Грамадскаму аб’яднанню «Беларускі дзіцячы фонд» ужо споўнілася чвэрць стагоддзя. І ўвесь гэты час раённым аддзяленнем гэтага фонду кіруе Мікалай Гіро, чалавек у горадзе і раёне вядомы. У свой час выбраўшы высакародную прафесію настаўніка, Мікалай Мікалаевіч усяго сябе прысвяціў навучанню і выхаванню падрастаючага пакалення – гэта як педагог і дырэктар гарадской школы №3. А яшчэ ён дапамагае сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці, – і гэта ўжо як кіраўнік раённага аддзялення Дзіцячага фонду. Бадай, ні адно раённае мерапрыемства з удзелам дзяцей і для іх не праходзіць без сувеніраў, падарункаў і ласункаў ад фонду.
– Вось гэта – своеасаблівая справаздача нашай дзейнасці ўжо за бягучы год, – паказвае Мікалай Гіро стос папак. – Тут пра ўсе накірункі нашай дзейнасці.
Адным з галоўных, адзначыў Мікалай Мікалаевіч, з’яўляецца аздараўленне дзяцей. На працягу дваццаці пяці гадоў кожнае лета група вілейскіх хлопчыкаў і дзяўчынак адпраўляецца на адпачынак у краіну кветак – Галандыю. За гэты час там пабывала больш за тысячу юных віляйчан. Гэта дзеці з малазабяспечаных, шматдзетных сем’яў, пераможцы алімпіяд і конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў. А сталі магчымымі гэтыя паездкі менавіта дзякуючы цеснай сувязі аддзялення Дзіцячага фонду з нераўнадушнымі людзьмі з нямецкага горада Аберхаўзена.
– У свой час нашы сябры з гэтага горада прынялі рашэнне садзейнічаць адпачынку дзяцей Вілейшчыны ў Галандыі, – расказвае Мікалай Гіро. – Кіруе пректам Герд Майер, прадстаўнік евангелісцкай царквы Аберхаўзена. Са сваімі сябрамі ён збірае сродкі для арганізацыі адпачынку нашых дзяцей. А гэта даволі няпростая справа – ладзяцца спецыяльныя дабрачынныя кірмашы, на якіх арганізатары прадаюць рознага роду вырабы, выпечку, збіраючы такім чынам сродкі для нашых дзяцей.
Трэба сказаць, што адпачынак за мяжой – запамінальная падзея ў жыцці юных віляйчан. За гэты час яны не толькі адпачываюць, але і знаёмяцца з культурай, гісторыяй краіны, паляпшаюць веды па замежнай мове. Колькі прыемных уражанняў прывозяць з сабой тыя, хто наведаў цудоўны куток Шарандайку (гэта мясціна ў Галандыі). З захапленнем расказваюць пра мора, у якім купаліся, пра тое, як загаралі, дыхалі паветрам, насычаным ёдам. А як уразілі васьмікіламетровыя масты, загароды, што ўтрымліваюць мора, якое знаходзіцца вышэй за ўзровень сушы! Ды і спартыўныя святы, канцэрты, круглыя сталы, знаёмства з кухняй краіны застануцца ў памяці на ўсё жыццё.
У сваю чаргу, нямецкія сябры прыязджаюць у Вілейку, сустракаюцца з тымі, хто адпачываў у Галандыі. Летам 2012 года адбылася такая сустрэча ў трэцяй гарадской школе з першымі наведвальнікамі Галандыі, цяпер ужо дарослымі людзьмі самых розных прафесій.
Раённае аддзяленне Дзіцячага фонду працуе і з дзеткамі з абмежаванымі магчымасцямі. Дабрачынны марафон «Рабі вялікае, не чакаючы вялікага», акцыя «Нашы сэрцы – хворым дзецям», навагоднія, калядныя мерапрыемствы, сустрэчы з мамамі і іх дзеткамі ў акушэрскім і дзіцячым аддзяленнях бальніцы, у аддзяленні дзённага прабывання дзяцей-інвалідаў «Ластаўка», у сацыяльным прытулку… Пералік добрых спраў, у якіх удзельнічае раённае аддзяленне Дзіцячага фонду, можна працягваць яшчэ доўга.
Мікалай Гіро з’яўляецца і старшынёй каардынацыйнага савета па рабоце з грамадскімі аб’яднаннямі, з якімі аддзяленне Дзіцячага фонду цесна супрацоўнічае.
«Важней за ўсё надвор’е ў доме» – гэта яшчэ адзін вельмі важны накірунак дзейнасці аддзялення. За прыгожай назвай хаваецца штодзённая работа са шматдзетнымі сем’ямі.
– Ні адзін зварот не пакідаецца без увагі, у кожнай сітуацыі стараюся разабрацца і дапамагчы, – расказвае Мікалай Мікалаевіч. – Найбольш звяртаюцца гарадскія шматдзетныя мамы, таму хацелася б большай актыўнасці ад сельскіх. Якія яшчэ клопаты ў аддзялення? Самыя розныя. І выдзяленне матэрыяльнай дапамогі сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, і афармленне штогадовай падпіскі на дзіцячыя выданні для выхаванцаў дзіцячага дома сямейнага тыпу, і заахвочванне пераможцаў самых розных конкурсаў, і набыццё навучальных дапаможнікаў для дзетак з сацыяльнага прытулка… А нядаўна патэлефанавала адна мама і папрасіла дапамагчы яе сям’і… набыць дровы. Колькі змаглі, дапамаглі.
Такое вось актыўнае і мабільнае фарміраванне – раённае аддзяленне Дзіцячага фонду. Разумею, што такое яно таму, што ўзначальвае яго неабыякавы, няўрымслівы, прынцыповы чалавек – Мікалай Гіро.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: старшыня раённага аддзялення Дзіцячага фонду Мікалай Гіро.
Фота аўтара



