Пудзілу зімы было суджана гарэць у вогнішчы. Таго патрабуе абрад. І без цені шкадавання віляйчане здзейснілі над ім гэта насілле. А пасля, пабраўшыся за рукі, наладзілі дружны карагод, абрысы якога губляліся ў густым дыме, што сплываў да ракі, туманам сцелячыся над хвалямі.
Ніжні парк – традыцыйнае ў Вілейцы месца для свята провадаў зімы. Хоць сёлета, шчыра кажучы, з ёю развітваліся без асаблівай радасці. Не змаглі, як след, накуралесіць марозы ды мяцеліцы, толькі злёгку паказыталі нервы аматарам экстрыму.
І нават дзіцячыя вочы выпраменьвалі сум, праводзячы позіркамі казачны зімовы дуэт у абліччах Дзеда Мароза і яго нязменнай спадарожніцы Снягуркі. Пра тое, каб разгорнутая на берагі Віліі дзея стала сапраўднай казкай не толькі для дзяцей, але і дарослых, паклапаціліся супрацоўнікі Вілейскага Палаца культуры, стварыўшы сцэнарый з улікам атрыбутыкі масленічнай абраднасці. Хоць захаваць яе, калі прыняць пад увагу нестандартныя пагодныя ўмовы, было вельмі і вельмі не проста. Але… Не было ледзяных палацаў і снегавых горак – затое прысутнічалі гульні іншага кшталту. Напрыклад, вельмі папулярны цяпер дартс. Былі танцы-экспромты перад імправізаванай сцэнай. На ёй запальвала народ папулярнымі мелодыямі «Бабіна лета», выступалі любімыя вілейскай публікай салісты. І вядома ж, усіх прысутных цягнула на водар шашлыка, да распаленых пліт, дзе вокамгненна выспявалі масленічныя бліны…
Наш фотакарэспандэнт Вікторыя Апяцёнак занатавала для гісторыі гэтыя ўражальныя хвіліны развітання з незвычайнай зімой. Па-рознаму адлюстравалася яна ў нашых сэрцах, пакінуўшы ў іх аднак непераходзячую надзею на будучыя сустрэчы. Мы не сказалі ёй «бывай».
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фото Виктории АПЕТЁНОК
a rel=»attachment wp-att-30514″ href=»https://www.peramoga.by/?attachment_id=30514″

















