Папулярызацыя кнігі і чытання з выкарыстаннем сродкаў візуальнай культуры ўпэўнена займае сваё належнае месца ў практыцы работы бібліятэк. Упраўленнем культуры Мінаблвыканкама быў аб’яўлены абласны конкурс на лепшы праект па папулярызацыі беларускай кнігі сродкамі сучасных інфармацыйных тэхналогій. У ім прынялі ўдзел 20 рэгіёнаў Мінскай вобласці і было прадстаўлена 45 праектаў.
У склад экспертнай камісіі ўваходзілі: пісьменнік, дырэктар РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”, старшыня Мінскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Карлюкевіч А. М., пісьменніца Алена Масла, галоўны рэдактар часопіса “Бібліятэка прапануе” Макаранка Л.І. і іншыя. Імі было адзначана, што развіццё мультымедыйных сродкаў станоўча ўплывае на творчы падыход бібліятэкараў у працы па далучэнні чытачоў да кнігі. Прадстаўленыя матэрыялы па зместу, дызайну і тэхнічнай рэалізацыі былі ацэнены кожным членам журы адпаведна крытэрыям конкурсу. Адзнака выстаўлялася па дзясяцібальнай шкале, паводле сумы атрыманых балаў былі вылучаны пераможцы. Першае месца ў намінацыі “Лепшы праект па папулярызацыі беларускай мастацкай літаратуры” было прысуджана Іне Лазар, бібліятэкару Ізбіноўскай сельскай бібліятэкі Вілейскага раёна за буктрэйлер па кнізе У. Караткевіча “Лятучы Галандзец”, другое месца – Аксане Дубяга, бібліятэкару аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК “Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка”, за буктрэйлер “Край мой верасовы” па кнізе І. Лашуткі “Край верасовы”. Віншуем з перамогай! Ксенія МІСЮЛЬ, метадыст II катэгорыі . Фота прадастаўлена аўтарам




