«Ён зробіць мяне шчаслівай!», «З ёй я знайду сваё шчасце». Гэта нярэдка можна пачуць ад маладых, якія ўступаюць у шлюб. Добрыя словы, вельмі важныя, але… Чамусьці значна радзей хто скажа: «Я зраблю сваю палавінку шчаслівай». Вось і атрымліваецца, што да шлюбу ў большасці маладых адносіны, так бы сказаць, спажывецкія, маладыя мужы і жонкі чакаюць, што шчасце іх сям’і залежыць ад другой палавінкі. І далёка не кожны ўсведамляе, што шчаслівую сям’ю трэба будаваць разам, не патрабуючы і не чакаючы, а ствараючы і нават ахвяруючы. Ёсць у Еўтушэнкі такія радкі: «Как любимую сделать несчастной, знают все, как счастливой – никто». Магчыма, гэта ўжо вельмі катэгарычна, але, на вялікі жаль, так у жыцці бывае часта. І на шчасце, ёсць сем’і, якія зусім не адпавядаюць гэтаму сцвярджэнню.
Іх дом у новым мікрараёне знайшла па апісанні гаспадыні – двухпавярховы, абшыты жоўтым сайдынгам. Сярод іншых новабудоўляў сяліба Людмілы і Аляксандра Новашаў не вылучаецца памерамі – ёсць паблізу значна большыя. – Мы стараліся, каб дом быў кампактным, каб меней было непатрэбных закуткоў, – расказвае гаспадар. – Многа яшчэ работы, але ж паціху зробіцца. Усё ў доме – справа рук Аляксандра. Талакой рабілася хіба што працаёмкае – рубілі зруб. Усё іншае гаспадар паспявае рабіць сам, бо ведае, што ў кожнага са сваякоў свае клопаты і заняткі. Управіўшыся з нялёгкімі абавязкамі лесніка (а людзям ведаючым не трэба расказваць, якія яны няпростыя), спяшаецца Аляксандр дамоў, дзе чакае руплівых рук свая гаспадарка. А самае галоўнае – яго чакаюць і радасна сустракаюць жонка і чацвёра дзетак. Яны, прызнаецца мужчына, галоўнае багацце ў жыцці. Лёс мог бы і не звесці іх, крывасельскага хлопца Сашу і Люду, якая нарадзілася ў Ракуцёўшчыне, праслаўленай Максімам Багдановічам. Ды так атрымалася, што разам з мамай і малодшай сястрой Люда пераехала ў Куранец. Тут вучылася ў школе, адсюль паступіла ў педінстытут, сюды, да мамы, у свой час прыйшлі маладыя жыць. Старшакласніцай, прыгадвае Людміла, трапіла на дыскатэку ў Крывое Сяло, дзе жыла яе сяброўка. Тут і сустрэла Аляксандра. Трэба сказаць, што нават і не думала, што сустрэча гэта – лёсавызначальная. А вось хлопцу дзяўчына запала ў сэрца з першай сустрэчы… Яны доўга сябравалі, і з часам Людміла ўсё больш упэўнівалася, што лепшага мужа, чым Аляксандр, і не ўяўляе: працавіты, спагадлівы, чулы. І галоўнае – з вялікай верай у сэрцы, як і яна сама. Хлопчык рос у мнагадзетнай сям’і, маме даводзілася вельмі многа працаваць, таму выхаваннем дзяцей больш займалася бабуля. Яна і прывяла маленькага Сашу ў царкву. З таго ўжо далёкага часу і ідзе ён па жыцці з Госпадам у сэрцы, вымяраючы з высокімі запаведзямі ўсе свае ўчынкі і нават думкі. Як і Людміла – прыгожая знешне і душой, галоўным прадвызначэннем якой стала мацярынства. – Дзетак павінна быць столькі, колькі дае Гасподзь, – упэўнена яна. – Па сабе ведаю, што зусім розныя пачуцці, калі станеш мамай у першы раз ці, дапусцім, у чацвёрты. З нараджэннем кожнага дзіцятка ў жанчыны прачынаецца ўсё болей і болей любові, якой хапае, каб ахапіць усіх. Сямікласніца Даша, шасцігадовы Ванечка, на паўтара года малодшы за яго Міколка, дзесяцімесячны Серафім – вось яно, багацце Новашаў. Прыгожыя, смуглявыя, усмешлівыя, дзеці вельмі падобны паміж сабой. Вось і на фотаздымках іх можна лёгка пераблытаць. Мне ж давялося пазнаёміцца толькі з Серафімкам, іншыя дзеці былі ў школе і садку. А ўсмешлівы здаравячок (нарадзіўся вагой больш за чатыры з паловай кілаграмы!) упэўнена тэпаў па пакоі (і гэта ў дзесяць месяцаў!), цвёрда трымаў у ручцы аловак, нешта маляваў і глядзеў такімі разумнымі і, здаецца, разумеючымі ўсё-ўсё вочкамі. Ахвотна малыш перабягаў ад мамы да таты і наадварот, і гэта сведчыла, што яму адводзяць час абое. – Цяпер наш тата ў адпачынку, – з цеплынёй і павагай паглядзела на мужа Людміла, – таму болей займаецца з дзецьмі. Праўда, на водпуск многа запланаваў зрабіць, а час ляціць так хутка! Па лесвіцы падняліся на другі паверх. Тут тата зрабіў, а мама творча аздобіла тры дзіцячыя пакоі: у пяшчотна-ружовым тоне для Дашы, у блакітным і светла-карычневым для Вані і Колі. У кожным пакойчыку – па-сучаснаму абсталяванае рабочае месца, прыгожыя карціны, фотаздымкі. Чыста, прыгожа, утульна. Падумалася, што клопату ў мнагадзетнай мамы вельмі многа. Людміла пагадзілася, што часу на ўсё запланаванае і сапраўды не хапае. На дварэ ж вясна, пачынаюцца агароды, кветнікі. Вось і зялёныя кусцікі клубніц ужо, відаць па ўсім, сёлета апрацоўваліся… – А яшчэ ведаеце пра што думаю? – усміхнулася Людміла. – Пра кароўку. Мы, калі жылі ў Куранцы з мамай, трымалі аж дзвюх. Ды і ўсю іншую жыўнасць. І тут мяркуем завесці і курэй, і свіней. А вось карову і рады б мець, ды дзе яе тут пасвіць… За кубкам духмянага чаю пагаварылі з гасціннымі гаспадарамі пра многае: пра дзетак, хатнія клопаты, дні анёла кожнага члена сям’і, калі ў якасці падарункаў рыхтуюцца нават інсцэніроўкі вядомых казак; запамінальныя паездкі па святых мясцінах… Пра тое, што Людміла спявае ў царкоўным хоры куранецкага храма, а Аляксандр з’яўляецца званаром у новай вілейскай царкве, што святар Аляксандр Завадскі не толькі правёў хрышчэнне, але і стаў хросным бацькам Ванечкі і Міколкі… А яшчэ пра тое, што гаспадар, чалавек заняты ад цямна да цямна, іншы раз знаходзіць час пакухарыць – у яго адмысловы рэцэпт прыгатавання дранікаў. І свайго добрага суседа Паўла Галезніка, якога ўжо няма на гэтым свеце, успомнілі з падзякай. Многаму навучыў Аляксандра гэты мудры чалавек. Калі я ўжо развітвалася, Людміла прынесла тоненькую кніжачку – малітоўнік – і падаравала. А Аляксандр паказаў на прышчэпленыя сваімі рукамі дрэўцы і прапанаваў: «Хачу падарыць вам яблыньку…» Такія яны, Людміла і Аляксандр, людзі, побач з якімі хочацца быць чысцейшым душой. І разумееш, у чым ён, сапраўдны сэнс нашага жыцця. Ірына БУДЗЬКО. Фота прадастаўлена Аляксандрам Завадскім