Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць захавання незалежнасці Беларусі і падтрымання адзінства народа. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 22 красавіка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. «Я звяртаюся да вас у няпросты час. Дзяржавы, якія акружаюць нас, прыйшлі ў рух. Бурліць Украіна, на поўны гістарычны рост спрабуе ўстаць Расія. На нашых вачах разбураюцца старыя граніцы. І ўпершыню за шмат гадоў у Еўропе зноў пацягнула дымком ад выбухаў», – сказаў кіраўнік дзяржавы. Як адзначыў Прэзідэнт, постсавецкі перыяд завяршыўся, пачынаецца новая эпоха, і якой яна стане, не ведае, на жаль, ніхто. «На шчасце, унутры нашай краіны спакойна. І на міжнароднай арэне мы па-ранейшаму выступаем у ролі адказнага і надзейнага партнёра, які жадае ўсім народам міру і дабра. Мы не ўключаны ў знешнія канфлікты, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – І ўсё ж нам ёсць аб чым хвалявацца. Мы жывём не на востраве ў акіяне. Любыя геапалітычныя катаклізмы, асабліва ва Усходняй Еўропе, абавязкова закрануць і нас». «У гэтай сітуацыі мы павінны любымі сродкамі адстаяць галоўную нашу каштоўнасць – незалежнасць краіны, святое права жыць на сваёй зямлі і самім распараджацца сваім лёсам», – падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, для гэтага неабходны як мінімум тры рэчы: адзінства народа Беларусі; атрыманне ўрокаў са сваіх памылак і памылак суседзяў; дакладны праект будучыні Беларусі, здольны натхніць і аб’яднаць як старэйшае, так і маладое пакаленне краіны. «Аб адзінстве народа мы гаворым часта. І гэта не рытуальныя словы. Яшчэ старажытная Біблія вучыла: «Дом, які раздзяліўся ў сабе, не ўстаіць». Сёння гісторыя дэманструе нам трагічнае пацвярджэнне гэтай тысячагадовай мудрасці», – заўважыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзякуючы адзінству за апошнія дваццаць гадоў у Беларусі пабудавалі першую ў гісторыі незалежную беларускую дзяржаву, – тое, аб чым стагоддзямі марылі продкі. «Наш курс выпрацаваны ўсім грамадствам – маладымі і старэйшымі пакаленнямі, рабочымі і сялянамі, прадпрымальнікамі і інтэлігенцыяй, прыхільнікамі ўлады і яе крытыкамі. Усімі, хто не абыякавы да Айчыны і хто любіць Беларусь. І калі мы і далей захаваем галоўную каштоўнасць – наша адзінства, то Беларусь зберажэ незалежнасць і прадоўжыць свой упэўнены шлях у будучыню, – упэўнены Прэзідэнт. – Менавіта дзякуючы адзінству мы выбралі свой шлях у эканоміцы – шлях разумнага сэнсу і справядлівасці. Мы не далі расцягнуць уласнасць, не далі падзяліць грамадства на бедных і багачоў, абаранілі і падтрымалі чалавека працы. У нас не палаюць барыкады, не грамяць будынкі, не рабуюць і не забіваюць людзей сярод белага дня».
Любы заклік да перавароту будзе жорстка знішчаны
«Сёння я звяртаюся не толькі да тых, хто падтрымлівае дзеючую ўладу (а такіх, як паказалі мясцовыя выбары, абсалютная, пераважная большасць насельніцтва). Я хачу звярнуцца і да тых, хто па розных прычынах крытычна ставіцца да ўлады, – сказаў Прэзідэнт. – Глыбока перакананы: у грамадстве павінна быць цярпімасць да разнастайнасці поглядаў, дыскусіі і крытыкі. І адначасова – абсалютнае непрыманне насілля, нянавісці і рэвалюцый». «Мы прымаем любую апазіцыю, якая дзейнічае ў рамках закону. Мы ўважлівыя да любой крытыкі, якая прадыктавана шчырым болем за краіну, а не знешнім заказам. Мы адкрыты для любога дыялогу, калі яго мэтай з’яўляецца карысць для Беларусі, а не прыватныя, тым больш замежныя, інтарэсы», – заявіў кіраўнік дзяржавы. «Скажу больш. Улада гатова да кіруемай, паступовай і прадыктаванай жыццём эвалюцыі. Але мы катэгарычна не прымаем рэвалюцыю. Я супраць разбурэння дашчэнту, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Кожны, хто заклікае да бунту, – гэта вораг не толькі ўлады, Прэзідэнта. Гэта ў першую чаргу вораг нашай краіны, нашага народа. Гэта вораг нашага адзінства, а такім чынам, і незалежнасці Беларусі». «Такі радыкалізм будзе падаўлены з самага пачатку. Мы не будзем даводзіць справу да правакацый і сутыкненняў. Любы заклік да перавароту, смуты, любая прапаганда насілля будуць жорстка знішчаны ў зародку. І я абсалютна ўпэўнены, што ў гэтай справе ва ўлады будзе падтрымка ўсяго народа. І не толькі нашага», – заявіў Прэзідэнт.
Нам патрэбна жывая краіна з разнастайнасцю ідэй і меркаванняў
«Адзінства народа не азначае аднадумнасці. Нам не патрэбна шэрае грамадства – пакорлівае і абыякавае да ўсяго. Такое грамадства – без каштоўнасцей, без каранёў, без веры ў сябе – лёгка стане здабычай варожых сіл як унутраных, так і знешніх», – адзначыў Прэзідэнт. «Нам патрэбна жывая краіна з разнастайнасцю ідэй і меркаванняў, з актыўнай пазіцыяй усіх яе грамадзян. Толькі тады мы выстаім у любую буру», – падкрэсліў беларускі лідар. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнка, сёння не толькі Беларусь, але і ўся Еўропа знаходзіцца на пераломе гістарычных эпох. «Кожная дзяржава павінна даць адказ на выклік часу. Якім будзе наш адказ, залежыць не толькі ад улады, ад Прэзідэнта, але і ад кожнага з нас», – заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Перастаць бяздумна раздаваць дзяржаўныя грошы
«Мы павінны жыць па сродках. Не раз мы з вамі пераконваліся: там, дзе мадэрнізацыя праводзіцца за дармавыя дзяржаўныя сродкі, яна аказваецца ў разы даражэйшая, чым у прыватніка, калі ён робіць за свае ўласныя грошы», – адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прычыны таго, паводле слоў Прэзідэнта, відавочныя, іх дзве: абыякавасць і карупцыя. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі кіраўнік зацікаўлены ў развіцці прадпрыемства, то ён імкнецца сэканоміць, шукае і знаходзіць лепшыя варыянты, а калі ён адчувае сябе на прадпрыемстве дачаснікам, то і стаўленне да справы такое ж – наплявацельскае. «Такія кіраўнікі не варушацца, не таргуюцца – ідуць па шляху найменшага супраціўлення. Гэта ў лепшым выпадку. У горшым жа – такі дырэктар проста пачынае красці. Таму трэба перастаць бяздумна раздаваць грошы направа і налева, – лічыць беларускі лідар. – Гэта, дарэчы, якраз адзін з даволі эфектыўных метадаў барацьбы з карупцыяй. Чым менш даеш грошай, тым менш можна ўкрасці». Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адмаўляцца ад дзяржаўных інвестыцый у рэальны сектар не плануецца. «Ёсць сферы, куды наогул ніхто, акрамя дзяржавы, у агляднай перспектыве ўкладаць не будзе. Гэта, перш за ўсё, інфраструктура, дарогі, камунікацыі. Наогул усе тыя галіны, дзе нельга чакаць скорай і хуткай аддачы. Аднак раздачы дармавых грошай больш быць не павінна», – адзначыў ён. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна выбудаваць новую сістэму дзяржаўнай фінансавай дапамогі. «Там, дзе праект рызыкоўны, і там, дзе гэту рызыку гатовы ўзяць на сябе прыватны бізнес, чаго мы туды лезем, не трэба траціць сродкі з дзяржаўнай кішэні. Адначасова рэальны сектар павінен імкнуцца ўсё ў большай ступені працаваць за кошт заробленых сродкаў і за кошт прыцягнутых інвестыцый», – заявіў Прэзідэнт. На думку кіраўніка дзяржавы, у краіне таксама неабходны конкурсны падыход да размеркавання дзяржаўных сродкаў. «На іх, дарэчы, можа прэтэндаваць і прыватнік. Але ўмовы, якія выстаўляюцца і прыватніку, і дзяржпрадпрыемству, павінны быць дакладнымі, празрыстымі і абавязкова аднолькавымі», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Унутраны рынак Беларусі нельга аддаваць іншаземцам
«Развіццё ўнутранага рынку – гэта, калі хочаце, асноўная ідэя нашага эканамічнага курсу на наступныя гады», – сказаў Прэзідэнт. «Мы часам не без гонару гаворым аб сабе: у нас адна з самых адкрытых эканомік у свеце. Знешнегандлёвы абарот больш чым у паўтара раза перавышае валавы ўнутраны прадукт. Але, шчыра кажучы, незразумела, чаму тут радавацца? Гэта ж вялікая залежнасць ад стану знешніх рынкаў, – сказаў Прэзідэнт. – Мы пачалі рабіць стаўку на экспарт. І гэта абсалютна зразумела. У пачатку дзевяностых нашы грамадзяне мала што маглі сабе дазволіць – проста кажучы, не было грошай. Унутраны рынак быў вельмі малы, бедны і слабы. І асноўныя грошы можна было зарабіць толькі на знешніх рынках».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з таго часу стан спраў моцна змяніўся. Па-першае, узровень даходаў людзей вырас у некалькі разоў. На ўнутраным рынку сёння можна зарабіць, прычым зарабіць нядрэнна. Па-другое, разам з даходамі выраслі і патрэбы людзей, і іх патрабаванні да якасці жыцця. Адначасова і ўвесь свет зрабіў вялікі рывок у развіцці – з’явіліся дзясяткі і сотні новых прадуктаў і паслуг. Па-трэцяе, рэзка ўзмацнілася канкурэнцыя на сусветных рынках. Прычын тут нямала: і фінансавы крызіс, і ўсё большая адкрытасць рынкаў, і ўступленне ў канкурэнтную барацьбу новых ігракоў з Азіі, сказаў Прэзідэнт. «Усе гэтыя абставіны выразна паказваюць нам – пара павярнуцца тварам да ўнутранага рынку. Складанасці на рынках знешніх мы можам кампенсаваць, пашыраючы рынак унутраны. Больш таго, за яго ўжо трэба змагацца, таму што і тут нас могуць выцесніць канкурэнты. Прычым стаўку трэба рабіць не толькі на вытворчасць тавараў, але і на аказанне паслуг», – лічыць Прэзідэнт. Ён падкрэсліў важнасць прадастаўлення паслуг для прыезджых. «Расіяне – вельмі вялікая багатая краіна. Куды ехаць адпачываць сярэдняму расіяніну? Нават калі ў Крым, усё роўна мала месца. Яны ўбачылі нармальны камфорт у Беларусі», – сказаў Прэзідэнт. Беларускі лідар даручыў ураду пры падрыхтоўцы праграмы на будучую пяцігодку вызначыць развіццё ўнутранага рынку тавараў і паслуг як прыярытэт і прадумаць канкрэтныя меры для вырашэння гэтай стратэгічнай задачы. «Колькі мы валюты вывезлі на ўсякую ўсячыну за межы краіны? Каля $3 млрд. Заўважце, а ходзім і просім $2 млрд. А калі б мы гэтыя паслугі і гэтыя тавары прапанавалі б гэтаму ж народу?» – задаўся пытаннем кіраўнік дзяржавы. «У нас жа і тавары нядрэнныя, і прытым усе. Калі мы выстаўкі арганізоўваем і прапаноўваем тавары, дапусцім у Маскве, багатай, пераборлівай Маскве, гадзіна-паўтары – і нічога няма. Усё імгненна разыходзіцца», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт лічыць, што неабходна ствараць умовы, стымуляваць пакупніцкую актыўнасць, і «тады ўжо не беларусы паедуць за мяжу, а самі іншаземцы паедуць да нас». Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўнутраны рынак – не толькі індустрыя гасціннасці. У яго арганічна могуць быць упісаны навукаёмістыя вытворчасці, медыцынскія, адукацыйныя, транспартныя, лагістычныя, інфармацыйныя паслугі. Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на інфарматызацыю краіны, падкрэсліўшы, што гэты напрамак павінен стаць безумоўным прыярытэтам у дзейнасці як урада ў цэлым, так і кожнага ведамства паасобку.
Абвальнай дэвальвацыі ў Беларусі не будзе
«Абвальнай дэвальвацыі мы не плануем, чаго б нам гэта ні каштавала. Будзем рабіць усё, каб яе пазбегнуць», – запэўніў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што ў Беларусі не маюць намеру праводзіць дэвальвацыю адміністрацыйна, як, напрыклад, у Казахстане. «Калі мы будзем бачыць, што гэта неабходна, што ў нас няма золатавалютных рэзерваў або яны апускаюцца нiжэй за плануемы крытычны ўзровень – мы спакойна вядзём дэвальвацыю. Калі да канца года дабавім яшчэ 5-6 працэнтаў, будзе нармальна», – лічыць Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што ўраду былі названы меры, на якія ў краіне можна пайсці для захавання стабільнасці. «Паглядзім па першым квартале і разбяромся, як працуе ўрад, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Трэба пачынаць тут працаваць. Прадукцыі амаль на $4 млрд у нас на складах, ніякай дэвальвацыі не трэба. Мы зробім у гэтым напрамку ў бліжэйшы час радыкальныя крокі». Прэзідэнт назваў скандальнымі чуткі аб тым, што пасля чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску будзе дэвальвавана нацыянальная валюта. На яго думку, заклік «бегчы ў абменнікі» з’яўляецца беспадстаўным. «Калі каму-небудзь захочацца бегчы – бяжыце, там сёння праблем няма, мяняйце, але крыўдаваць потым будзеце самі на сябе. Абвальваць мы нічога не будзем, не перажывайце, трацьце грошы ў магазінах», – выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Адказваючы на пытанне аб уплыве знешніх фактараў на канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ва ўмовах эканамічнага крызісу прадпрыемствы павінны працаваць над якасцю прадукцыі і зніжэннем яе сабекошту.
Пры нараджэнні ў сям’і трэцяга дзіцяці дзяржава будзе адкрываць дэпазіт на $10 тыс.
«На жаль, да гэтага часу вызначальным фактарам росту колькасці насельніцтва Беларусі з’яўляецца міграцыя. Разам з тым намеціліся пазітыўныя змяненні ў дынаміцы нараджальнасці. Пераломны быў 2013 год – нарадзілася больш за 118 тыс. дзетак. Гэта максімальная колькасць нараджэнняў за апошнія два дзесяцігоддзі, – сказаў Прэзідэнт. – Прынятыя дзяржавай меры па падтрымцы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, знайшлі водгук у насельніцтва. І гэту падтрымку мы будзем аказваць і ў далейшым». Па даручэнні кіраўніка дзяржавы была створана спецыяльная група, якая прапрацоўвае прапановы па праекце «Вялікая сям’я». Што датычыцца бягучай падтрымкі, то прапануецца кампенсаваць сям’і недаатрыманы даход у сувязі з доглядам дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, штомесяц выплачваючы па 35 працэнтаў ад сярэднямесячнай зарплаты на кожнае непаўналетняе дзіця ў сям’і. «Калі сёння пры з’яўленні другога дзіцяці (а мы сканцэнтраваліся менавіта на другім дзіцяці, нараджэнне якога трэба стымуляваць) маці атрымлівае 40 працэнтаў ад сярэднямесячнай зарплаты ў рэспубліцы, і толькі на гэта народжанае дзіця, то па-новаму сям’і будзе выплачвацца па 35 працэнтаў ужо на кожнае непаўналетняе (і на першае, і на другое). У цэлым атрымліваецца 70 працэнтаў сярэднямесячнай зарплаты», – растлумачыў Прэзідэнт. Доўгатэрміновая падтрымка прадугледжвае, што пры нараджэнні ў сям’і трэцяга дзіцяці дзяржава будзе адкрываць дэпазіт на суму $10 тыс., якія сем’і змогуць атрымаць пасля дасягнення гэтым дзіцем паўналецця, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт Беларусі даручыў ураду ў двухмесячны тэрмін падрыхтаваць на аснове гэтых і іншых канкрэтных прапаноў праект адпаведнага нарматыўнага прававога акта.
Тры спосабы вырашэння пенсійнай праблемы
«Нам удалося дабіцца паслядоўнага росту і своечасовасці пенсійных выплат. Але і тут у нас ёсць пэўныя планы, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Вы бачыце, што рабочых рук становіцца менш, пенсіянераў даволі шмат. «Нідзе ў свеце пакуль не знойдзена аптымальнага спосабу вырашэння такой праблемы. Нам тут не трэба бегчы наперадзе паравоза. Але не займацца вырашэннем пенсійнай праблемы нельга», – прызнаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт лічыць, што, па-першае, неабходна больш глыбока прапрацаваць пытанні аб тым, як зацікавіць насельніцтва працаваць даўжэй, пасля дасягнення пенсійнага ўзросту. Па-другое, патрэбны прапановы па дыферэнцыяцыі памераў пенсій. «Мы адвялі нашых пенсіянераў ад мяжы беднасці. Сёння сярэдняя пенсія вышэйшая за спажывецкі бюджэт пенсiянера. Таму настаў час падумаць, як зрабіць так, каб той, хто больш унёс у пенсійны фонд, больш і атрымліваў, пайшоўшы на пенсію, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Тым больш што з 2003 года ў нас вядзецца персаніфікаваны ўлік усіх адлічэнняў». Па-трэцяе, трэба больш актыўна развіваць добраахвотнае страхаванне дадатковых пенсій як карпаратыўнае, так і асабістае (такі вопыт у свеце ёсць).
Скараціць разрыў паміж аплатай працы ў бюджэтнай сферы і ў народнай гаспадарцы
«Асноўнымі крыніцамі даходаў нашага насельніцтва з’яўляюцца заработная плата і пенсіі. Аб істотным разрыве, які ўтварыўся за апошнія гады паміж аплатай працы ў бюджэтнай сферы і ў народнай гаспадарцы, у цэлым я ўжо гаварыў. Будзем яго выраўноўваць. Адпаведнае даручэнне ўраду дадзена. Першымі гэта адчуюць урачы і настаўнікі», – адзначыў кіраўнік дзяржавы. Што датычыцца рэальнага сектара эканомікі, то тут патрабаванне Прэзідэнта застаецца нязменным – заработную плату трэба зарабіць, мадэрнізуючы прадпрыемствы, укараняючы новыя тэхналогіі, павялічваючы выпрацоўку, скарачаючы затраты, павышаючы прадукцыйнасць працы. «Сёння, як я і патрабаваў, мы пераадолелі рубеж 500 долараў сярэдняй заработнай платы па краіне, і далейшае павышэнне дабрабыту ў нашых руках, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Я ў гэтым годзе не фарсірую, не патрабую росту зарплаты. 500 долараў – гэта той мінімум, які павінен быць у кішэні чалавека».
Аб развіцці платных медыцынскіх паслуг
У развіцці айчыннай аховы здароўя дасягнуты прыкметныя поспехі. Укараняюцца сучасныя медыцынскія тэхналогіі, новыя метады дыягностыкі і лячэння. «Але мы павінны разумець: якасная медыцына – гэта выключна дорага, гэта самае дарагое задавальненне ў любой краіне. Нават у самых развітых, самых багатых краінах дзяржава не здольна ўзяць на сябе ўсе расходы ў медыцынскай сферы, – адзначыў ён. – Мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць медыцыну. Але прыйшоў час укараняць новыя формы – у прыватнасці, развіваць, папулярызаваць сярод насельніцтва добраахвотнае медыцынскае страхаванне». Базавы ўзровень дзяржава забяспечыць усім і заўсёды, запэўніў Прэзідэнт, падкрэсліўшы, што гэта прамое абавязацельства дзяржавы. «У нас не павінен валяцца пад плотам хворы чалавек, калі ў яго няма страхоўкі, як гэта адбываецца ў багатай Амерыцы і з чым змагаецца цяперашні прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі, ніяк не можа правесці гэту рэформу ў патрэбным для насельніцтва плане», – сказаў беларускі лідар. Акрамя базавага ўзроўню, ёсць высокатэхналагічнае лячэнне, і на яго аказанне ў краіне затрачаны мільярды долараў. «І хто хоча атрымаць асаблівыя ўмовы лячэння і асаблівую якасць, павінен разумець – гэта не бясплатна, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Прымусіць чалавека выкласці са сваёй кішэні поўны кошт аперацыі мы ніколі не зможам, мы на гэта не пойдзем. Нават у заможнага чалавека грошай на гэта можа не хапіць. Для гэтага ва ўсім свеце і існуюць страхавыя сістэмы. Прыйшоў час і ў нас адаптаваць лепшы сусветны вопыт». На думку кіраўніка дзяржавы, трэба актыўна развіваць платныя паслугі ў медыцыне, добраахвотнае медыцынскае страхаванне. Закранаючы пытанне заработнай платы медыкаў, кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Усім урачам агулам ніводная дзяржава плаціць не будзе, і мы таксама не будзем. Каб шмат атрымліваць, трэба сэрца перасаджваць, трэба высокатэхналагічныя аперацыі праводзіць і быць эфектыўным урачом, каб да цябе ішлі людзі. Патрэбна дыферэнцыяцыя ў аплаце працы». «Яшчэ раз падкрэслю: медыцына была і застаецца бясплатнай, – акцэнтаваў Прэзідэнт. – Але трэба даць магчымасць тым, хто гатовы больш плаціць за самае якаснае абслугоўванне, зрабіць гэта. Больш таго, такі падыход дысцыплінуе чалавека – ён пачынае разумець, што здароўе каштуе грошай, пачынае сачыць за сабой, весці здаровы лад жыцця, правільна выхоўваць сваіх дзяцей, унукаў. Наша задача – выхаваць у чалавека адказнасць за сваё здароўе».
Адукацыя Беларусі не мае патрэбы ў рэформах
«Апошнім часам мы шмат гаворым аб тым, што наша адукацыя мае патрэбу ў нейкай карэкціроўцы. Я не скажу, што нам патрэбна рэформа. Ніякіх рэформ у адукацыі нам сёння не трэба. Трэба падкарэкціраваць. Менш нам патрэбны сёння людзі з вышэйшай адукацыяй, больш у прафесійна-тэхнічныя ўстановы трэба накіраваць – давайце накіруем і спынім усялякія размовы аб рэформе», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння неабходна скаардынавацца, паглядзець, што трэба зрабіць у адукацыі. «Давайце складзём гэты план на тры гады наперад, каб людзі разумелі і ведалі, што нам трэба зрабіць. Займіцеся, калі ласка, гэтым ва ўрадзе і Міністэрстве адукацыі», – сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што любая паспяховая эканоміка немагчыма без апоры на тое, што ў сучасным свеце называецца чалавечым капіталам. «Свет ужо прыйшоў да разумення, што адукацыя і здароўе чалавека – аснова так званага чалавечага капіталу. Гэта эканамічныя катэгорыі. Сёння рыначны кошт многіх вядучых сусветных карпарацый грунтуецца выключна на камандах інтэлектуалаў, якія працуюць у іх, на здольнасці гэтых каманд генерыраваць новыя прадукты і ідэі. І нават у тых кампаніях, якія займаюцца традыцыйнымі відамі дзейнасці», – сказаў Прэзідэнт. Сёння неабходна ўсвядоміць, адзначыў кіраўнік дзяржавы, што адукацыя праходзіць праз усё жыццё. «Такое магістральнае развіццё цывілізацыі: чалавек, яго веды займаюць усё больш значнае месца, паступова выцясняючы на перыферыю матэрыяльныя рэсурсы, фінансы і нават інфармацыю», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Тры арыенціры новага эканамічнага курсу Беларусі
«Тры фундаментальныя рэчы – паскоранае развіццё ўнутранага рынку, удасканаленне механізмаў кіравання эканомікай і ўсямернае развіццё канкурэнцыі – павінны стаць трыма арыенцірамі новага эканамічнага курсу. Пры гэтым, як я і гаварыў, мы не адмаўляемся ад традыцыйных напрамкаў развіцця эканомікі. Як бы цяжка ні было, мы не сядзім склаўшы рукі, актыўна прадаўжаем мадэрнізацыю беларускай прамысловасці. У гэтым няма нічога экстраардынарнага. Калі не мадэрнізаваць, то мы проста не зможам праз пяцігодку ўжо нічога прадаваць на міжнародных рынках, нічога не паставім на экспарт, а значыць, не атрымаем валюты, каб купіць нафту і газ», – сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтай пяцігодцы ў мадэрнізацыю ўклалі ў паўтара раза больш, чым у мінулай, – амаль $20 млрд. Гэта праекты ў машынабудаванні, металургіі, хіміі, нафтахіміі, аграпрамысловым комплексе, фармацыі, цэлюлозна-папяровай прамысловасці, дрэваапрацоўцы, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, гарбарнай і тэкстыльнай галінах. «Я не буду падрабязна спыняцца на праблемах і задачах ва ўсіх гэтых сферах дзейнасці. Кожнай з іх ужо або былі прысвечаны спецыяльныя нарады з удзелам кіраўніка дзяржавы (дрэваапрацоўка, спажыўкааперацыя, будаўніцтва), або ў хуткім часе адбудуцца (лёгкая прамысловасць, жыллёва-камунальная і сельская гаспадарка). Акрамя таго, на пастаянным прэзідэнцкім кантролі ход мадэрнізацыі нашых гігантаў – БМЗ, «Гомельшкло», «Светлагорскі ЦКК» і іншых», – адзначыў беларускі лідар.
Прэзідэнт дэталёва ацэніць работу ўрада, Нацбанка і губернатараў па выніках I квартала
Цяпер трэба думаць аб стратэгіі будучага развіцця Беларусі і вырашаць сістэмныя пытанні, але стратэгія не здымае з урада задачы вырашэння вострых праблем сённяшняга дня (маецца на ўвазе ў тым ліку выплата зарплат, пенсій, прадаўжэнне мадэрнізацыі, неабходнасць разгрузкі складоў). Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў сувязі з гэтым нікому не ўдасца ўхіліцца ад работы і пазбегнуць адказнасці за яе выкананне. «Яшчэ горш, што гэтыя пытанні ўсё часцей даводзіцца ўзвальваць на сябе Прэзідэнту, але ніякага іншага выйсця проста няма», – прызнаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, існуючыя факты «ўказваюць непасрэдна на вельмі трывожную тэндэнцыю: у нашым дзяржаўным апараце, сярод дырэктарата ўсё больш распаўсюджваецца небяспечная атмасфера апатыі і абыякавасці, ініцыятывы практычна няма, агню ў вачах кіраўнікоў не відаць, многім на ўсё напляваць, аб жывой справе думаюць значна менш, чым аб справаздачах». Патрабавалася знізіць узровень запасаў гатовай прадукцыі на складах прампрадпрыемстваў да 76 працэнтаў сярэднямесячнай вытворчасці, аднак гэты паказчык вырас да 80 працэнтаў. «Чаму мы ходзім і просім з працягнутай рукой крэдыты, калі ў нас на складах амаль $4 млрд», – задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. Нездавальняючым аказаўся вынік па прадукцыйнасці працы, якую прадугледжвалася павялічыць, але рэальна яе знізілі, абавязваліся нарошчваць экспарт, а фактычна ён скараціўся на 7 працэнтаў. «Ключавое пытанне – энергаёмістасць валавога ўнутранага прадукту. Планавалі зніжэнне, а на справе толькі нарошчваем», – прызнаў кіраўнік дзяржавы.
Галоўнае для Беларусі – рост эканомікі, а не ўнутраныя і знешнія ворагі
«Галоўнае пытанне – гэта рост эканомікі, а не нейкія ворагі, якія сканцэнтраваліся ўнутры дзяржавы і за яе межамі», – сказаў кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што здаровая і моцная эканоміка з’яўляецца гарантыяй незалежнасці краіны, фундаментам яе працвітання. Аляксандр Лукашэнка заўважыў: «Вакол нас шмат страшылак, што ў парламенце заселі ворагі, што сілавікі задумалі нейкую страшную аферу, што Расія сканцэнтравала танкі вакол нашых граніц з Украінай, што пасол Сурыкаў рыхтуецца ў прэзідэнты ў Беларусі, і ўсё гэта пад фанфары НАТА, Захаду. Разумею толькі адно – ніхто не пераверне нашу краіну, калі мы самі гэтага не зробім». На яго думку, у аснове перавароту ляжыць толькі эканамічнае пытанне, і калі ў Беларусі будуць працаваць прадпрыемствы, ёй не страшны ніякі вораг.
Як падкрэсліў Прэзідэнт, аснова ўкраінскіх і іншых падзей, у тым ліку арабскай вясны, заключаецца ў тым, што ў выніку значнай карупцыі і пабораў давялі людзей да беднасці і «палажылі» эканоміку. «Вось у чым прычына, і справа тут не ў амерыканцах. Яны разумеюць, што сёння не час: сёння Беларусь – гэта не Украіна, і няма чаго тут пераварочваць», – упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Скараціць залішнія паўнамоцтвы чыноўнікаў «Нядаўна мы рэзка скарацілі колькасць нашага дзяржапарату. Прытым што ён і да гэтага быў невялікім у параўнанні з іншымі краінамі. У Беларусі колькасць чыноўнікаў на тысячу занятых адна з самых нізкіх у Еўропе і Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У нас – 35 чалавек, у Расіі – 75, Казахстане – каля 50, у Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, так званыя рыначнікі, – да 70 чалавек, у два разы больш чым у нас», – паведаміў кіраўнік дзяржавы. І сёння, на яго думку, настаў час для больш маштабнай задачы – скараціць не колькасць, а залішнія паўнамоцтвы чыноўнікаў. «Даручаю Адміністрацыі Прэзідэнта неадкладна заняцца гэтым фундаментальным пытаннем. Прыцягніце да абмеркавання не толькі чыноўнікаў, але і прадпрымальнікаў, звычайных грамадзян, СМІ, экспертаў і да канца года гэта сістэма павінна пачаць працаваць. Гэта датычыцца і дэбюракратызацыі нашага ўсяго жыцця, аб якім мы шмат гаварылі і прынялі адпаведную дырэктыву і за якую адказвае кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым тут задача значна больш складаная за аптымізацыю колькасці. Але і эфект ад яе вырашэння будзе на парадак больш маштабны», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Таксама, на думку беларускага лідара, дзяржаўны апарат павінен пайсці на радыкальнае пазбаўленне ад залішніх і неўласцівых для яго функцый. «Ён павінен браць на сябе толькі тыя паўнамоцтвы, якія ніхто, акрамя дзяржавы, выконваць не здольны і не павінен. Усё астатняе трэба аддаць грамадству – радавым грамадзянам, прадпрыемствам і рынку. Прычым маюцца на ўвазе не толькі і не столькі фармальныя паўнамоцтвы», – растлумачыў ён. Прэзідэнт падкрэсліў, што размова ідзе не толькі аб паўнамоцтвах грамадзянскіх чыноўнікаў, але і сілавых структур, кантралёрах. «Нельга забываць: тыя, хто павінен змагацца з карупцыяй, часам самі з’яўляюцца яе крыніцамі. «Пакрыванне» бізнесу з боку сілавікоў, знішчэнне канкурэнтаў пад маркай той жа барацьбы з карупцыяй, вымаганне праз пагрозы штрафаў і крымінальных спраў, звядзенне асабістых рахункаў – усё гэта, на жаль, радзімыя плямы сілавых структур», – лічыць беларускі лідар. «Вось, дапусцім, так званая заказная праверка. Аднаму бізнесмену трэба задушыць канкурэнта. Ён падкупляе праваахоўніка, і той пачынае прыціскаць фірму-канкурэнта. Прычым пад флагам барацьбы з той жа карупцыяй. Маўляў, ёсць сігналы, падазрэнні, нам трэба ўсё праверыць. У гэты час работа фірмы цалкам блакіравана. Потым, можа, нічога і не знойдуць. Але бізнес жа ўжо падарваны. Фармальна ўсё правільна, а па сутнасці – злачынства! І такіх сітуацый нямала», – паведаміў Прэзідэнт. У бліжэйшыя некалькі гадоў у краіне неабходна рэалізаваць шэраг сістэмных мер па барацьбе з карупцыяй, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
У Беларусі будзе выдадзены дэкрэт, што забараняе перасаджваць у «цёплыя» месцы кіраўнікоў, якія правініліся
«Па-першае, будзе ўстаноўлена персанальная адказнасць, падкрэсліваю, персанальная адказнасць кіраўнікоў і спецыялістаў за агульны стан спраў на давераным ім прадпрыемстве… За стан спраў на ім без усялякіх выключэнняў – ад бяспекі работнікаў да парадку ў цэхах, на двары, на складах», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. «Па-другое, гэтым дэкрэтам будзе ўведзена абавязковае ўзгадненне мясцовай уладай любога службовага перамяшчэння кіраўнікоў, намеснікаў і галоўных спецыялістаў усіх прадпрыемстваў – і дзяржаўных, і прыватных. Падкрэсліваю – усіх, без выключэння. Няхай прыватнікі мяне пачуюць – іх гэта будзе датычыцца непасрэдна», – заявіў Аляксандр Лукашэнка. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі даўным-даўно вызначыліся з карупцыянерамі – іх месца ў турме. «Але развал работы – гэта таксама падобна злачынству. І часам, а можа і часта, яшчэ больш значны і сур’ёзны для дзяржавы з пункту гледжання страт. І тут мы пяройдзем ад размоў і ўгаворванняў да справы: праваліў работу – ні на якое хлебнае месца працаўладкавацца такі нягоднік не зможа. Ні ў дзяржаўным сектары, ні ў прыватным – нідзе. Будзе падмятаць вуліцы – гэта, калі ласка», – заявіў Прэзідэнт.
Да кіраўніцтва прыцягваць ініцыятыўных, разважлівых і адказных людзей
«Дзяржслужачых у нас засталося няшмат. Лішнюю ўладу мы ў іх забяром. Але тыя, хто працуе ў дзяржапараце, павінны быць лепшымі. Кіраўніцкая сістэма павінна рабіць стаўку на ініцыятыўных, разважлівых, адказных людзей. Для прыцягнення самых класных спецыялістаў трэба вырашыць задачу па павышэнні прэстыжу дзяржаўнай службы», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне ніколі не балавалі дзяржслужачых. «Дастаткова паглядзець на краіны-суседкі і параўнаць, як жывуць чыноўнікі там і як у нас. Нядаўна расійскі прэм’ер Мядзведзеў заявіў, што яго непакоіць, што моладзь усё часцей імкнецца ў дзяржапарат. У нас наадварот. Жадаючых есці чыноўніцкі хлеб усё менш і менш. З аднаго боку, гэта значыць, што мы моцна трымаем чыноўнікаў у цуглях і прымушаем іх служыць народу. І гэта добра. З іншага, гэта трывожны знак для нас – здольная моладзь, ды і не толькі моладзь, ідзе ў камерцыйныя структуры», – паведаміў Прэзідэнт.
Дзяржпрадпрыемствы развучыліся працаваць самастойна
«У нас сёння ўрад схіліўся над дзяржпрадпрыемствамі, у ручным рэжыме выконвае функцыі наглядальных саветаў і праўленняў. У выніку дзяржпрадпрыемствы развучыліся працаваць самастойна, жывуць, чакаючы ўказанняў і падтрымкі», – сказаў кіраўнік дзяржавы. Міністэрствы, паводле слоў Прэзідэнта, кіруюць не галіной, а асобнымі прадпрыемствамі, што належаць дзяржаве. Пры гэтым у той жа галіне дзейнічаюць і прыватнікі, прычым часта даволі важкія. У выніку атрымліваецца, што міністэрства павінна ў роўнай ступені клапаціцца аб развіцці ўсіх суб’ектаў, а яно ў першую чаргу клапоціцца аб сваіх прадпрыемствах. «Таму сфарміраваны кіраўніцкі стэрэатып у галіне: канкурэнтаў не пускаць, паколькі падначаленым прадпрыемствам будзе горш, новыя прадпрыемствы не ствараць, паколькі сабе праблем дабавіш», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што сіла рыначнай эканомікі па-сапраўднаму праяўляецца толькі пры ўмове канкурэнцыі. «Не прыватная ўласнасць і не рынак самі па сабе, а менавіта канкурэнцыя робіць рыначную эканоміку паспяховай і эфектыўнай», – сказаў Прэзідэнт. Стварэнне рэальнай канкурэнцыі – адна з фундаментальных задач дзяржавы ў сферы эканомікі.
Абмежаванняў для СМІ ў час чэмпіянату свету па хакеі не будзе
Сёння Мінск гатовы да правядзення чэмпіянату. «А госці ж (іх будуць дзясяткі тысяч, а можа, і сотня) паедуць па ўсіх гарадах і вёсках. І некаторыя сюды прыедуць, каб «пакалупацца», як на Алімпіядзе ў Сочы (калі глядзяць не на тое, як выступаюць атлеты, а шукаюць бруд, каб яго паказаць), – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Мне ўжо кажуць, што трэба журналістаў, якія прыедуць на чэмпіянат свету, не пускаць нікуды за межы «Мінск-Арэны». Што за глупства! Няхай журналісты едуць, глядзяць, пішуць. Але калі ўбачаць бруд – напішуць, сфатаграфуюць. Дык давайце выдраім, вычысцім краіну, кожную вёсачку, асабліва каля Мінска, і абласныя гарады». «Чэмпіянат адкрывае перад намі бліскучыя перспектывы. Правядзём на высокім узроўні – і ўсе паедуць ад нас з жаданнем вярнуцца, прывезці да нас яшчэ грошы і тут іх патраціць, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Найважнейшая задача – забяспечыць камфортнае і бяспечнае знаходжанне гасцей і ўдзельнікаў чэмпіянату свету». Чэмпіянат свету па хакеі – гэта наш шанц паказаць сябе свету, рэзюмаваў беларускі лідар.
Акуратная работа з бюджэтам выключыць неабходнасць стварэння фондаў па развіцці розных галін
Адказваючы на пытанне дэпутата аб тым, ці мае сэнс разгледзець магчымасць павелічэння акцызаў на алкагольную і тытунёвую прадукцыю, каб накіраваць выручаныя сродкі на культурныя, адукацыйныя, спартыўныя праекты, Прэзідэнт адзначыў, што да вырашэння такіх задач трэба падыходзіць абдумана. «Мы можам на алкаголь і тытунь павысіць акцызы. Чытай – павысіць цэны. Паўстае пытанне – дзе будзем прадаваць алкаголь і тытунь, асабліва ва ўмовах Мытнага саюза? Калі цана будзе вышэйшай, чым на «барматуху», нават няякасную, якую мы часам атрымліваем з-за межаў краіны, наш народ будзе піць гэту «барматуху», аж да адэкалону. Былі ж такія перыяды. Таму павышаць цэны на алкаголь і тытунь трэба вельмі акуратна і асцярожна, каб не закрыць для сябе рынкі і не страціць унутраны рынак». Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з «бюджэтам трэба працаваць акуратна, тады не трэба будзе ствараць кропкавыя асобныя фонды па развіцці культуры або яшчэ чагосьці». «Вы паглядзіце, колькі вы грошай накіроўваеце разам з урадам на падтрымку рэальнага сектара эканомікі. Там грошы трэба зарабляць і бюджэт папаўняць. А мы зарплату не можам павысіць дзяржслужачым, урачам і настаўнікам, таму што туды велізарныя грошы ўкідваем», – сказаў Прэзідэнт.
Нельга «прыватызаваць» рускую мову
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, сёння з’явіліся дзіўныя развагі аб тым, што ў Беларусі «дзесьці нібыта пачынаюць заціскаць не тое рускіх, не тое рускую мову». «Вядома, большае глупства прыдумаць складана», – падкрэсліў Прэзідэнт. «Скажу адкрыта – няма ніводнай краіны ў свеце, дзе так беражліва ставіліся ж да вялікай рускай мовы і вялікай рускай культуры. Я маю на ўвазе ў тым ліку Расію. Мы зрабілі рускую дзяржаўнай мовай яшчэ ў тыя гады, калі прыніжэнне той жа Расіі і рускіх было нормай на постсавецкай прасторы (я ўжо не гавару аб Захадзе), а словы «інтэграцыя», «братэрства» баяліся нават вымавіць», – адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Больш таго, мы лічым (і я шматразова аб гэтым гаварыў), што руская мова – гэта агульны здабытак перш за ўсё трох брацкіх народаў: украінцаў, беларусаў, расіян. Ды і іншых народаў, з якімі мы жылі ў адной краіне», – упэўнены Прэзідэнт. «Гэтым самым яшчэ раз хачу падкрэсліць для тых, хто спрабуе «прыватызаваць» рускую мову. Яна наша. Яна не расійская і не ўкраінская. Яна наша. Гэта жывы здабытак у тым ліку беларусаў, – падкрэсліў беларускі лідар. – Як падзяліць, напрыклад, паміж намі і Расіяй геніяльнага Дастаеўскага, чый род паходзіць з Беларусі? А як вызначыць, каму – Украіне або Расіі – належыць Мікалай Васільевіч Гогаль? Лічу, сама пастаноўка пытання абсурдна». «Тры нашы народы аб’яднаны агульнай гістарычнай памяццю, агульнымі вялікімі перамогамі, агульнай праваслаўнай духоўнай традыцыяй. Нашай калыскай была Кіеўская Русь – магутная і гордая еўрапейская дзяржава са сталіцай на Дняпры, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Так распарадзілася гісторыя, што з агульнай духоўнай праваслаўнай калыскі, са Святой Русі, выраслі тры брацкія, але самабытныя народы, кожны з якіх сёння будуе сваю дзяржаву». «Мы не прарасійскія, не праўкраінскія і не прапольскія. Мы – не рускія, мы – беларускія! Наша краіна – Белая Русь. Краіна, дзе жывуць і рускія, і ўкраінцы, і літоўцы, і палякі, і яўрэі, і татары, і многія іншыя. Гэта дзеці Белай Русі, грамадзяне адной краіны – Беларусі», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Расія была і застаецца стратэгічным саюзнікам Беларусі
«Расійская Федэрацыя заўсёды была і застаецца нашым стратэгічным саюзнікам, нашымі братамі. Там жывуць не толькі рускія. Гэта нашы браты, якія да нас цудоўна адносяцца. І страціць гэту данасць беларусам было б недаравальна», – падкрэсліў Прэзідэнт. «Так будзе і ў далейшым. Вялікая руская мова будзе свабодна развівацца ў Беларусі гэтак жа, як і наша «матчына родная беларуская мова», – заявіў кіраўнік дзяржавы. – Калі мы страцім рускую мову, мы пазбавімся розуму, калі мы развучымся гаварыць на беларускай мове, мы перастанем быць нацыяй». «Рускі чалавек гэтак жа, як украінец, паляк, яўрэй, татарын, прадстаўнікі іншай веры і нацыянальнасцей будзе адчуваць сябе ў Беларусі як дома, таму што Беларусь – гэта і ёсць іх дом, дом усіх грамадзян нашай дзяржавы незалежна ад іх веры і крыві», – запэўніў Прэзідэнт.
Беларусь зацікаўлена ў стабільнай, працвітаючай, адзінай Украіне
«Мы будзем супрацоўнічаць з нашай Украінай, як бы ні было цяжка», – адзначыў Прэзідэнт. «Беларусь як бліжэйшая суседка вельмі зацікаўлена ў стабільнай, працвітаючай, адзінай Украіне і гатова ўсяляк гэтаму садзейнічаць», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь праводзіць паслядоўную палітыку па развіцці інтэграцыйнага супрацоўніцтва на прасторы СНД. За час старшынства ў Садружнасці ў 2013 годзе было праведзена 70 значных мерапрыемстваў. «І калі сёння Украіна адмовілася ад старшынства, мы прынялі на сябе гэту ролю, і мы выканаем гэтыя абавязацельствы як трэба, таму што тут стваралася СНД, тут штаб-кватэра і таму што мы – народ, які адданы больш, чым іншыя, прабачце за нясціпласць, інтэграцыі», – сказаў Прэзідэнт. Прэзідэнт Беларусі лічыць, што калі сітуацыя ва Украіне пяройдзе ў сілавую фазу і бакі пачнуць прымяняць зброю, то пагасіць гэты канфлікт будзе надзвычай цяжка. «Галоўнае, што сёння адбываецца ва Украіне, – там народ ашалеў, яго адурманілі палітыкі, народ не бачыць выйсця. Адны крычаць аб асацыяцыі, іншыя – аб федэралізацыі, трэція – яшчэ аб нечым, – адзначыў Прэзідэнт. – Народ жа не разумее, што такое асацыяцыя, федэралізацыі, яго клічуць на барыкады правакатары, розная дрэнь з усіх бакоў. Трэба спыніцца, трэба людзям сказаць, што гэта такое. Трэба даць магчымасць людзям падумаць і зрабіць усвядомлены выбар. А для гэтага якраз патрэбны нармальныя лідары, якія не зарваліся, не пагразлі ў карупцыі, не адбудавалі на гэтай украінскай беднаце свае асабнякі і нажылі сваё багацце». «Вось галоўная сутнасць сёння: не танкі, не зброя. Калі толькі там пачнецца стральба з двух або з трох бакоў, мы гэты канфлікт не пагасім ніколі», – лічыць Аляксандр Лукашэнка. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што вакол падзей ва Украіне ідзе інфармацыйная вайна. «А сутнасць у адным: народу цяжка, народу дрэнна. І вы ведаеце, я думаю, што гэтым не скончыцца. Мне здаецца, што там чарговым майданам нават не абысціся, калі там не супакоіць сітуацыю», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Гордзіеў вузел трэба рассекчы
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка спадзяецца, што Еўрапейскі саюз усё ж здолее зразумець важнасць нармалізацыі адносін з Беларуссю і разгледзець перспектывы выбудоўвання доўгатэрміновых адносін. «Нягледзячы на ўсе палітычныя рознагалоссі, мы ніколі не чынілі перашкод замежнаму бізнесу, не перашкаджалі гандлю з інвестыцыямі», – адзначыў Прэзідэнт. Ён дадаў, што, напрыклад, для Латвіі, Літвы, Польшчы выгады ад супрацоўніцтва з Беларуссю часам значна больш, чым ад краін – членаў ЕС. «Спадзяёмся, што скрозь заслону негатыўнага вобраза Беларусі, што распаўсюджваецца асобнымі палітыкамі, нашы партнёры ў Еўрасаюзе ўсё ж здолеюць зразумець важнасць нармалізацыі адносін і разгледзець перспектывы выбудоўвання доўгатэрміновых адносін», – сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што тое ж датычыцца і ЗША. «Рассекшы гордзіеў вузел накопленых праблем, мы адкрыем з імі гарызонты ўзаемадзеяння, якія не выкарыстоўваюцца, перш за ўсё ў эканамічнай і інвестыцыйнай сферах», – лічыць Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускую палітыку на заходнім напрамку характарызуюць прагматычнасць, паслядоўнасць і прадказальнасць. «Мы будзем выбудоўваць нармальныя адносіны з Еўрапейскім саюзам, Злучанымі Штатамі Амерыкі, таму што гэта цывілізаваны, вельмі развіты рынак, гэта багатыя, тэхналагічна высокага ўзроўню дзяржавы, і мы будзем з імі супрацоўнічаць. Жадаючыя, хто хоча прыехаць і інвесціраваць у нашу эканоміку – калі ласка», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле матэрыялаў БелТА








