Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У зале выстаў краязнаўчага музея адбылася вечарына, прысвечаная юбілейнай даце Ганны Новік

Не будзе перабольшваннем, калі скажу, што гэтыя сакавіцкія дні для Вілейшчыны паэтычнай, ды і ўвогуле культурнай, праходзяць пад знакам святкавання стогадовага юбілею Ганны Новік. Наша газета прысвяціла гэтай даце ўжо не адну цікавую публікацыю, а нагода звяртацца да тэмы ўсё роўна ёсць. Вось і на днях у зале выстаў краязнаўчага музея адбылася надзвычайна цёплая вечарына, прысвечаная юбілейнай даце вядомай паэткі, шчырага і неабыякавага чалавека, вернага сябра і чулліва-пяшчотна-тонкай жанчыны. Так-так, падчас сустрэчы менавіта такой рознабаковай убачылася Ганна Аляксееўна прысутным. І, як мне падаецца, гэта галоўнае. Ганну Новік мы ведаем як вядомую паэтку, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтара зборнікаў вершаў «Мае вёсны», «Мая Вілейшчына», «Барвовае лісце»… Кожны з нас можа расказаць пра яе няпросты жыццёвы і творчы лёс. Многія з тых, хто сядзеў у зале, былі добра знаёмы з Ганнай Аляксееўнай, некаторыя могуць ганарыцца, што былі яе блізкімі сябрамі, аднадумцамі. Ды і для іх, думаецца, у гэты дзень адкрылася нейкая новая грань характару гэтай мужнай жанчыны. Для маладых жа, хто ведае паэтку толькі па творах, яна ўбачылася такой шчырай, зямной, прыцягальнай і… адзінокай. Дзякуй супрацоўнікам музея, аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі – у іх атрымалася паказаць нашу шаноўную зямлячку – грамадзяніна, патрыёта, змагара – сапраўднай жанчынай, пачуццёвай, рамантычнай і трапяткой.

Вельмі цікава ўзгадвалі пра Ганну Аляксееўну людзі, якія на працягу многіх гадоў з ёй сябравалі. Мікалай Судніковіч, напрыклад, адзначыў, што ведаць Ганну Аляксееўну, сябраваць і працаваць з ёй можна лічыць шчасцем. І прыгадаў, як не магла жанчына прайсці міма тых, каму цяжка ў жыцці, як знаходзіла агульную мову з рознымі людзьмі – ад простага вяскоўца да артыста ці пісьменніка, як цікавілася жыццём мясцовага калгаса (а Мікалай Арсеньевіч быў тады яго старшынёй) і непасрэдна ўдзельнічала ў сходах. Не стараючыся даваць ацэнку творчасці Ганны Новік (няхай, маўляў, гэта робяць прафесіяналы), Судніковіч выказаў надзею ў будучым патрымаць у руках кнігу пра яе, у якой бы змясціліся і творы паэткі, і расказ пра яе. Сабраць, сістэматызаваць яе творы – гэта, на думку Мікалая Арсеньевіча, трэба нам, яе паслядоўнікам. Каб шанаваць, памятаць, ганарыцца. Не на словах – на справе, не абмінаючы ўвагай ні яе родную хацінку ў Варонічах, ні магілу.
Цікава ўзгадваў паэтку і яшчэ адзін яе добры знаёмы – Барыс Манцэвіч. У свой час, працуючы ў рэдакцыі раённай газеты, ён часта сустракаўся з Ганнай Аляксееўнай, падоўгу гутарыў з ёй. У памяці засталося многа цікавых эпізодаў, якімі Барыс Флоравіч падзяліўся з прысутнымі.
Для Людмілы Дзямідавай, якая таксама ўзяла слова, Ганна Аляксееўна была матуляй Ганнай. Так склалася, што іх, дзвюх жанчын рознага ўзросту, зблізіла перажытае гора – адна ў свой час страціла маленькую дачку, другая вельмі рана засталася без маці… Такія ж цёплыя адносіны былі ў Ганны Аляксееўны з колішняй загадчыцай гарадской бібліятэкі Раісай Соніч, з дапамогай якой выдаваліся зборнікі паэткі. Менавіта ёй, адчуваючы свой адыход, Ганна Новік даверыла сваю творчую спадчыну. А для паэткі Клаўдзіі Дубовік, якая чытала свае творы пра Ганну Аляксееўну, яна стала настаўніцай у творчасці. Як, напэўна, і для колішняга дырэктара трэцяй гарадской школы, а сёння кіраўніка літаратурнай гасцёўні ў рамках праекта «МОСТ» Антаніны Гарчаковай, якая таксама падзялілася сваімі ўражаннямі аб сустрэчах з паэткай. Дарэчы, на вечарыне прысутнічала нямала членаў літаратурнай гасцёўні, аматараў паэзіі Ганны Новік. Валянціна Чыжэўская, адна з іх, з задавальненнем чытала для прысутных вершы вядомай зямлячкі.
Вельмі цёпла гаварыў пра сваё знаёмства з ёй мастак Эдуард Мацюшонак: і пра тое, як маляваў партрэт Ганны Аляксееўны; і пра тыя цікавыя размовы, якія яны вялі; і пра талент, якім была надзелена гэтая светлая жанчына. На партрэце мастака кожная дэталь гаворыць: і чырвона-чорнае зарыва за спінай Ганны Новік; і блакітнае неба наперадзе; і буйныя каласы пад яе рукой; і расчыненая кніга… Толькі глядзі, супастаўляй і думай…
Слушную прапанову ўнёс, закрываючы вечарыну, дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Сяргей Ганчар. Цікава расказаўшы пра вароніцкі суботнік (так я ў думках назвала паездку ў родную вёску паэткі, падчас якой быў наведзены парадак у хаце і ля яе), Сяргей Мікалаевіч паказаў фотаздымкі, некаторыя рэчы Ганны Новік, якія знайшлі сваё месца ў музеі. А што да прапановы дырэктара гэтай установы, дык пад ёй, думаецца, падпішуцца ўсе: устанавіць у Вілейцы калі не помнік, дык бюст вядомай зямлячкі.
На развітанне загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганна Герко парадавала прысутных навінкай – зборнікам вершаў Ганны Новік «Раскватаруйся ў душы», які выпушчаны раённай бібліятэкай. У ім – творы паэткі, якія яшчэ многія не чыталі. Таму кожнаму, хто возьме ў рукі гэту кніжачку, будзе вельмі цікава. Упэўнена.
Ёсць у Ганны Новік такія радкі:
Удзячна ўсім, хто з гэтай  датай
Мяне прыйшоў  павіншаваць.

Мне здаецца, гэтыя яе словы віталі ў зале. І з партрэта падзячна глядзела яна сама, шаноўная юбілярша…
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Вікторыі АПЯЦЁНАК

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 127 queries