Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

В Вилейском районе прошёл республиканский субботник

Ва ўражальны аб’ём заробленых на рэспубліканскім суботніку сродкаў унеслі свой уклад і мы, жыхары Вілейшчыны. Не зважаючы на неспрыяльнае надвор’е, людзі працавалі на палях, дзе завяршалася апошняя дзея сяўбы ранніх яравых. Менавіта ў дзень суботніка з заданнем па сяўбе справіліся акцыянерныя таварыствы «Алая зара», «Чурлёны», унітарнае прадпрыемства «Вілія-агра», райаграсэрвіс.
Больш 15 тысяч чалавек узялі ўдзел у суботніку. Вяліся маштабныя работы па добраўпарадкаванню тэрыторый, памятных мясцін, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчынай і Першай сусветнай войнаў, дзіцячых аздараўленчых летнікоў. Па папярэдніх падліках, зароблена больш 236-ці мільёнаў рублёў. Выпушчана прамысловай прадукцыі на 533,9 мільёна рублёў. Выканана падрадных работ на 179 мільёнаў. І галоўнае – Вілейшчына пахарашэла, заззяла чысцінёй. І ўдзячная за людскі клопат, выпырхнула са згорнутых у тугія кулачкі пупышак першая зялёная лістота. Вітаючы вясну і радуючыся вербнай нядзелі, велікодным дням, якія неўзабаве будзе адзначаць увесь хрысціянскі свет.
Прапануем чытачам сюжэты, якія нам, журналістам раёна, давялося назіраць у гэты святочна-будзённы дзень.

Заброддзеўская аўра

Гэта мясціна валодае асабліва прыцягальнай духоўнай сілай. З-за вечнай прысутнасці ў ёй непераходзячай аўры памяці. Заброддзеўскія могілкі, дзе пахаваны салдаты Першай Сусветнай вайны, адноўлены ініцыятывай і стараннямі Барыса Цітовіча. Вядомага ў краіне мастака, краязнаўца, які доўгі час займаецца зборам і даследаваннем матэрыялаў па гісторыі Першай Сусветнай. Старонкі паўзабытай вайны, што пакінула глыбокія шрамы на вілейская зямлі, адкрыты ім для сучаснікаў і нашчадкаў. Адна з іх – могілкі на месцы, дзе некалі размяшчаўся прыфрантавы шпіталь. Сціплы пагост вянчае звонніца, узведзеная таксама па праекту Барыса Барысавіча.
Сёння тут – суботнік. На аднаўленні могілак і іх добраўпарадкаванні працуюць работнікі апарата райвыканкама, начале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Віктарам Катом. Па абрысах захаванняў выкладваюцца камяні, замацоўваюцца растворам, атрымоўваецца грунтоўная сцяжка, якой не страшныя землятрусы гадоў.
Сёлета спаўняецца сто год, як зямлю скалыхнула ліхалецце Першай Сусветнай. І з удзячнасцю да колішніх абаронцаў Айчыны ўспамінаюць гэту дату нашчадкі.

Дызайнеры з ДБУ-13

– Мы у цэнтры горада, не ў прамысловай зоне, таму не толькі на тэрыторыі, але і на вуліцы павінны падтрымліваць узорны парадак. Што і імкнёмся рабіць, – Аляксандр Сталыга, начальнік дарожнага будаўнічага ўпраўлення №13 звяртае ўвагу на стараннасць сваіх калег, якія сёння ўзялі бачна напружаны тэмп у рабоце. Ужо спланавалі і перакапалі клумбу перад уваходам у адміністрацыйны будынак. На ёй пышна закусціўся букет вясновага першацвету. Гэта што тычыцца дызайна. А на тыльным баку прыборку смецця і леташняй лістоты вядзе інжынерна-тэхнічны персанал начале з галоўным інжынерам арганізацыі Віктарам Дземідовічам. Тэрыторыю ўпраўлення ад гарадскіх могілак аддзяліў новы плот, узведзены нядаўна ў адпаведнасці з праектамі сваіх жа дызайнераў.
Уладзімір Мамай, інжынер па камплектацыі, амаль сорак год прайшло, як пачынаў тут вадзіцелем. У яго жыцці было столькі ж суботнікаў менавіта рэспубліканскага маштабу. Безумоўна, дэталі ў памяці не захаваліся, але агульны святочны настрой, працоўны энтузіязм з яе не выкрасліш. Ды і навошта? Павінны быць і сярод будняў такія святы, – лічыць Уладзімір. – Калі справу карысную робіш не за грошы, а па закліку сумлення.
– Аб’ектаў больш было, – успамінае суразмоўца, – дапамагалі сваім на лініі. Цяпер у гэтым неабходнасці няма. Аб’ёмы работ паменьшалі.
Аднак ва ўпраўленні многае робіцца па пошуку новых аб’ектаў. Сёння тэхніка і людзі ДБУ-13 працуюць на другой лініі Мінскай кальцавой аўтадарогі ў раёне Вішнеўкі. Чатыры экскаватары, тры бульдозеры, 2 аўтагрэйдары… – загінае Аляксандр Сталыга пальцы. Летась упраўленне выйграла тэндар на правядзенне вертыкальнай планіроўкі і добраўпарадкаванне тэрыторыі Маладзечанскага мясакамбіната. І сёння там таксама працуюць работнікі ўпраўлення на сваіх рабочых месцах. І яшчэ адзін аб’ём работ атрымалі вілейскія дарожнікі ў суседнім Маладзечне. Яны вядуць рэканструкцыю двара шматкватэрнага дома па вуліцы Будаўнікоў.

Дэмантаж цеплатрасы

Для недасведчанага сапраўды здзіўляючае відовішча. А менавіта ім у дзень суботніка займалася ДУП «Вілейская ЖКГ». Трубы пракладваліся ад гарадской кацельні ў напрамку Ізбіно, дзе некалі планавалася ўзвядзенне завода тэхаснасткі. Планы будаўніцтва сарваліся. Траса ўздоўж дарогі ў напрамку ад Вілейкі на Нарач засталася. Сёння яе дэмантажом заняты дзве брыгады камунальнікаў.
– Адна – рэжа, – ківае ў бок жоўтых пырскаў электразваркі майстар цепласетак Анатоль Палянскі. – Другая займаецца пагрузкай.
Задача ўскладняецца наяўнасцю трох ліній электраперадач. У рабоце патрабуецца павышаная асцярожнасць. Трубы вывозяцца на склад. Яны ў добрым стане. І знойдуць прымяненне пры рамонце цеплатрас – канстатуе майстар.

У Нарачы

Завіхаюцца ля помніка загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне вучні Нарачанскай школы. Пачаткоўцы лёгка ўпраўляюцца з граблямі ды венікамі.
– Гэта ў нас не першая веснавая ўборка, – дзеляцца іх настаўнікі. – Спачатку смецце пасля зімы прыбіралі. Цяпер наводзім глянец.
Маленькая Крыстына схілілася над мемарыяльнай дошкай з прозвішчамі загінуўшых землякоў. Жвава скача венік у руках дзяўчынкі. Яна ведае, што і яе старанне патрэбна для памяці.

У водаканале

Работамі па добраўпарадкаванні тэрыторыі водаканала кіруе майстар Арам Хачатран. Больш сотні чалавек, якія працуюць у арганізацыі, выйшлі сёння на суботнік. На добраўпарадкаванні – канторскія работнікі. Ужо засеяны газоннай травой бардзюрныя дарожкі. Каменьчыкамі абкладзены вакол каранёў дрэўцы, зрэзаны і вывезены на пагрузчыку стары дзёран.
…Не ўсюды, дзе кіпела праца, пазначаная статусам рэспубліканскага суботніка,удалося пабываць. Ды і аб’ёмаў газетнага выпуску не хопіць, каб расказаць пра ўсе аб’екты і ўсе сюжэты традыцыйнага мерапрыемства. Таго, што згуртоўвае нас у працоўным парыве, у імкненні ўдасканальваць аблічча роднай зямлі, удзячнай і непаўторнай у сваім першаствораным веснім харастве. Марыя КУЗАЎКІНА. Фота аўтара
(У публікацыі выкарыстана інфармацыя БелТА – Аўт.)

Начальнікі  нашых двароў

– А можа, не вельмі прыгожа – фатаграфавацца ў рабочым адзенні, не падрыхтаваўшыся? – засумнявалася Раіса Шупенька.
– Дык не на танцах мы, а на суботніку, – рэзонна заўважыла Іна Хільман.
Жанчыны працуюць дворнікамі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Работа не з лёгкіх, аднак, прызнаюцца мае суразмоўцы, за гады працы прызвычаіліся да яе, звыкліся. Сёлета не вельмі надакучала зіма, таму ваяваць са снегам асабліва не даводзілася. Прыбралі, спарадкавалі замацаваныя за імі тэрыторыі і вясной. Толькі б падтрымліваліся яны ў такім стане… На жаль, ёсць яшчэ такія людзі, хто не вельмі клапоціцца пра чысціню двара. У кватэры навялі парадак, а на «нічыйным» двары можна і смецце выкінуць – дворнік прыбярэ. Не вельмі многа такіх «акуратных», але сустракаюцца. І ці перавыхаваюцца яны, невядома. Затое добрыя знаёмыя і нават сябры ў Іны Аляксандраўны і Раісы Аляксандраўны ёсць у кожным доме, двары якіх жанчыны абслугоўваюць. Так прыемна чуць жанчынам шчырае «дзякуй» за сваю нялёгкую працу, усведамляць усю яе важнасць для людзей. І міжволі прыгадваюцца радкі Таццяны Цвятковай пра дворніка і адказны для яго час – лістапад:
Облетевшей листвы догорают костры,
Я – директор двора и начальник  метлы.
Есть и в призрачной власти услада,
Раз командую я листопадом.

А пакуль мае гераіні камандуюць іншым – наводзяць парадак, беляць дрэвы на вуліцы Вадап’янава. Гэтым яны былі заняты і на суботніку.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 142 queries