Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Высокая місія настаўніка

Высокая місія ў настаўніка – навучыць дзіця не толькі свайму прадмету, але і таму, без чаго чалавек у вялікім свеце проста не ўяўляецца. Ды і навука проста быць чалавекам сярод людзей – таксама ад настаўніка. І любоў да роднай краіны, маленькай радзімы – таксама ад яго. А яшчэ і тое, што ён, педагог, прыводзіць сваіх лепшых вучняў у сваю прафесію.

Пераемнасць. Калі гавару пра гэта, адразу прыгадваю, што называецца, жывы прыклад. На працягу некалькіх гадоў тандэм з гімназіі №2 у складзе настаўніка беларускай мовы і літаратуры Віктара Кажуры і яго вучаніцы Бажэны Мацюк быў, што называецца, на слыху не толькі ў нас, на Вілейшчыне. Алімпіяды, конкурсы, канферэнцыі не адзін раз заваёўваліся вучаніцай пад кіраўніцтвам яе настаўніка. А ў мінулым годзе адбылася іх сустрэча ўжо ў новай якасці – як калег, якія прывезлі на даследчую канферэнцыю сваіх выхаванцаў. Пачуццё, прызнаўся Віктар Віктаравіч, непараўнальнае – бачыць сваю вучаніцу настаўніцай, кіраўніком. І радавацца, што дзейнасць яе таксама высока ацэньваецца. Значыць, не дарэмнай была і іх сумесная шматгадовая праца.
Убачыць свой працяг у вучнях. Які настаўнік не марыць пра гэта? Марыць і Віктар Кажура. Марыць і працуе. Вось і яшчэ адна вучаніца – Аляксандра Грабоўская – пад яго кіраўніцтвам захапілася даследчай дзейнасцю. І вось яно, дасягненне – па выніках Рэспубліканскай канферэнцыі даследчых работ праца вучаніцы па тэме «Малавядомы факт з біяграфіі Я.Купалы» ў мінулым годзе ўдастоена Дыплома трэцяй ступені.
Як няпроста гэта – разгледзець у падлетку маленькую іскарку таленту і раздзімаць яе, развіваць, упарта беручы ўсё новыя і новыя вяршыні. Гэта складана. Але ж вельмі патрэбна – бачыць, развіваць і дасягаць. Віктар Кажура з тых, хто не палохаецца шматгадовай працы, упартага імкнення наперад. Галоўнае, каб разгледзець тую іскарку…
Ірына БУДЗЬКО. Фота з архіву рэдакцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries