– Падсохла ўжо, – брыгадзір Артур Шпель падняў жменю сухой травы і колькі хвілін перабіраў рукамі ўжо страціўшыя свой першародны колер попельна-шэрыя пасмачкі. Скошаныя тры дні таму, яны дайшлі да кандыцыі, нават не зважаючы на частыя дажджы. Спёка і вільгаць – адметныя рысы сёлетняга маю. Хто проста цікавіцца зводкамі пагоды, напэўна, заўважыў, што па тэмпературнаму рэжыму мы ўжо абагналі нават далёкія паўднёвыя краіны.
– І праўда, сухое… – працягвае дыялог механізатар Аляксандр Даўгучыц. Гэта ён ссунуў скошаную траву ў роўныя шарэнгі падрыхтаваных для прэс-падборшчыка пластоў. Яго «Нарачанскія зоры» набылі летась, недзе пад канец першага ўкосу. Але паспелі яшчэ ўпакаваць у шчыльную палімерную плёнку 870 тон сенажу. Сёлета запланавана назапасіць такім спосабам паўтары тысячы тон. Памятаецца, як Генадзь Кучко, кіраўнік акцыянернага таварыства, імкнуўся даходліва растлумачыць тады аўтару гэтых радкоў сутнасць тэхналагічнага працэсу:
– Агуркі ў слоік закатвалі? Ну,вось і трава падобным чынам кансервуецца. Галоўнае, каб паветра ў рулон не пранікла. Тады, лічыце, корм прапаў.
Сёння мы з галоўным аграномам «Нарачанскіх зораў» Віктарам Драчылоўскім назіраем гэты самы працэс «кансервацыі». Праўда, прэс-падборшчык шматфункцыянальны. Пакінуўшы за сабой на суседнім палетку туга загорнутыя ў плёнку цыліндры, якія, пераламляючы цераз гладкую паверхню сонечныя промні, адліваюцца вясёлкавымі адценямі, ён прыступае да ўборкі сена.
Механізатар Мікалай Вішнеўскі спрабуе мне, далёкаму ад тэхнікі чалавеку, схематычна растлумачыць прынцып работы прэс-падборшчыка. Удаецца засвоіць, што механізм высокапрадукцыйны, згодна вільготнасці масы, камп’ютарнае ўпраўленне дазваляе рэгуляваць шчыльнасць масы. Што на кожны рулон запакаванага ў сетку сена ідзе да сотні метраў шпагату. Сена не закрываецца герметычна, як сянаж. Проста ўшчыльняецца.
– Ды так, што ніводная кропля дажджу не пранікне ўнутр «кокана», – удакладняе Віктар Драчылоўскі. – І гэта не зважаючы на тое, што плёнка гіграскапічная.
– Дарагаваты працэс атрымоўваецца, – спрабую перавесці размову на рэйкі эканомікі. Тым больш, што наконт кошту новай тэхналогіі даводзілася чуць самыя розныя, часта супярэчлівыя, думкі.
– А тут Вы памыляецеся, – не пагаджаецца Віктар Уладзіміравіч. Паверце, у сваёй гаспадарцы мы ўмеем лічыць (хто б сумняваўся – Аўт.) – Прадукцыйнасць прэса 100-140 тон у дзень. Падвезці да траншэі гэту масу – адзінак шэсць тэхнікі трэба задзейнічаць. А яшчэ – два падборшчыкі, потым – укатка, трамбоўка… Такі вось расклад. А між іншым, эфект ад свайго кансерваванага корму мы летась атрымалі. Надоі бачна падняліся. Я не заатэхнік, але такія рэчы і аграному трэба ведаць…
Напэўна, у «Нарачанскіх зорах» тым і ўмеюць гаспадарыць, што кожны спецыяліст, адказваючы за свой канкрэтны ўчастак работы, бачыць у цэлым перспектыву развіцця гаспадаркі.
Сёння наконт гэтай перспектывы інфармуе галоўны аграном. Віктар Уладзіміравіч заўсёды ўражваў мяне як знаўца тэорыі агранамічнай навукі і адначасова – грунтоўны практык, які ўмела прымяняе ў жыцці атрыманы некалі ў ВНУ багаж ведаў. Толькі таго багажу сёння ўжо недастаткова. Ён – аснова, стрыжань, на які нанізваюцца новыя тэорыі навуковых даследванняў. Для наступнага іх практычнага прымянення.
Шыроказахопную касілку і граблі («кронаўскія») Віктар Драчылоўскі сам выбіраў на сельскагаспадарчай выставе ў Мінску. І набывалі іх без усялякай растэрміноўкі плацяжоў. Пайшлі на выдаткі. Затое і эфект ёсць. Як і ад “польскай” касілкі, таксама некалі набытай на выставе. Яна адразу кладзе траву ў валкі. Падвяліцца – і пускай падборшчык. З цыклу выключаюцца граблі. Яўны эканамічны эфект. Кармавых угоддзяў у таварыстве дастаткова. Размешчаны яны ўсе на меліяраваных землях. І каб не зацягваць корманарыхтоўкі, тут клапоцяцца аб пастаянным абнаўленні і тэхнічным забеспячэнні кампаніі. «Кронаўскія» граблі, з якімі працуе Аляксандр Даўгучыц, мы ўжо бачылі на сенажаці.
– Ёсць яшчэ двое айчынных, лідскіх. Яны таксама ў рабоце, – запэўнівае Віктар Драчылоўскі.
Не магу схаваць эмоцый, назіраючы буйны травастой нарачанскіх сенажацей. Шчыльнай сцяной ён узнімаецца паабапал меліярацыйных канаў у ваколіцах вёскі Мацавічы. Падковай ахоплівае сенажаць сцяна сасновага бору ўперамежку з кустоўем і далікатным паркалем майскіх бяроз… Клопат аб кармавой базе ў сапраўдных гаспадароў – спрадвечны. Сёлета толькі пасеяна на насенне 46 гектараў люцэрны і 12 – донніка, 120 – злака-бабовых сумесей (канюшыны – з цімафееўкай).
– Калі вядзецца перазалужэнне, – раскрывае свае прафесійныя сакрэты Віктар Уладзіміравіч, – заўсёды дабаўляем у злакавыя пяць кілаграмаў насення канюшыны. Культура спрадвечна сялянская. Выдаткі на яе мінімальныя. Пасееў, правёў ахоўную апрацоўку – і ўсе справы.
Гаспадарка пастаянна практыкуе падсеў канюшыны пад ячмень. Мы аглядаем палетак, дзе густыя парасткі збожжавай культуры хаваюць зваяныя прыродай разныя лісточкі ўсходаў канюшыны. Ячмень убярэцца, яны застануцца. Недзе на пачатку верасня сенажаць будзе падкошана. А вясной – гатовы канюшынны палетак.
– Тэхналогія ў нас адпрацаваная, – рэзюмуе Віктар Уладзіміравіч, спыняючы аўтамабіль яшчэ каля аднаго палетка, дзе парасткі канюшыны ўжо згортваюцца ў бутоны.
– Зацвіце – будзем касіць, – дзеліцца тонкасцямі тэхналогіі галоўны аграном.
На палетку за Папоўцамі адцвітае азімы рапс. Культура толькі што адпалымнела жоўтымі, падобнымі на вогненныя языкі, суквеццямі. Вось-вось выпырсне вонкі прадаўгаватыя,завостраныя на канцах шабелькі-плады. Палетак пацярпеў ад марозу. Усходы выйшлі на свет нежыццёвымі, кволымі, здавалася, безнадзейнымі. Вярэдзіла думка аб перасеве. Але… аграном паверыў ва ўнутраную сілу зямлі. Адна падкормка, другая… Зямля аддзячыла чалавеку за веру.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара