Навядзенне парадку ў раёне – гэта стала галоўнай тэмай гутаркі падчас сустрэчы, якая прайшла на днях у райвыканкаме. На яе былі запрошаны старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна, дырэктары ўстаноў адукацыі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў Святлана Герасімовіч і намеснік старшыні абласнога Камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ганна Валажынская.
Адкрываючы сустрэчу, старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўгеній Сініла падкрэсліў галоўную тэму гутаркі – навядзенне парадку на зямлі. Яна набывае яшчэ большую важнасць у сувязі з тым, што нашаму раёну выпаў гонар стаць узорным у вобласці па добраўпарадкаванні, а гэта, безумоўна, патрабуе вялікіх намаганняў кожнага з нас.
За мінулы год, які ў Беларусі быў аб’яўлены Годам роднай зямлі, на Вілейшчыне зроблена даволі многа. Аднак гэта не павінна азначаць, што з адыходам года можна лічыць справу зробленай – зусім не, у пытанні навядзення парадку на зямлі яшчэ мноства нявырашанага, і яно павінна быць на кантролі заўсёды. З гэтага пачала размову з прысутнымі Святлана Герасімовіч. Нямала праблем у горадзе, яшчэ болей – у сельскай мясцовасці. Звяртаючыся да старшынь сельвыканкамаў, Святлана Міхайлаўна акрэсліла асноўныя накірункі, па якіх трэба неадкладна працаваць. Гэта, у прыватнасці, знос аварыйных пустуючых дамоў, замена і рамонт платоў, навядзенне парадку на прысядзібных участках, могільніках, добраўпарадкаванне дамоў і гаспадарчых пабудоў. І тут, адзначыла Святлана Герасімовіч, сваё слова павінны сказаць дэпутаты раённага Савета на чале з Наталляй Радзевіч, новым старшынёй. Цяпер самы час нашым выбраннікам прайсці па вёсках, дзе жывуць іх выбаршчыкі, пагутарыць з людзьмі, пры неабходнасці, указаць на нейкія недахопы, дапамагчы і словам, і справай. І тут вельмі важна ўсім службам працаваць разам, у адной звязцы. Не пад сілу, дапусцім, сельсавету знесці аварыйныя будынкі сваімі сіламі, трэба смялей падключаць да справы супрацоўнікаў райаддзела Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, моладзь. Будзе апраўданым праводзіць і суботнікі, мэтай якіх стане навядзенне парадку на зямлі.
Канкрэтныя і неадкладныя задачы паставіла перад прысутнымі і Ганна Валажынская. Без іх вырашэння пра належнае добраўпарадкаванне не можа ісці размовы. Так, задачай нумар адзін Ганна Станіславаўна назвала ліквідацыю звалак смецця, якіх у раёне яшчэ нямала. Свае патрабаванні і да мініпалігонаў. Увогуле ж, патрэбна заключаць з насельніцтвам дагаворы на вываз адыходаў – тады не будзе ў людзей жадання выносіць непатрэбнае ў лес, на лугі… Нямала пытанняў па могільніках, дзе часам яшчэ ёсць аварыйныя дрэвы, несвоечасова вывозіцца смецце. Асобна спынілася Ганна Валажынская на патрабаваннях да ўнутрыгаспадарчых кар’ераў (кожная гаспадарка павінна мець свой, каб браць пясок, гравій для добраўпарадкавання), свідравін водазабеспячэння. Не абышлі ўвагай і зоны адпачынку, дзе абавязкова павінны быць кантэйнеры для смецця, альтанкі, навесы, аўтастаянкі, прыбіральні. Усё гэта, безумоўна, павінна ўтрымлівацца ў належным парадку, за што адказваюць арганізацыі, за якімі замацаваны зоны адпачынку. Належны парадак павінен быць і на тэрыторыях сельгасаб’ектаў, прамысловых прадпрыемстваў. Збор другасных матэрыяльных рэсурсаў, аварыйныя дрэвы, дарожныя знакі – і гэта, як і іншае, патрабуе пільнага вока і гаспадарскай рукі. А яшчэ – неабыякавасці і, не пабаюся гучнага слова, патрыятызму, любові да маляўнічай Вілейшчыны, дзе жывём мы, дзе жыць нашым нашчадкам…
Размова атрымалася сур’ёзная. І галоўная задача – навядзенне парадку на ўсёй тэрыторыі раёна – пастаўлена канкрэтна. Часу на роздум ды асэнсаванне няма, трэба пачынаць працу цяпер і кожнаму. На гэта нацэліў, завяршаючы гутарку, Яўгеній Сініла. Літаральна кожнаму з нас трэба агледзецца нераўнадушным вокам вакол сябе, убачыць непарадкі і тут жа ўзяцца за іх ухіленне. Найчасцей для гэтага не патрабуецца вельмі вялікіх сродкаў, патрэбны фантазія, рукі і ўсведамленне таго, што нічыйных тэрыторыі не бывае.
Ірына БУДЗЬКО







