Колькі знаёма з галоўным аграномам «Нарачанскіх зораў», пэўна ўжо год дваццаць, не стамляюся здзіўляцца яго пазітыўнаму настрою, веры ў спрыяльнасць зямлі і свае ўласныя сілы. Вось і гэтыя словы аб сялянскім спадзяванні ён вымаўляе з лёгкім гумарам. І ўжо не баючыся патрапіць не ў тэму, расказваю аграному пра чуткі наконт нібыта загінуўшых у таварыстве ад замаразкаў пасеваў ранніх яравых.
– Ды не, праз дзён пяць чакаем усходаў. Зерне ў зямлі ляжыць. Што яму станецца? – у Віктара Драчылоўскага наконт тэрмінаў вясновай сяўбы ёсць свая, навукова абгрунтаваная тэорыя. І яна ва ўсёй яго амаль трыццацігадовай жыццёвай практыцы яшчэ не давала збояў.
Аграном – па натуры не толькі гаспадарнік, але і эстэт. Гэта з поўным правам можна сцвярджаць, назіраючы аконтураныя палеткі, з далікатна разгладжанымі апрацоўчай тэхнікай слядамі ворыва. Так выглядаюць зморшчынкі на немаладым твары, якіх кранулася рука вопытнага касметолага.
– Ён у нас асабіста сам «дыяганаль» праверыць, – канстатуе Мікалай Вішнеўскі, механізатар, які заняты перадпасяўной апрацоўкай глебы пад пасеў аднагадовых траў. Спыніўшы трактар на ўскрайку поля, Мікалай чакае, калі наблізіцца агрэгат Сяргея Роўды. Дзея, якая мае адбыцца, па добраму інтрыгуе абодвух. І галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы,культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Яўгель пачынае з кароткай інфармацыі аб ходзе пасяўной у гаспадарках раёна. Канстатуючы, што «Нарачанскія зоры» – у лідарах. Затым – віншаванне з працоўнай перамогай,адрасаванае Сяргею Роўду, якое суправаджаецца ўручэннем падзячнага пісьма ад старшыні раённага выканаўчага камітэта і сувеніра – ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Час прыспешвае. Ужо сёння за культыватарамі запланавана пусціць пасяўны агрэгат. Таму журналісцкая дапытлівасць застаецца практычна незадаволенай. Даведалася, што механізатарскай навукі Мікалай Вішнеўскі пачынаў набірацца ў бацькі, мясцовага трактарыста. Што тэрміновую служыў на граніцы. А дэмабілізаваўся – дамоў вярнуўся. І ледзь паспеў завесці сям’ю – таварыства выдзеліла пад жыллё дом сядзібнага тыпу ў новым пасёлку аграгарадка. Хутка абедзены час – і ў полі яму будзе наліваць у міску жонка Алена, работніца мясцовай сталовай. Чым не сямейны абед? Загучала песня – і захацелася яе слухаць. Пад мінорны шум бяроз, якія ўжо сталі ткаць для сябе ўбор з промняў весняга сонца і нябеснага блакіту.
– Гэта наша апошняе поле, – трымаючы рукамі руль і кантралюючы дарогу, Віктар Драчылоўскі кідае позірк управа. – Далей Гродзеншчына пачынаецца – Смаргонскі раён. На гэтым кліне авёс сеем. Дарэчы, са сваім старым знаёмым сустрэнецеся. – Захоўваючы інтрыгу, Віктар Уладзіміравіч хітравата прыжмурвае вочы. Мы размаўляем з Юрыем Міклушам, вадзіцелем «МАЗа», што нядаўна ад’ехаў ад пасяўнога агрэгата, засыпаўшы ў яго бункер насенне. І зноў чакаем другога ўдзельніка разгорнутай на палетку дзеі – бадай, галоўнага. З-за лапіны ўзлеску, навісшага над полем жоўтымі вейкамі пушыстага вербалозу, выплывае «Фэндт» і імпэтна рухаецца ўздоўж кромкі поля.
– Ну і хуткасць! – не хавае свайго захаплення прадстаўнік ідэалагічнай службы райвыканкама.
А ў кабіне – сапраўды сюрпрыз. Мой даўні знаёмы Алег Балгарскі, чалавек з нетутэйшым прозвішчам, які ўжо даўно прыжыўся на нарачанскай зямлі. Як правіла, разы два за год мы з ім сустракаемся на палетку. Менавіта тады, калі прыходзіць час галоўных сельскагаспадарчых кампаній. Сёння для Алега Леанідавіча – адметны дзень. Яго працоўная руплівасць ушанавана падзячным пісьмом старшыні райвыканкама.
На панелі ў аўто галоўнага агранома – інфармацыя дыспетчарскай службы райсельгасупраўлення аб ходзе веснавых палявых работ. Ярка-зялёным колерам выдзелены паказчыкі «Нарачанскіх зораў”.
– Мы праз пару дзён і завяршылі б сяўбу, але на землі з кавалеўскай зоны яшчэ не ўлезці…
Не трэба выходзіць з аўтамабіля, каб пераканацца ў справядлівасці слоў, вымаўленных Віктарам Уладзіміравічам. Паабапал дарогі – вымачкі з празрыстымі вадзянымі люстэркамі. Але палетак каля Ялажыч, побач з меліярацыйнай канавай, ужо выспеў для сяўбы. Па ім з камбінаваным пасяўным агрэгатам рухаецца «Беларус 30-22». У кабіне – Сяргей Кубліцкі. Ён таксама атрымоўвае падзяку і прыз ад райкама прафсаюза. І – песню. У выкананні Сяргея Рудніцкага і Усевалада Шкадзінскага.
…Сапраўды маштабная дзея разгарнулася і на полі, што нядаўна яшчэ належыла вучэбнай гаспадарцы вілейскага каледжа, а сёння тут гаспадараць механізатары райаграсэрвіса. Літаральна за два дні, сведчыць кіраўнік падсобнай гаспадаркі «Асіпавічы» Аляксандр Альфер, выканалі ўвесь комплекс работ. Пачынаючы ад ворыва і заканчваючы сяўбой. На перадпасяўной апрацоўцы глебы заняты былы жывёлавод вучэбнай гаспадаркі, цяпер – трактарыст райаграсэрвіса, Віталій Субач і вопытны механізатар Аляксандр Сняткоў. Летась з ім побач на сяўбе працаваў сын. Сёлета ён служыць тэрміновую. І праз год, лічыць Аляксандр, зойме з ім на полі вакантнае месца.
Імгненная ўрачыстасць сярод палетку прыносіць удзельнікам пасяўной дзеі некалькі прыемных хвілін. І разыходзяцца дарогі. Агітбрыгада рухаецца далей па маршруту. А трактары прасуюць каткамі зямлю. Каб утульна ў ёй было маленькаму зярнятку, гатоваму працягнуць небу гонкі парастак з поўным і важкім коласам.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара