– Я – вязень фашызму, – яшчэ не стары, у святочным гарнітуры мужчына моўчкі пазіраў на полымя вечнага агню. Мітынг на плошчы Свабоды павінен быў пачацца хвілін праз дваццаць – і ён адзін пакуль заняў месца на лаўцы для запрошаных. Да нашай гутаркі зацікаўлена прыслухоўваліся хлопчыкі, якім узрост ужо дазваляў самастойна, без бацькоў, прыйсці на ўрачыстасць. І гэтая натуральная цікавасць падлеткаў, па ўсім бачна, прыемна хвалявала майго суразмоўцу, дазваляючы думаць, што будучыня заўсёды будзе мець у мінулым свае моцныя карані. Родам з Браншчыны, у Вілейку Аляксандр Чэпелаў трапіў з фашысцкага канцэнтрацыйнага лагера, калі акупанты спалілі вёску. Сёння яна, праўда, адноўлена. Але Аляксандр Іванавіч прыжыўся на Беларусі. Роўна сорак год адпрацаваў вадзіцелем у грузавым аўтапарку. І былы калектыў штогод, у Дзень Перамогі, ушаноўвае яго як ветэрана працы і чалавека, на чыім лёсе глыбокі і вечны след пакінула вайна.
…Гірлянда жывой зелені ўскладзена ваеннаслужачымі радыёстанцыі «Антэй», якая належыць Ваенна-Марскому флоту Расіі, да падножжа помніка загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне жыхарам Вілейшчыны. Цырымонія становіцца пачаткам свята. А яшчэ – сімвалам гістарычнай еднасці двух братніх народаў, якія змаглі выстаяць і перамагчы ў той кравапралітнай вайне.
Гучыць памінальная малітва. Яна прысвечана памяці загінуўшых – воінаў, бязвінных ахвяр вайны. У Бога няма мёртвых, – мітрафорны пратаіерэй Сімяон Мацюх яшчэ раз нагадвае прысутным аб гэтым важнейшым пастулаце хрысціянства. Ля акропленага святой вадой пастамента – жывыя кветкі, неўтаймаванай палаючай птушкай б’ецца вечны агонь. Пралог яго – свечкі, што барвовым святлом акаймляюць гірлянду.
Са святам Вялікай Перамогі ветэранаў і ўсіх прысутных віншуе старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Кот:
– Дарагія ветэраны! Прыміце шчырыя словы падзякі і прызнання за ваш уклад у перамогу над ворагам, за наш сённяшні светлы і мірны дзень. Нізкі паклон вам, адважныя франтавікі, партызаны і падпольшчыкі, мужныя працаўнікі тылу, дзеці вайны. Сёння мы звяртаемся да выжыўшых вязняў фашысцкіх канцлагераў і раздзяляем боль страт з роднымі і блізкімі тых, хто прыняў у няволі пакутную смерць. Мы схіляем галовы перад мужнасцю і сілай духу ўсіх беларусаў, хто насуперак жорсткасці фашыстаў змог прайсці цяжкія выпрабаванні і выстаяць… Жывіце доўга, застаючыся для нас сімвалам гонару і мужнасці. А мы, нашчадкі пераможцаў, абяцаем быць вартымі таго, каб ісці з вамі ў адным страі…
Свае віншаванні адрасуе ўдзельнікам мерапрыемства старшыня раённага Савета ветэранаў Ганна Шэпелева, з адначасовым уручэннем пасведчанняў аб прысваенні звання «Ганаровы ветэран». Яго атрымоўваюць тыя, хто вядзе вялікую работу з моладдзю, хто мае неспакойнае сэрца і захоўвае ў ім сапраўдную любоў да сваёй Айчыны.
Пра час і незабыццё гаварыў у сваім выступленні райваенком Юрый Ганчыеўскі:
– Забыцца – значыцца, здрадзіць. Таму рэха вайны і не змаўкае ў людскіх душах…
Уважліва слухала прыціхлая плошча Свабоды словы камандзіра расійскай вайсковай часці, якая дыслацыруецца на Вілейшчыне, – Юрыя Савічава:
– Падзеі апошняга часу ў братняй нам Украіне сведчаць, што там пад маскай дэмакратыі пачалі падымаць галаву неафашысты. Задача нашых народаў – згуртавацца і не даць магчымасці карычневай чуме распаўсюдзіцца па нашых землях… Дарагія ветэраны, мы зробім усё, каб нашы дзеці не аддалі забыццю святую праўду аб Вялікай Айчыннай вайне.
– Не забудзем, – запэўніў прадстаўнік моладзі, вучань сярэдняй школы №3 Уладзіслаў Качан.
Аголеным і неўтаймаваным болем вайны загучала над плошчаю песня на словы вядомага паэта Андрэя Дзяменцьева ў выкананні Алесі Высоцкай. Праўдзівы, з высокім эмацыянальным напалам, сюжэт, кульмінацыяй якога стаў дакументальны фільм аб падзеях ваенных год…
Вянкі і кветкі да помніка загінуўшым – ад прадстаўнікоў мясцовай улады, працоўных калектываў. Апошнія святочнымі калонамі праходзяць па плошчы Свабоды і па вуліцы 17 Верасня накіроўваюцца на цэнтральную. Там – працяг урачыстай дзеі, у якую арганічна ўплятаецца святкаванне Дня Дзяржаўнага герба і сцяга Рэспублікі Беларусь. Ён адзначаецца ў краіне ў другую нядзелю мая.
Да прысутных з імправізаванай сцэны звяртаецца старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч:
– Нашы герб і сцяг – адлюстраванне велічы і прыгажосці роднай зямлі, пераемнасці гістарычных традыцый і непарыўнай сувязі часоў, мірнага стваральнага характару беларусаў.
Ганаровае права ўзняць Дзяржаўны сцяг краіны прадстаўляецца ветэрану Вялікай Айчыннай вайны І.І.Занкавічу, дырэктару хлебазавода А.П. Сяргею, камплектоўшчыцы мэблевай фабрыкі Ж.П.Аўдзей, навучэнцу вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа Мікіту Грышкевічу.
І працягваецца святкаванне. Сцэнічная дзея заварожвае, трымае гледачоў у палоне таленавітых дараванняў, артыстызму і абаяльнасці выканаўцаў.
…Падобная ўрачыстасць, толькі некалькі ў іншым фармаце, тым часам пачынаецца і ў вёсцы Заброддзе. Там, дзе сто год таму праходзіла лінія фронту Першай Сусветнай вайны і размяшчаўся лазарэт 29-ай пяхотнай дывізіі XX-ага армейскага корпуса II-ой рускай арміі. Своеасаблівы музей пад адкрытым небам створаны па ініцыятыве сям’і Цітовічаў. Вянец кампазіцыі – капліца памяці заступнікаў рускага воінства Барыса і Глеба – таксама ініцыятыва і вынік намаганняў мастака, краязнаўцы, чалавека нераўнадушнага да мінулага сваёй Айчыны, – Барыса Цітовіча. Сёлетняя заброўдзеўская ўрачыстасць была юбілейнай. Трыццаць год таму тут упершыню сабраліся людзі, каб ушанаваць памяць тых, хто ў розныя гістарычныя часы з аднолькавай самаахвярнасцю абараняў незалежнасць Радзімы.
Дзея пачынаецца з малебна на могільніку, адноўленым сіламі энтузіастаў-краязнаўцаў і валанцёраў. На беларускай і рускай мовах гучаць малітвы – службу адпраўляюць каталіцкі і праваслаўныя святары. Крэсны ход рухаецца ў напрамку капліцы Барыса і Глеба. У парку Перамогі, пачатак якому паклалі, пасадзіўшы тут свае імянныя дрэўцы, Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў, вядомыя беларускія пісьменнікі.
Дзею працягвае вялікая канцэртная праграма. Чарга – да палявой кухні, дзе народ кормяць сапраўднай салдацкай кашай. Не адыходзяць ад выставы мадэлей ваеннай тэхнікі – паветранай і мараходнай, якую арганізаваў цэнтр дадатковага навучання, дапытлівыя хлапчукі.
Рэутка, спакойная рачулка, што і сто гадоў таму гэтак жа павольна струменіла тут свае воды, услухваецца ў новыя гукі адноўленага на яе берагах жыцця. Жыцця ў вечнасці.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара і Вікторыі АПЯЦЁНАК
День Победы в Вилейке
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ