ «Новая Вілія»

– Тры дні таму скасілі, а ўжо, бачыце, атава адрасла, – Сяргей Красоўскі, кіраўнік тройчы ўзбуйненага акцыянернага таварыства «Новая Вілія», праводзіць гэту своеасаблівую прэзентацыю сенакосных угоддзяў сельгаспрадпрыемства. – Да 15 чэрвеня на вязынскім вытворчым участку возьмем першы ўкос. А там і да другога прыступім. Тут у нас многа ранніх злакавых траў…
Атава буяе на правым баку дарогі, на левым – сляды ад толькі што ўбраных пакосаў.

– Звезлі ў сянажную траншэю. Утрамбавалі і закрылі па ўсіх правілах. Тысячу тон сенажу каля фермы «Ясьманаўцы» ўжо маем, – каменціруе сітуацыю кіраўнік таварыства. На нібыта амытым нядаўнім ліўнем гарызонце выяўляецца сілуэт «Беларуса» з касілкай, прыкрытай зялёным брызентавым чахлом. Агрэгат спыніўся на сенажаці, часова выйшаўшы з рабочага рытму.
– Напэўна, Уладзімір механізм касілкі аглядае. Хоць чахол прыкрывае ад механічных пашкоджанняў, але ўсякае здараецца, – выказвае слушную здагадку Сяргей Ігнацьевіч.
– Ага, – адарваўшыся ад маніпуляцый з касілкаю, механізатар Уладзімір Мандрык улавіў канец нашай размовы.
– Было аднойчы – нож сарваўся. Дык кола чуць не напалам разарваў.
Каб процідзейнічаць нечаканасцям, Уладзімір да сезона падрыхтаваў для касілкі новае ахоўнае палатно. Узамен таго, што знасілася.
– Гэта ўсё Ваша работа? – абводжу позіркам далягляд, на якім высцеліліся, нібы палавікі ў хаце дбайнай гаспадыні, роўныя мурожныя пакосы.
– Мая і Віталія Сакалоўскага, – не жадае браць на сябе прыярытэт наш суразмоўца. – Сёння дождж, дык Віталій на базе тэхабслугоўванне робіць.
– Выкарысталі такім чынам час, бо не можам нарушаць рэгламент па вільгаці.
– А такі існуе?
– Ну, а як жа: калі вільгаць зашкальвае за 60 працэнтаў, такая маса для сенажу ўжо непрыгодная, – праводзіць са мной своеасаблівы тэхналагічны лікбез Сяргей Ігнацьевіч. Пра сябе ўпотайкі адзначаю, як гарманіруе з сітуацыяй вядомая прымаўка: век жыві – век вучыся.
– У нас цяпер працоўны дзень у чатыры гадзіны раніцы пачынаецца, – падкрэслівае механізатар важнасць моманту. – Ужо сотні паўтары гектараў скасілі. І без прастояў. Усю тэхніку перад касьбой абкаталі ў полі. Дзе якія паломкі здарыліся – ліквідавалі. Цяпер – надзейная.
Уладзімір Мандрык – паважаны ў таварыстве механізатар. Яго жонка працуе тут жа дыспетчарам і адказвае за стан ідэалагічнай работы.
– І ў калектыве, і дома таксама, – на развітанне жартуе Уладзімір, адчыняючы дзверцы кабіны.
На мехдвары вязынскага вытворчага ўчастка нас сустракае Васіль Найдзін. Намеснік дырэктара акцыянернага таварыства, – так ён прадстаўляецца і адразу бярэ ў свае рукі ініцыятыву рэалізацыі журналісцкай зацікаўленасці справамі мясцовых кормавытворцаў.
З Віталем Сакалоўскім, «механізаваным» касцом, мы ўжо завочна знаёмы са слоў яго напарніка. Ён, разам са зваршчыкам Уладзімірам Кошалем, корпаецца ў механізме касілкі.
– Падшыпнік будзем мяняць, – каменціруе, на момант адарваўшыся ад справы. Цікава, што па прафесіі Віталій – ветурач. Гады са два ім і працаваў. Ды гены, як кажуць, пальцамі не прыдушыш. Вагаўся-вагаўся – і ўрэшце вызначыўся з выбарам: пайшоў па слядах бацькі, былога калгаснага механізатара.
– Спрабаваў сябе яшчэ ў лясной гаспадарцы. А пасля махнуў на ўсё рукой. Араць, сеяць, касіць навучыўся. Шэсць год ужо, як я – механізатар. Летась атрымаў, праўда, на канец жніва, новы збожжаўборачны камбайн, – хоць чуць не праз год, але з задавальненнем, дзеліцца Віталій сваёй стрыманай радасцю.
Каля граблей, унутры мехмайстэрань, завіхаецца Уладзімір Агурчонак. Пастаўлены на тэхабслугоўванне і падборшчык Уладзіміра Шчаковіча. Усяго, па сведчанні Васіля Найдзіна, у мехатрадзе задзейнічаны тры падборшчыкі, двое граблей, тры касілкі. Дзевяць тэхнічных адзінак заняты на адвозцы здробненай масы да сянажных траншэй. Трамбоўка яе вядзецца кругласутачна. Таму ў дыспетчарскай мы бачым графік дзяжурства там спецыялістаў. З мэтай кантролю за працэсам – удакладняе Васіль Найдзін. Для начной трамбоўкі створана спецыялізаванае механізаванае звяно.
– А вось і змена наша падыйшла, – ківае Васіль Мікалаевіч у бок юнака, які з мотакасой у руках рухаецца ў напрамку мехдвара. – Гэта сынок нашага Валодзі Шчаковіча, практыку ў нас праходзіць. Пераддыпломную. Выпускнік вілейскага прафтэхкаледжу. Бачыце, тэрыторыя ў нас абкошана. Гэта яго справа.
Каля двух тысяч сямісот галоў жывёлы будуць карміць тут у стойлавы перыяд. Гэту ўнушальную лічбу называе галоўны ветурач таварыства Пётр Валовік.
– Захаваем тэхналагічны рэгламент – атрымаем вынік, – акрэслівае і для гаспадаркі, і для сябе задачу спецыяліст.
– Некалі мне давялося ва Украіне працаваць, – здаецца, зусім не ў тэму пачынае дзяліцца Сяргей Красоўскі. – Колькі год таму там ужо не было парадку. Палітыкі казалі: дэмакратыя. А выйшла – анархія. Наш Прэзідэнт – за дысцыпліну. Самую жорсткую. І гэта – правільна. Лепш многа працаваць, чым многа ваяваць…
І варта пагадзіцца са словамі майго суразмоўцы. Бо прагучалі яны ва ўнісон сённяшняму настрою людзей, сэнсу ўсяго, што сказана было кіраўніком нашай дзяржавы падчас нарады ў Смалявіцкім раёне. Дысцыпліна стварае парадак. І дае той станоўчы вынік, на які сёння працуе вёска. У тым ліку і адкрытае акцыянернае таварыства «Новая Вілія».
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

/p

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 127 queries