Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дарагія нашы мужчыны, успомніце, што жанчынам патрэбна ваша ўвага…

Як заўсёды, спяшаюся з працы дадому. Па дарозе ёсць час падумаць, што набыць у бліжэйшай краме, каб прыгатаваць вячэру, чым парадаваць сёння дзяцей і мужа… Звычайныя думкі звычайнай жанчыны.
Недалёка ад мяне ў тым жа напрамку ідзе такая ж жанчына і размаўляе па тэлефоне. Далятаюць да мяне некаторыя словы з размовы: «хутка свята», «што табе падарыць?», «мне… якую-небудзь дробязь», «трэба яшчэ паспець набыць падарункі сястры і маме»…
«Яшчэ адна…» – думаю я. Толькі ці адна?
Першыя сакавіцкія дні радуюць сонцам і чаканнем першага свята вясны – «8 сакавіка». На жаль, многія з нас забыліся, што гэта свята прысвечана жанчыне, маці. Гэтыя самыя жанчыны ўзялі на сябе клопат нават пра ўласнае свята: набыць падарункі блізкім (і сабе!!!), прыгатаваць святочны абед і павіншаваць усіх знаёмых жанчын, дзяўчат са святам, даслаўшы хаця б якую-небудзь «sms-ку».
А чым жа займаюцца ў гэтыя перадсвяточныя дні нашы любыя мужчыны? Я зусім не хачу іх пакрыўдзіць. Так, яны ўвесь час працуюць, іх абавязак – забяспечыць сям’ю матэрыяльна, і яны з гэтым так ці іначай спраўляюцца. Але, дарагія нашы мужчыны, успомніце, калі ласка, што жанчынам, якія суправаджаюць вас усё жыццё, яшчэ патрэбна і ваша ўвага. Гэта вельмі важна для кожнай з нас. Не абмяжоўвайце сябе словам: «Са святам! Я табе грошы дам, а ты сама купі сабе што-небудзь…» Чуць такія словы большасці жанчын не толькі непрыемна, але і крыўдна. Падарыце свята сваім бабулям, матулям, жонкам, дачушкам, любым дзяўчатам. Вельмі хочацца адчуць сябе сапраўднай жанчынай, асабліва ў першыя дні вясны. Зірніце вакол, звярніце ўвагу на тое, як змяніўся за гэтыя дні наш «слабы пол»: спаднічкі замест штаноў, лёгкія каляровыя шалі ці хусткі замест цёплых шапак і капелюшоў, высокія абцасы, нават спіны выпраміліся, як быццам крылы выраслі; прыгажуні бягуць міма, усміхаюцца, і менавіта гэтыя ўсмешкі натхняюць мужчын на добрыя справы, на жыццё.
Мілыя жанчыны, не забывайце, хто вы! Адкіньце штодзённыя клопаты, зазірніце ў сваю шафу (там абавязкова знойдзецца нешта святочнае!), потым у люстэрка, усміхніцеся сабе і падарыце ўсмешку блізкаму чалавеку. Толькі ёй пад сілу сарваць зімовае футра з мужчынскага сэрца. I тады свята будзе не каля кухоннага стала, а вакол вас!
Наталля ЛЮБАВІЦКАЯ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 126 queries