Хочацца голасна засмяяцца, назіраючы,з якім азартам жвавы дзядок учапіўся за непадатлівую рэпку. Скульптурная кампазіцыя ў гарадскім парку адразу сабрала вакол сябе дапытлівых. Хоць хмарны і насуплены лістападаўскі дзень ніякім чынам не схіляў да забаў. Адкрыццё новага аб’екта паркавага дызайну адбылося ў мінулую сераду. Малінавае покрыва да пачатку цырымоніі захоўвала таямніцу адкрыцця. Непасвечаныя ў яе юныя выхаванцы суседняга з паркам дзіцячага садка нецярпліва тупацелі ножкамі. Да таго часу, пакуль іх імпэту не дапамаглі рэалізавацца ўдзельнікі тэатральнай студыі «Сямікветка» Цэнтра эстэтычнага выхавання. Пастаноўка-гульня разварушыла малых, уздоўж пешаходнай сцежкі расцягнуліся ланцужкі жывых, свавольных «паравозікаў»… А пасля наступіла кульмінацыя дзеі. «Сямікветкі» вокамгненна скінулі з «таямніцы» покрыва – і вачам усіх сведак падзеі адкрылася арыгінальная архітэктурная форма ў вобразе персанажаў вядомай казкі «Дзед і рэпка». Аўтар твора – мастак-скульптар жыллёва-камунальнай гаспадаркі Валерый Апарык.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч нагадала, што самабытныя кампазіцыі майстра ўжо ўпрыгожылі Вільянін хутар, сталі адметнаю рысай гарадскога пейзажу. Яны – тое, што вылучае Вілейку, падкрэслівае непаўторнасць яе аблічча.
Сам Валерый Мікалаевіч задавольваў дапытлівасць дарослых. Наконт матэрыялу, з якога зваяна кампазіцыя. (Аказваецца, гэта бетон, пафарбаваны і, для надзейнасці і эстэтыкі, пакрыты лакам). Наконт планаў і задум. (Мастак мяркуе, што гэты сектар парка можа быць дзіцячым і мець яшчэ некалькі арыгінальных скульптур герояў мультфільмаў, беларускага фальклору). Ён, пры адпаведным рашэнні, з задавальненнем абуладкаваў бы гэты каларытны куточак Вілейкі.
Фото Марии Кузовкиной


















