Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Няхай жа гэты год пройдзе ў нашай краіне пад сапраўдным знакам гасціннасці

Абвяшчаючы 2014 год Годам гасціннасці, кіраўніцтва дзяржавы мела на ўвазе, перш за ўсё, развіццё турызму і ўдасканаленне турыстычнай інфраструктуры. Тым больш, што ў гэтым годзе мы будзем святкаваць 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў нас пройдзе чэмпіянат свету па хакею. На гэтыя і іншыя значныя мерапрыемствы прыедзе шмат іншаземных гасцей. А таму разам з падрыхтоўкай матэрыяльнага боку не лішнім будзе ўзгадаць і пра звычаі гасціннасці беларусаў. Да таго ж, не магу не падкрэсліць, што мы маем самую прыгожую, самую мілагучную і спеўную мову ў свеце!

Аб шчодрасці і гасціннасці беларусаў сведчыць каляндарная і сямейная абраднасць, вусная народная творчасць, само жыццё ва ўсіх яго праявах. Гадавое кола народных святаў, звязанае з хрысціянскім календаром, а таксама ўсе значныя сямейныя падзеі: вяселле, уваходзіны ў новы дом, радзіны, хрысціны, праводзіны ў войска і нават пахаванне – звязаны з частаваннем гасцей.
Звычайна гатавалі ежы крыху больш, чым трэба для сям’і, на выпадак “калі хто зойдзе”. З той жа нагоды ў кожнай беларускай хаце заўсёды было прыхавана нешта смачнае. Я памятаю, як мы малыя прасілі маці аддаць нам прыхаваныя прысмакі, а яна адказвала: “Няхай, дзеткі, пабудзе, бо як случыцца чужы чалавек, то на стол вочы не пакладзеш”.
Як бачым, кожны крок жыцця нашых продкаў рабіўся на людзях і для людзей. Адкрытасць і хлебасольства былі ў вялікай пашане: “Сам з’еш і вала, дык адна хвала”; “Жыві – не скупіся, з людзьмі дзяліся”.
У народным уяўленні Божага раю – не толькі кветкі, сонца, птушыныя спевы, а яшчэ і “сталы засціланыя, кубкі наліваныя”. Гасціннасць як частка ментальнасці беларусаў мае глыбокія хрысціянскія карані і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Біблейскія асновы дабра і міласэрнасці заўсёды выводзілі нашых дзядоў на ўзвышанае ўспрыманне жыцця і вечнасці: “Мы тут у гасцях, а не сёння-заўтра Бог дадому пазаве”; “Чаго сабе не хочаш, таго і другім не зыч”; “Шчыраму сэрцу чужое больш свайго баліць”; “Як гукнеш, так і адгукнецца”.
Якая дзіўная наша мова! Яна ўся перасыпана прыказкамі, прымаўкамі, трапнымі выразамі. Праз іх мы можам адчуць і глыбіню мудрасці, і вышыню духоўна-маральных перакананняў, і жыццёвую практычнасць нашага народа, які ў выключна складаных гістарычных умовах стагоддзямі адшліфоўваў каштоўныя камяні сваёй культуры. Госць для беларуса – асоба важная: “Добраму госцю вароты самі расчыняюцца”; “У каго гасцей поўна хата, у таго й доля багата”;
Хто ж такі госць, каго мы можам лічыць госцем? Гэта найперш родныя, якія жывуць асобна. І хоць прыказка “Як добра гадзіна, то знойдзецца й радзіна” гаворыць нам, што калі ў доме ўсё ладна, калі гаспадар удалы, заможны, то і далёкія родзічы (пра якіх казалі “сёмая вада на кісялі”) прыхінаюцца. Але трэба адзначыць, што і бедныя сяляне добра памяталі сваяцтва, пра якое зараз амаль ніхто не ўзгадвае: “Мы ж адной крыві, твой дзед і мой дваюраднымі былі”.
Самымі пачэснымі гасцямі, нават вышэй родзічаў, лічылі кумоў. Часцей за ўсё гэта былі былыя сябры-равеснікі, але да іх звярталіся з падкрэсленай павагай на “Вы”, ім адводзілі за святочным сталом лепшыя месцы.

Дарагімі гасцямі былі і сябры гаспадароў, бо беларусы заўсёды ставяцца да сяброўства з вялікай пашанай: “Не май сто рублёў, а май сто сяброў”; “Чалавек без сяброў, што печ без дроў”; “Новых сяброў набывай, а старых не забывай”; “Сябар не рукавіца, хоць старэе, але не зношваецца”.
Родзіч, кум, сябра, сусед і нават любы чужы чалавек, які мог зайсці ў хату буднім днём, не кажучы пра свята, лічыўся госцем. Першае, што гаварылі таму, хто зайшоў: “З мірам прымаем”; “Праходзь, госцем будзеш”. Затым звалі за стол: “Падкрэпімся, чым Бог паслаў”; “Чым багаты, тым і рады”; “Хоць ежа скаромна, абы не саромна”; “Што душа мае, тым і прымае”. А госць сціпла адказваў: “Як ёсць хлеб і вада, дык ужо не бяда”; “Госцю даражэй не на стале сладасць, а ў вачах радасць”. І сам госць мог запрашаць гаспадароў падсілкавацца разам: “Госцю гадзі, але і сябе глядзі”.
Гаспадары заўсёды баяліся, каб госці не сказалі, што “прымусу не было”, і з усіх сіл угаворвалі частавацца. А ўгаворы тыя былі прыгожымі, паэтычнымі: “Дарагія госці, просім вашай мілосці, каб вам пілося і елася і яшчэ хацелася!”; “Госці дарагія, ці вы пілі, ці вы елі, ці толькі на стол глядзелі?”; “Ешце-піце, ваша мілосць, на здароўе да на весялосць!”; “Частуйцеся, мацуйцеся чым Бог даў”; “Ешце, людзі добрыя: у нас хлеб не пазычоны – аддаваць не трэба”; “Дай, Божа, гэтае свята правесці і на лета новага дачакацца і з вамі, госцейкі, у добрым здароўі спаткацца!”. Калі чалавек адмаўляўся выпіць, сцвярджаючы, што яму досыць, то часта звярталіся з жартоўнымі хітрыкамі: “Ты, мой кумок, на грошык напіўся, а на тры прытварыўся”; “Госць п’яным не бывае, а толькі выпіўшым”; “Ідзе Іван вельмі п’ян, а за ім гасцей раць – на нагах не стаяць, але яны цвярозыя”. Госці таксама маглі паэтычна адгаворвацца ад прымусаў: “Не, кумка, піць больш не буду, бо як у горлі задзюжа, то ў галаве сцюжа”/
У нас, беларусаў, трапны гумар. Асабліва ў вясёлых застоллях “то Кузьма Дзяміда паддзямідзіць, то Дзямід Кузьму падкузьміць”: “Еш, кумка, смачныя аладкі”. – “Дзякуй, я ўжо пару з’ела”. – “Ты не пару, а сем з’ела, але еш-еш, хто табе іх лічыць”; “Як клёцкі ў малаку, то я па дзве валаку, а як у вадзе, дык адну і годзе!”.
Калі застолле вялікае і хтосьці з гасцей не можа дацягнуцца да нейкіх страў, то падказкай гаспадарам у зручны момант могуць паслужыць прымаўкі: “Бачыць кароўка, што ў павеці палоўка, кучка гожа, ды дастаць не можа”; “Я то абедаў, а мой жывот не ведаў”; “Будзем есць, што аб нашу чэсць, а як на тым баку наядуцца, то можа й к нам пададуцца”; “Ой, воўча, воўча, сядзі моўча, няхай людзі паядуць, а тады й нам дадуць”.
Гаспадары стараліся частаваць, а госці ўмела хвалілі іх: “І жонка ў цябе звонка, і дзеткі як кветкі”; “От, ты маладзец: і хата як чашачка, і жонка як пташачка, і дзеці – няма лепшых у свеці. Няхай Бог дае і наперад добрае!”. У застольных размовах сціплыя беларусы аднекваліся ад пахвал: “Які там з мяне гаспадар: зрання росна, удзень млосна, а ўвечары камары – паляжу да пары”; “Была сіла, як маці насіла”; “Я б то касіў, каб хто касу насіў”.
Гэтак жа трапна нашы продкі ўмелі і высмеяць няўдаласць або сквапнасць гаспадароў: “Умела згатаваць, ды не ўмела падаваць”; “Гаспадар ладны ды жадны: салому таўчэ – бліны пячэ, абдзёркі цягае – гасцей выглядае”; “У етага Мікіты стол лапцямі накрыты”; “Дзякуй за палудзён: ні сыт, ні галадзён”; “Як няма хлеба, то і госць не трэба”.
Калі ж госцю не прапанавалі паабедаць, але па звычаю запрашаюць пагуляць яшчэ, то той мог з гумарам адказаць: “Гуляць бы я гуляў, ды з сабой хлеба не ўзяў”.
Існуе вялікае мноства прыказак і прымавак, звязаных з правіламі паводзін і для саміх гасцей: “У гасцях за ежу апошнім прымайся і першым падымайся”; “У гасцях еш, хоць расперажыся, але ў кішэню не хавай”; “Добры той госць, які гасцюе нядоўга”; “Госць у першы дзень – золата, на другі – серабро, а на трэці – медзь, да дадому едзь”; “Па абедзе госць дамоў едзе”; “Госць гаспадару не ўказчык”; “У Царкву ідуць па звону, а ў госці па зову”. Пра нязванага госця, які заходзіў з адзінай мэтай – выпіць, казалі, што ён “у сабакі вочы пазычыў”. І каб стрымліваць разбэшчанасць і жаданне часта хадзіць па гасцях, народ трымаўся векавой мудрасці: “У гасцях добра, а дома лепей”; “Няма лепшае ежы, як са свае дзежы”; “Свой чорны хлеб смачнейшы за чужыя булкі”.
У нашага народа свая даўняя культура прыгатавання поснай і скаромнай ежы, паўсядзённых і святочных страў і напояў; свая культура застолля. Сталыя людзі і цяпер узгадваюць, як калісьці нават самыя вялікія застоллі не патрабавалі многа спіртных напояў. Затое людзі многа спявалі, танцавалі, жартавалі – умелі павесяліцца без лішніх градусаў.
У сябе ў гімназіі мы часта сустракаем гасцей і выкарыстоўваем тыя ж даўно апрабаваныя народам вітанні, зычанні, паэтычныя і жартоўныя звароты. Бо яны яшчэ больш, чым пышныя караваі на вышываных рушніках і багатыя сталы, сведчаць аб сардэчнасці і шчырасці, гасціннасці і хлебасольнасці беларусаў. І хочацца, каб мы не проста ведалі гэтыя звычаі і традыцыі, а падтрымлівалі іх і шырока прапагандавалі. Бо “і хвоя свайму бору песні пяе”. І хоць кажуць мудрыя людзі, што “ўчарашняе не дагоніш, а ад заўтрашняга не ўцячэш”, трэба ведаць: хто не цураецца свайго ўчарашняга, той мае больш шанцаў на шчаслівае заўтрашняе.
Няхай жа гэты год пройдзе ў нашай краіне пад сапраўдным знакам гасціннасці. Каб мы, развіваючы эканоміку, турызм, іншыя сферы жыццядзейнасці грамадства, не забываліся пра свае карані і зберагалі тое лепшае, што мае наша культурная спадчына. Няхай Бог дапамагае нам жыць шчасліва і радасна!
Мікалай ІВАНЕНКА,  намеснік дырэктара Вілейскай
гімназіі №2 па вучэбнай рабоце

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 168 queries