Зямля была пульхная і мяккая. Ногі патаналі у ёй да самых шчыкалатак. І гэта сведчыла, што яна выспела пад сяўбу. Па крайняй меры, на мой, дылетанцкі, пункт погляду. А Леанід Холад, галоўны аграном акцыянернага таварыства «Чурлёны», сціснуўшы ў далоні жменю ворыва, па якім мы рухаліся да пасяўнога агрэгата, вокамгненна распусціў пальцы. Зямля разляцелася ў паветры, нібы пырскі фантана, і лёгкая, лягла на дол.
– Няма камкоў – поле сухое, – рэзюмаваў мой спадарожнік, раскрываючы практыку свайго жыццёвага вопыту. А ён у Леаніда Паўлавіча багаты. Чвэрць века таму прыехаў на Вілейшчыну, гнаны Чарнобыльскай бядой. Як многія тады ехалі. Трапіў у «Чурлёны». Колькі часу працаваў тут. Хоць давялося пасля, па збегу абставін, пакінуць гэтыя гасцінныя мясціны, якія далі прытулак вымушанаму эмігранту з Гомельшчыны. І вось – вяртанне. Можа падацца, Леанід Холад употайкі пра яго часта марыў. Бо вельмі ўжо ўражліва і захоплена расказвае пра той звыклы працэс, які ў сельскай мясцовасці суправаджае кожны чарговы прыход вясны. Яго радуе рунь. Захаваўшы прыродны патэнцыял, яна стала дружна кусціцца і пайшла ў рост. І сёлетні прагноз на валавы намалот у 7 тысяч тон галоўны аграном лічыць упаўне рэальным. Хоць у «Чурлёнах» цяпер, з-за далучэння суседняй гаспадаркі, у многім змяніліся ўмовы для функцыявання і раслінаводчай галіны. Структура плошчаў плануецца з разліку на патэнцыяльную ўрадлівасць глебы, якая ў таварыстваў, членаў зноў створанага альянса, – розная. Бал зямлі ды і сама культура земляробства вышэй у «Чурлёнах». Таму тут будуць пераважаць больш патрабавальныя да якасці пасяўных угоддзяў пшаніца і трыцікале. Ячмень і авёс знойдуць прапіску на Іжаншчыне. Хоць сёння такі надзел чыста ўмоўны, бо гаворка ідзе ўжо пра адзіную гаспадарчую структуру. Пад яравыя сёлета тут плануецца засеяць 2073 гектары плошчаў, больш палавіны з іх – пад збожжавыя. З выразна акрэсленых праблем сёлетняй сяўбы галоўны аграном называе найбольш выяўную – недахоп фосфарных угнаенняў. Не столькі з-за іх дэфіцыту, колькі – дарагавізны. Зямля шчодрая на аддачу, але не можа рабіць гэта бясконца, не папаўняючы свой рэсурс. Вось і недахоп фосфару хлебаробы імкнуцца кампенсаваць арганікай. На вывазцы яе і ўнясенні працуе спецыялізаванае звяно: 50 тысяч тон арганічных угнаенняў нарыхтавана, больш палавіны іх ужо раскідана. На палях працуе камнеўборачная тэхніка. – Вільгаць зямлю пакідае, – канстатуе аграном, назіраючы, як за некалькі метраў ад культыватара вецер узнімае аблачынку пылу. – Упаўне можам сутыкнуцца з майскай засухай, – робіць спецыяліст трывожны прагноз, аргументуючы напружаную працу тэхнікі на закрыцці вільгаці. …Каля пасяўнога агрэгата завіхаецца механізатар Уладзімір Смаленскі. Ён толькі што дазаправіў сеялку – і з гэтым звязаны кароткі прыпынак на полі яго «Беларуса», з колаў якога Уладзімір змахвае некалькі буйных ячменных зярнят. Наш суразмоўца – родам з тутэйшых мясцін. Як, дарэчы, і большасць чурлёнскіх механізатараў. – Грунтоўныя, працавітыя мужыкі прывязваюцца да сваёй зямлі, – разважае Леанід Паўлавіч. – Сум у яго вачах – адбітак адзінага чарнобыльскага варыянта, які ні яму, ні яго таксама прывязаным да родных куткоў землякам не пакінуў права выбару… Але ж усюды прагне чалавечага клопату зямля. І кожны вясновы дзень рызыкоўны з пункту погляду страчаных магчымасцей. Ён – як імгненне, што заклікана наталіць патэнцыялам росту кволае зярнятка, калі пра гэта паклапоціцца сам чалавек, якому Небам наканавана ўдасканальваць аблічча зямлі. Праўда, хлебароб можа толькі здагадвацца аб сваім высокім прызначэнні, на развагі падобнага кшталту яму проста не хапае сёння часу. Як таму ж Валерыю Рогачу, які толькі што паспяхова прайшоў з культыватарам па вымачках (так механізатары паміж сабой называюць вільготныя мясціны, дзе яшчэ застаялася талая вада). Дапамаглі спараныя калёсы, усталяваныя на яго «Беларуса» напярэдадні пасяўной. За ўчарашні і палавіну сённяшняга дня Валерый пракультываваў 42 гектары ворыва, пры зменнай норме 12,5 гектара. Палеткі ў напрамку Тарасавіч, на якіх вяршыцца падрыхтоўка да галоўнай дзеі вясны, атакавала высокапрадукцыйная,з грунтоўным запасам трываласці, тэхніка. Перад культывацыяй уносяцца цвёрдыя мінеральныя ўгнаенні. У кабіне «МТЗ» – вопытны чурлёнскі механізатар Ігар Петрыкевіч. За ўзлескам, дзе сярод прагалін выплываюць ярка-ізумрудныя плямы азіміны, вырысоўваецца сілуэт «Расы», вёрткі і мабільны. Яго серабрыстыя штангі нагадваюць мільгаючыя ў палёце крыльцы страказы. Якая вось-вось прачнецца ад зімовага забыцця, каб аздобіць наваколле іх дробным пошчакам і нагадаць, што свет – ва ўладанні вясны. Механізатар Пётр Крывіцкі апрацаваў на «страказе» ўсе пасевы азімых. Сёння – завяршаючы акорд. Ад прагнозаў на ўраджай, – нягледзячы на свой багаты працоўны стаж, устрымліваецца, сціпла канстатуючы: – Восень пакажа. Марыя КУЗАЎКІНА. Фота аўтара