Мне вельмі спадабалася, што ў газеце з’явілася новая рубрыка – «У дапамогу сям’і». Я хоць і ўжо немаладая, а вырашыла напісаць свой матэрыял – можа, стане каму з маладых навукай. Мае героі – пара, якая змагла выжыць у цяжкіх пасляваенных умовах, пераадолець усе склада-насці, захаваць веру, клопат адно пра аднаго, перадаць усё гэта сваім дзецям, унукам і праўнукам.
Калі пачалася вайна, Надзейцы споўнілася толькі сем гадоў. Яна была старэйшай у сям’і, дзе падрастала трое дзетак. Бацька пайшоў на фронт, адкуль яму не суджана было вярнуцца. Дзень і ноч плакала маці, а разам з ёй і дзеці. Але ж бяда бядой, а жыць, працаваць, гадаваць дзяцей трэба. Гэта разумелі і самі малыя. На плечы Надзейкі леглі амаль усе клопаты па гаспадарцы. Да таго ж яна была і нянькай для сястрычкі з брацікам, бо маці ад цямна да цямна працавала на калгасным полі. Ішлі гады. Закончыўшы школу, Надзея падумвала аб далейшай вучобе. Ды бачыла, што маці і малодшым дзецям патрэбна яе дапамога. Таму пайшла працаваць – на тонкасуконны камбінат у Мінску. Атрымала інтэрнат ды і заработкі мела нядрэнныя. Так і праходзіла яе жыццё: работа – інтэрнат – работа, а ў выхадныя – вёска, дзе яе заўсёды чакалі. Надзея была ўжо не юнай, калі аднаго разу на вакзале сустрэла былога аднакласніка Юрку. Той таксама працаваў у Мінску, на трактарным заводзе, а ў выхадныя, як і яна, спяшаўся да бацькоў у вёску. Са школьных гадоў ведала яго дзяўчына, цаніла за спакойны характар, разважлівасць, а яшчэ за тое, што не піў і не курыў. З той сустрэчы і пачаліся ў іх адносіны, якія напачатку былі проста сяброўскімі. Неяк восенню Юрка сказаў Надзі вельмі важнае: «Я адзін і ты адна. Чаму б нам не пажаніцца? Не маладзеем жа мы, Надзея.. Я буду добрым мужам і бацькам». У адказ дзяўчына сказала толькі адно: «А як жа каханне?». І абяцала падумаць. У інтэрнаце параілася з сяброўкамі, дома – з маці, усё ўважыла і абдумала сама. Нарэшце дала згоду на вяселле. І пачалося сумеснае жыццё. Адна за другой нарадзіліся іх дачушкі-пагодкі. Як радаваўся ім Юрка, як ганарыўся сваёй сям’ёй! Ён быў ідэальным мужам і бацькам – пасля працы спяшаўся да іх, сваіх дзяўчат, усё бегаў, шчыраваў, стараўся для іх. «Дай Бог вам, дачушкі, такіх мужоў, як бацька», – не раз гаварыла Надзя сваім дзяўчаткам. Выраслі дзеці, з’явіліся ўнукі і нават праўнукі, а Надзея з Юркам, як і ў маладосці, жывуць душа ў душу. А каханне? Можа, гэта і ёсць само каханне. Ды і ці яно галоўнае. «Не хапае цяперашнім маладым цярпення, прывыклі яны да свабоды, кожны думае толькі пра сябе, – разважае бабуля Надзея. – А каханне… Яно мімалётнае, кароткае. Каб разам жыццё пражыць, патрэбны вытрымка, цярпенне, дабрыня,павага да блізкага чалавека. Каб ён быў да цябе добры, трэба і табе быць такой да яго». Ісціна, пра якую гаварылі мудрыя. Галіна Міхайлаўна БУРКЕВІЧ, в. Ілья