Памяць пра вайну не дае нам спакою. Яна, нібы калючая стрэмка, засела навечна ў нашых сэрцах. Няма той сям’і, якая б не адчула ваеннае гора, у кожнай з іх свой рахунак да вайны.
Сённяшняя моладзь – не дзеці вайны. Ім не давялося бачыць аблітую крывёй зямлю і вогненнае сонца. Але яны адчуваюць подых вайны праз дзесяцігоддзі. Нездарма гаворыцца, што той, хто не памятае мінулага, асуджаны зноў яго перажыць. Вось па-гэтаму так важна, каб не змаўкала ў свеце народная памяць. Праўда пра вайну захоўваецца сёння ў архіўных дакументах, яе нясуць у сваіх сэрцах сведкі тых жудасных падзей.
Вельмі балюча ўсведамляць, што ахвярамі вайны былі дзеці, з дзецьмі вайна абышлася бязлітасна. Мільёны іх загінулі. А тыя, хто застаўся жыць, прайшлі нечалавечыя пакуты.
Настаўніца гісторыі Вязынскай сярэдняй школы зрабіла экскурс у гісторыю, расказала пра канцэнтрацыйныя лагеры смерці, пра пекла вайны, праз якое прайшлі мільёны.
Памяць…Яна не дае спакойна жыць дзецям вайны. Яны без слёз не могуць успамінаць сваё ўкрадзенае маленства.
У рамках праекта «Мост» адбылася ў школе сустрэча з членамі клуба «Дзеці вайны», прысвечаная Міжнароднаму дню вязняў. Сем нястомных жанчынак у чарговы раз прыехалі на сустрэчу з маладым пакаленнем, каб расказаць пра перажытае, што яны помняць пра тую страшную вайну, якую бачылі сваімі вачыма. Дзеці з цікавасцю слухалі паведамленне-споведзі вязняў віцебскага канцлагера «Пяты полк» Гарчаковай Антаніны Іванаўны і Дуровіч Надзеі Аляксандраўны. Жыццё ў халодных бараках з цэментаванымі падлогамі, антысанітарыя, эпідэмія тыфу, голад – усё спрыяла таму, каб людзі гінулі як мухі. Вызваленне выратавала ад смерці. І сёння яны ў страі, як і Мароз Лілія Іванаўна, Пяскавая Марыя Мікалаеўна, Саўчыц Соф’я Іванаўна, Цеплякова Нона Іванаўна, Чыжэўская Валянціна Мікалаеўна. Іх маленства таксама было абпалена вайной, бо яны зведалі нямецкае рабства.
Слухаючы ўсхваляваныя аповеды гэтых сціплых жанчын думала: адкуль у іх душах столькі цеплыні, любові, дабрыні, хоць прайшлі яны праз смерч вайны ў раннім дзяцінстве? Ці ж не прыклад сёння маладым іх жыццё? Яны аптымістычна глядзяць у будучыню, дзякуюць за сённяшні дзень, любяць сваю краіну, ганарацца Беларуссю. Многа добрых пажаданняў пачулі дзеці ў гэты дзень ад гасцей.
Сустрэча была цёплай і шчырай. Члены гуртка «Школа здароўя» запрасілі на яе і мясцовых жыхарак, актыўных валанцёрак Траццякову Любоў Аляксандраўну, Філістовіч Таццяну Дзям’янаўну, чыё маленства таксама было абпалена вайной. Усхвалявана расказвалі гурткоўцы Андранюк Павел, Аляшкевіч Дар’я, Стасілевіч Аляксандра пра вязняў, што прысутнічалі на сустрэчы, ураджэнцаў в. Рыбчына – Клімёнак Ганну Аляксандраўну, Сыч (Сак) Фёклу Раманаўну, Гаўрыліка Пятра Адамовіча (нажаль, ён памёр 2 гады назад).
Для гасцей вучні падрыхтавалі канцэрт. Макарава Марына Паўлаўна ад імя цэнтра сацыяльнага абслугоўвання ўручыла гасцям падарункі, вучні – кветкі.
Дыялог пакаленняў прадоўжыўся за салодкім чайным сталом. У сувязі з юбілеем Траццякова Любоў, актыўная валанцёрка, атрымала ад членаў гуртка букет цёплых пажаданняў і падарунак ад сацыяльнага цэнтра.
Гэта сустрэча, думаю, надоўга запомніцца як дзецям, так і дарослым.
Дай Бог усім людзям душэўнага і духоўнага здароўя, спакою і міру.
Раіса ФІЛІСТОВІЧ,
кіраўнік валанцёрскай групы в.Вязынь, педагог Цэнтра дадатковай адукацыі








