Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

І ў гэтых хатах свята…

У гэтыя ўстановы, што сталі родным домам і апошнім прытулкам адзінокім і нямоглым, мне даводзілася наведвацца не раз. Да светлых святаў звычайна датасоўваюць свае візіты да насельнікаў Куранецкага дома-інтэрната і Іжскай бальніцы сестрынскага догляду нераўнадушныя людзі. Вось і цяпер на другі дзень Вялікадня мы адправіліся да сваіх добрых знаёмых, каб павіншаваць іх.

У складзе нашай групы былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч, кіраўнік раённага аддзялення Чырвонага Крыжа Святлана Лях, няўрымслівыя валанцёры, цудоўны калектыў «Бабіна лета» са сваім кіраўніком Сяргеем Рудніцкім. Смачныя пірагі (а без іх Вялікдзень проста не ўяўляецца), кексы, іншыя салодкія ласункі – гэта атрымалі ўсе насельнікі вышэйназваных устаноў: і тыя, хто яшчэ пры сіле, на сваіх нагах, таму змаглі прыйсці на канцэрт, і ляжачыя бабулі і дзядулі, хто – так ужо атрымалася – прыкаваны да ложка… Дарэчы, падарункі ад Чырвонага Крыжа набыты за сродкі ад членскіх узносаў і ахвяраванняў грамадзян і арганізацый. І трэба было бачыць, як рады былі гэтыя людзі сустрэчы з вілейскімі гасцямі! Яны заўсёды з нецярпеннем чакаюць і Калядаў, і Вялікадня, і Сёмухі. Ды і ў Дні пажылых, Маці, 8 сакавіка іх не забываюць… І застаюцца такія сустрэчы яркімі зорачкамі ў іх адзінокім жыцці. Прадбачу, што нехта можа не пагадзіцца са мною, маўляў, якія ж яны адзінокія, яны – разам, яны накормленыя і дагледжаныя. З апошнім нельга не пагадзіцца, а вось пра адзіноту… Так склалася ў жыцці, што на схіле гадоў кожны з іх па нейкай прычыне застаўся без самага галоўнага – сям’і, замяніць якую немагчыма. Вось і туманяцца названай слязой вочы, калі заспяваюць артысты песні пра родную вёсачку, бацькоўскую хату, маці. Цудоўная праграма была падрыхтавана прыезджымі. Ад усяго сэрца спявала, танцавала і чытала свае вершы Зінаіда Крупская, весялілі людзей трапнымі байкамі Галіна Капцюг і Антаніна Гарчакова, абуджалі светлыя ўспаміны сваімі цудоўнымі песнямі артысты «Бабінага лета»… Шчырыя віншаванні і цёплыя пажаданні знаходзілі для нямоглых людзей Наталія Радзевіч, Святлана Лях, старшыні Куранецкага і Іжскага сельсаветаў Віктар Уліцкі і Валянціна Навасёлак, кіраўнікі дома-інтэрната і бальніцы. Як і належыць у свята, не абышлося і без танцаў – у скокі пускаліся нават старэнькія людзі. Дзе ж ты ўтрымаешся, калі музыка так рэжа «польку»! «Мы вам жадаем, каб да вашых хат сцежкі не ведаў ні ўрач, ні адвакат», – голасна спявалі-віншавалі прысутных артысты. А да гэтага яшчэ дадавалі, каб у кожнага заўсёды было «лёгка на сэрцы, цяжка ў кашальку». Што ж, пажаданні добрыя, каб толькі збываліся. – Калі вы прыедзеце зноў? – задавалі пытанне і ў Куранцы, і ў Іжы. – Абавязкова прыедзем, – абяцалі госці і нават канкрэтны дзень акрэслілі – на Сёмуху. Нехта з пенсіянераў выказаўся, што можна было б і раней, на майскія святы… І было бачна, што чакаюць і запрашаюць шчыра, ад душы. Як самых блізкіх і родных. Значыць, добрая справа робіцца, патрэбная людзям. Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries