Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ядвіга Пастарнак з вёскі Муляры атрымала падзячны ліст ад Папы Рымскага – Францішка

– Мы як новую хату будавалі, адразу вырашылі: падлогу фарбаваць не будзем, – Ядвіга Віктараўна ўзнімае погляд на покут, да абразоў. Там у малітоўным парыве да Сына свайго нябеснага, застыла фігурка Божай Маці. Яе ахінутая блакітным покрывам постаць не сагнулася пад цяжарам перажытых пакут.
Свой зямны боль быў і ў Ядвігі Віктараўны. Сямігадовым дзіцем спатыкнулася ў гарэзлівым скачку. І, як вынік – пашкоджанне каленнага сустава. Траўма надоўга зрабіла яе інвалідам, пазбавіўшы дзіцячых гульняў, звыклых уцех маладосці. Супакой для сваёй душы Ядвіга шукала ў веры. Той сапраўднай, высокай, што ўзнімае чалавека над мітуснёй заклапочанага зямнымі праблемамі свету.
– На лёс я ніколі не наракала. Проста малілася і верыла, што Бог дапаможа мне, – падчас дыялогу мая суразмоўца раз-пораз кідае погляд на абразы.
Вёска, дзе нарадзілася і 87 год пражыла Ядвіга Віктараўна, ці як у касцёле да яе звяртаюцца, – пані Ядвіга, называецца Муляры. Назва красамоўная, але хаты ў вёсцы ў асноўным драўляныя. Мабыць, продкі сённяшніх яе жыхароў былі сапраўднымі спецыялістамі ў цэглавай кладцы – мулярамі. Адным словам, этымалогіяй назвы можна заняцца – і тады, магчыма, адчыняцца невядомыя старонкі гісторыі Муляроў. Перад намі ж – жывая яе сведка – пані Ядвіга.
Перад самай вайной вёска выгарыла. Ядвіга тады была падлеткам. А ад дарослых чула, што трагедыя Муляроў стала вынікам непрыязных адносін гаспадароў дзвюх суседніх сяліб. Вось так, бывае, людзі захлынаюцца ад уласнай жорсткасці. Яшчэ тады,падчас свайго маленства, Ядвіга засвоіла адну простую ісціну: толькі дабрыня і любоў выратуюць свет. І носьбітам гэтай любві стала для яе сэрца Пана Езуса. Не задавальняючыся сямейнай малітвай, маленькае дзяўчо, абапіраючыся на мыліцу, кожную нядзельку выпраўлялася ў няблізкі свет да касцёла. Рэдка ўдавалася пад’ехаць на спадарожнай фурманцы. Вішнеўскі касцёл перажыў гады ліхалецця, ваяўнічай атэістычнай прапаганды, яго дзверы заўсёды былі адчынены для вернікаў. Ядвіга яшчэ да вайны скончыла шэсць класаў польскай школы і сярод вяскоўцаў лічылася даволі такі адукаваным чалавекам. Ядвігу паважалі за лёгкі нораў, далікатнасць, духоўную шчодрасць. Сама яшчэ падлетак, яна ўжо навучыла катэхізісу дзяцей, рыхтавала іх да першай камуніі. Хлопчыкам шыла белыя кашулькі, дзяўчаткам – сукеначкі. І радавалася, гледзячы на іх прыбраныя, нібыта анельскія, постаці. Старая швейная машынка маркі «Зінгер» дасталася Ядвізе ў спадчыну ад бацькі, вясковага краўца. Ён шыў суседзям кажухі, ватоўкі. І дачку навучыў кроіць модныя ў свой час галіфэ. Усё ж у сваёй швейнай справе Ядвіга мела выражаны дзіцячы і жаночы ўхіл. Усе нявесты ў акрузе вянчаліся ў сукенках і вэлюмах, пашытых яе рукамі. Ладзячы шчаслівым дзяўчатам шлюбныя ўборы, Ядзя ніколькі ім не зайздросціла. Глыбокая вера пераканала яе ў непазбежнасці таго крыжа, які наканаваны лёсам кожнаму чалавеку. Толькі маладосць брала сваё. Апрануўшы гожую сукенку, наладзіўшы прычоску, Ядвіга прыходзіла на вясковую вечарынку і, закінуўшы пад лаўку мыліцу ці кіёк, назірала, як кружацца ў вальсе пары, як стогнуць дошкі падлогі пад абцасамі мужчынскіх ботаў, захопленых віхураю імпэтнай, заліхвацкай полькі. Бывала, які дзяцюк з аддаленай вёскі, кінуўшы ля плоту ровар, спяшаўся запрасіць на танец адзінокую «ганарліўку». І гэта сітуацыя была сапраўдным выпрабаваннем для Ядвігі.
Увогуле ж, нават прапановы аб замужжы яна таксама далікатна адхіляла. Хоць, нягледзячы на калецтва, на вёсцы Ядвіга лічылася зайздроснай нявестай. Тонкія рысы твару, мілая ўсмешка, уменне падтрымаць любую размову і разам з тым прыродная сціпласць – усё гэта вабіла патэнцыяльных жаніхоў. Ды і хлеб дарэмна такая жонка не ела бы – усю акругу абшывала па самай апошняй модзе. Успамінае, як кроіла для дзяўчат сукенкі —«бікешкі», са зборкамі на паясніцы, як апранала іх у «сонца-клёшы».
Самадастатковасць чалавека пачынаецца з яго здольнасці стварыць вакол сябе асяроддзе найлепшага спрыяння. А фарміруецца яно на аснове наяўнасці ў асобе высокіх духоўных пачаткаў. Тады і фізічная недасканаласць адступае на задні план, і ў чалавеку вылучаецца тая ўнутраная гармонія, якую хацеў бы мець у сабе кожны. Вёска, адбудаваўшыся на папялішчы, ступіла на шлях духоўнага ўзнаўлення. Нямала гэтаму садзейнічала падзвіжніцкая праца Ядвігі Пастарнак. Вечарамі ў хатах гучалі малітоўныя спевы. І адступалі ад людзей заганныя звычкі, не заставалася ім месца ў сэрцах, адчыненых для Бога.
Маёвыя спевы чуліся пачаргова ў кожнай хаце, дзе жылі католікі. Ля засланага белым абрусам стала, на якім стаяў абраз Маці Божай у абрамленні запаленых свечак і першых вясновых кветак, кленчылі жанчыны. Услаўляючы нябесную заступніцу, малітоўна прасілі ў яе абароны. Ад войнаў, ад пажару, ад неспадзяванай смерці. І віхуры абыходзілі гэты ўтульны куточак вілейскай зямлі. «Нават вайну наша акруга пражыла ў цішыні», – разважае Ядвіга Віктараўна, перабіраючы на стале дарагія цяпер для яе рэліквіі: пасланне папы Францішка, яго фотаздымак з уласнаручным подпісам, асцярожна кранаючыся рукамі святога крыжа – падарунка Апостальскага нунцыя Клаўдзіа Гуджэроці. Тут жа, на стале, – яе пасвячэнне вілейскаму касцёлу з нагоды яго векавога юбілею. Зачытанае падчас урачыстасці, яно глыбока ўсхвалявала Апостальскага нунцыя. І цераз яго рукі трапіла да пантыфіка. Такім чынам імя сціплай беларускі загучала ў Ватыкане, духоўным каталіцкім цэнтры. Загучала як сімвал высокай самаахвярнасці ў імя веры.
Нашы сціплыя бабулі, ігнаруючы забарону на боскае слова, якую афіцыйна накладалі на духоўнае жыццё чалавека тагачасныя ўлады, вучылі нас першым малітвам. Як умелі, даносілі сутнасць хрысціянскага веравызнання. І за гэта і ім, і пані Ядвізе, нізкі наш зямны паклон.
… А нагу ёй усё ж выправіў знакаміты вілейскі хірург. Пасля невялікай аперацыі Ядвіга пачала хадзіць гожа і стройна. Толькі замуж выйшла ўжо на зыходзе жаночага веку. За ўдаўца. Баляслаў Смаленскі быў таксама набожны чалавек. І працаваў у мясцовым калгасе кладаўшчыком. Нядоўга, усяго дзевяць год, доўжыўся іх гарманічны сямейны саюз. Баляслаў пайшоў з жыцця ў адносна не старым яшчэ веку. А Ядвіга вярнулася ў сваю хату, не прад’яўляючы ніякіх прэтэнзій на спадчыну.
– У яго дачкі дзве. Дом прадалі. Там цяпер дачнікі жывуць. Усё справядліва. Гэта ж іх быў бацька, – задумна пазірае Ядвіга Віктараўна на фотаздымак, дзе ён і яна ў самы шчаслівы для абодвух час.
Але адзінокай сябе наша гераіня ніяк не адчувае. З Мінску наведваецца пляменнік. Не забываецца на пенсіянерку мясцовае акцыянернае таварыства «Чурлёны». Увосень два мяхі бульбы падвезлі, штогод выдзяляюць 15 літраў малака. Па хатняй гаспадарцы яна яшчэ і сама ўпраўляецца. Вось і сёння, чакаючы ў хату чужых людзей, грубку напаліла, паклаўшы дроў больш, чым звычайна…
– А яшчэ я стала сапраўдным доктарам, – жартуе пані Ядвіга, нагадаўшы, што ведае толк у травах і ў патрэбны час збірае іх. Вяскоўцы гэта ведаюць і, занядужыўшы на суставы ці страўнік, перш-наперш ідуць да бабулі Ядвігі. А нядаўна яна набыла танометр і цяпер, як прафесійны медык, мерае аднавяскоўцам ціск.
Пераапрануўшыся для фотаздымка, Ядвіга Віктараўна гарэзна ўсміхаецца:
– Хочаце, каб я выглядала рамантычна? І столькі абаяльнай жаноцкасці раскрывае раптам аблічча гэтай далёка ўжо не маладой жанчыны. Яна, як самы святы запавет продкаў, нясе па жыцці высокую веру. У гэтым – яе шчасце.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries