Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вяртанне

Тэма гэтай газетнай старонкі – вяртанне. У мінулае, у летуценнасць маладосці, яе рамантыку, яе парыў і ўзнёсласць. Лёгкім настальгічным сумам авеяны радкі як першай, так і другой публікацыі. Яго ўловіць уражлівы і нераўнадушны чытач. У кожнага з пакалення 50-ых была свая цаліна. Была камсамольская рамантыка, той парыў у невядомае, які дыктаваўся не толькі тагачаснымі ідэямі «вядучай і накіроўваючай сілы». Ён больш ішоў з глыбінь чалавечай свядомасці, што назаўсёды захавала ў сабе абліччы пераможцаў адной з самых крывавых войн у сусветнай гісторыі. Памяць падсілкоўвала генныя карані, з якіх узнімаліся да жыцця парасткі іх нашчадкаў. Так перадаваліся ў спадчыну ідэі патрыятызму, гуманнасці, не штучна прынесеныя звонку альбо народжаныя пэўнымі палітычнымі плынямі, а натуральна праросшыя на спрыяльнай глебе памяці. І ў іх атрымалася доўгае жыццё.
Такія асобы, як Міхаіл Жалабковіч, герой нашай публікацыі, могуць наталіць юнацкую прагу пасціжэння рамантычнай сутнасці жыцця… Вагоны без спальных месцаў, пад гітарны перазвон бяссонная ноч з мройным успамінам пра дзявочую постаць на апусцелым пероне. І потым праца, праца, праца… Успамінаю, як у далёкія сямідзесятыя студэнцкі будатрад узводзіў дамбу нашага вілейскага вадасховішча. Я, тады студэнтка журфака, праходзіла сваю першую практыку ў вілейскай раёнцы. І адтуль, з будоўлі века, быў мой першы рэпартаж. Самае цікавае, што завязанае з юнакамі, тады яшчэ політэхнічнага інстытута,сяброўства цягнулася потым доўгія гады. Будатрад умеў раптам і надоўга яднаць людзей. Дарэчы, гэту місію, толькі ўжо ў іншым, духоўным кантэксце, выконвае і рэлігійная супольнасць вернікаў. Пра што – допіс у рэдакцыю нашай пастаяннай аўтаркі Ганны Герко. Размову пра мінулае і сучаснае сваёй вёскі яна будуе на фоне адухаўляючага ўздзеяння на людзей добрай аўры каталіцкага храма. Яна таксама стваралася пакаленнямі веруючых і тых хрысціянскіх святароў, якія неслі парафіянам ідэі гуманізму, прапагандуючы іх уласнай самаахвярнасцю і любоўю.
Наша маленькая Беларусь – блакітная кропля ў далонях сусвету. І, як кропля, яна зіхаціць усімі колерамі вясёлкі, выяўляючы не толькі свае цудоўныя краявіды. А перш-наперш – людзей, адораных, таленавітых, вартых сваіх продкаў. Яны не спажываюць, яны папаўняюць прадзедаўскую спаконвечную спадчыну. І ў яе таму будзе вечны працяг.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 126 queries