Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Латыгольской школе исполнилось 150 лет

Будучыня вёскі – дзеці. Дэмаграфічны калапс знішчае яе перспектыву. Жыццё тут пачынае тлець нароўні вуголля ў асірацелым прысаку. На жаль, гэта рэчаіснасць у абрамленні зачараванага кола мае месца не ў адной вёсачцы Вілейшчыны. Былі б дзеці – была б школа… калі б былі дзеці. У Латыгальскай іх 24. І ў дзень юбілею не хочацца аб сумным. Тым больш, што святочная актавая зала з самадастатковымі гаспадарамі-настаўнікамі і вучнямі настройвала гасцей на пазітыў.
Нядаўна пад аўтарствам Аляксандра Плавінскага выйшла кніга «Латыгальскі летапіс». У ёй – цікавыя і ў сваім родзе ўнікальныя факты з біяграфіі школы. Тыя, што па пясчынках збіраліся. З розных крыніц – пісьмовых і вусных – бацькам і сынам – Стэфанам і Аляксандрам Плавінскімі. Першы колькі часу тут настаўнічаў і захаваў аб сабе добрую памяць. Пра што не прамінулі нагадаць госці юбілейнай урачыстасці. Яны і вядучыя вечарыны ўспомнілі многіх з тых, каму абавязана школа сваёй біяграфіяй. Багатай, рознапланавай, аздобленай дзясяткамі чалавечых лёсаў. Так упрыгожваецца звіты з зеляніны вянок суквеццямі палявых кветак. У біяграфію школы яскрава ўплёўся лёс Марыі Фёдараўны Лосевай. Нашы месцы ў актавай зале аказаліся побач. Мая новая знаёмая, былы дырэктар Латыгальскай школы, – у тым шаноўным узросце, калі хаваць яго ўжо не мае сэнсу. Успамінае, як прыехала ў гэту ўтульную, пад покрывам царкоўнага купала, вёсачку, шэсцьдзясят год таму. Як вёз яе з паўстанку на спрытным коніку мясцовы жыхар Іван Дзік. Прыглядаўся да маладой уражлівай дзяўчыны, ловячы ў яе вачах зразумелы страх перад невядомасцю. І спыніў падводу якраз насупраць сваёй хаты. Запрасіў зайсці, прыадчыніўшы весніцы. А жонцы катэгарычна, не пакінуўшы месца для разваг, наказаў:
– Марыя будзе жыць у нас. За дачку.
Зерне дабрыні заўсёды дае ўсходы. І не мае пустацвету. Гэта засвоілі ўсе тыя настаўнікі, для каго была калісьці, альбо сёння ёсць родная,Латыгальская школа.
У канве сцэнарыя разгортваецца прадуманая дзея, заснаваная на гістарычных рэаліях. Узгадваюцца падзеі даўніны, за завесаю якой – пакаленні латыгальцаў. Не ў гэтых, а ў іншых сценах, якія знішчаў і потым з зайздросным пастаянствам аднаўляў час, сялянскія дзеці засвойвалі азбуку жыцця. Навучаліся закону Божаму, рускаму і славянскаму чытанню, арыфметыцы, правапісу. Дарэчы, пісьменства, згодна кнігі Аляксандра Плавінскага, развівалася ва ўсёй латыгальскай акрузе. У 1907 годзе ў Латыгальскім народным вучылішчы налічвалася 115 вучняў. Практычна ва ўсіх акаляючых вёсках таксама былі так званыя школы пісьменнасці. Гэта насуперак сцвярджэнню тэндэцыйных гісторыкаў аб пагалоўным цемрашальстве пад сялянскімі стрэхамі.
Выпускнікі розных год прыйшлі на ўрачыстасць у Латыгальскую школу. Тую, што стала сапраўдным святам вёскі. А колькасць аўто на паркоўцы сведчыла, што і дальніх дарог,занесеных усюдыісным «хаверам», не збаяліся людзі, каб нанесці «альма-матэры» візіт павагі і любові. І як пяшчотна, як незвычайна глядзеліся белыя ружы ў руках старой настаўніцы, якой вільготнай настальгіяй поўніліся яе вочы. Злавіце погляд сваіх любімых настаўнікаў, скіраваны ў глыбіні вашых душ. Там бацькаўская трывога, боль, стоеная радасць. Увесь той букет пачуццяў, які выпраменьваюць іх сэрцы. Не ўсё выказваецца словам, што належыць душы. І вечарына ў Латыгалі яшчэ раз аб гэтым засведчыла. Хоць сцэнарый пабудаваны быў такім чынам, што прадставіў магчымасць усім жадаючым выказацца. А юным выхаванцам школы – у поўнай меры праявіць свае творчыя здольнасці. Дзеці – заўсёды выігрышны сцэнічны варыянт. Іх непасрэднасць, нават хваляванне, успрымаюцца залай ўдзячна, з бацькоўскай узрушанасцю, заахвочваючымі апладысментамі.
– Мая школа – гэтыя словы адгукаюцца светлым пачуццём. Менавіта такім, які выклікае ў прысутных выкананне вядомага паланеза на музыку нашага знакамітага земляка Міхаіла Клеафаса Агінскага. Калектыў юных танцораў адной з гімназій горада Маладзечна ўзрушыў вытанчанасцю рухаў, той арыстакратычнай элегантнасцю і элітарнасцю, якая ўласціва мелодыі, зваянай душой майстра. У танцавальным калектыве – унукі тых, хто ў розныя гады быў выпускніком Латыгальскай школы. Адно сумна, што нашчадкі аддалі перавагу гораду. І з гэтай нагоды таксама Латыгальская школа трапляе ў кагорту неперспектыўных. Вось такі атрымліваецца сумны вывад з урока па тэме «Гісторыя і сучаснасць», заяўленага вядучымі вечарыны. І ён, напэўна, адзін з тых, што лёгкім ценем прабягае па тварах прысутных.
Школа сёння, як блакітная птушка на снегавым раздоллі. А літаральна некалькі месяцаў назад тут бушавала шматколерная сімфонія кветак. Яе стваралі рукі настаўнікаў і вучняў, чуйныя да прыгажосці, да чыстых гукаў зямлі, здольных данесці небу таямніцы яе светлых скарбаў.
На хвалях узаемнай любві калыхаўся гэты вечар-успамінаў. Яго вытокі – у памяці. Той уражлівай, непадуладнай часу, што жыве ў сэрцы Веры Уладзіміраўны Лашутка. Тут – яе юнацтва, школьнае каханне, што стала адным на ўсё жыццё, а цяпер ужо і непазбытым болем страты.
Не перапыняе стасункі са сваёй малой радзімай вядомы ў краіне журналіст Дзмітрый Новікаў. Акрамя публіцыстыкі, ён займаецца літаратурнай творчасцю. Яго пяру належыць некалькі паэтычных зборнікаў. Сёння мы маем магчымасць чытаць публікацыі нашага земляка ў «СБ», традыцыйна знаёмай нам, як «Советская Белоруссия». Генеральскімі пагонамі пазначаны выпускнік Латыгальскай школы Віктар Філістовіч. Сёння гэтыя знакамітыя людзі – ганаровыя яе госці.
Чытае хвалюючыя вершы настаўніца Станіслава Гапановіч, дэманструючы прысутным зборнік вучнёўскай паэзіі «Латыгальскае сузор’е»…
І гучыць-гучыць над прыціхлымі калідорамі мелодыя памяці. Няхай ніколі не змоўкне яна ў сэрцах тых, хто агораны тваёй любоўю, школа, каго ты выпусціла і благаславіла ў далёкі і шчаслівы зямны шлях.
Калектыў школы віншавалі з юбілеем намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга, начальнік аддзела адукацыі Аляксандр Пуцэйка, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Валынец, прадстаўнікі мясцовай улады.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

/p

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries