Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

РАЁННАЕ СВЯТА

Па добрай традыцыі на Сёмуху на Вілейшчыне праходзіць раённае свята. Сёлета яно ладзілася ў шосты раз і было прысвечана 65-ай гадавіне Вялікай Перамогі. «Каб з каранёў, багатых спадчынай, зялёная сцяблінка прарасла» – такую назву яно насіла. У Лыцавічы, дзе праходзіла свята, з’ехаліся прадстаўнікі з усяго раёна. Гучалі песні, віхурылі танцы, гаварыліся шчырыя словы – і ўсё гэта праходзіла пад знакам той Перамогі, у якой нашы боль і радасць, гонар і надзея.

P5230011…Вясковы падворак ваеннага часу. На лаўцы ля хаты – тры кабеты. Непадалёк сталы мужчына кляпае касу. Маладая дзяўчына Наталля на пярэднім плане вышывае ручнік і ціхенька спявае. Жанчыны пачынаюць размову, з якой зразумела, што ў лёс кожнай з іх увайшла вайна: хтосьці атрымаў пахавальныя, хтосьці яшчэ спадзяецца і чакае, як чакае прыгажуня Наталля свайго Сцяпана. Вернецца ён, абавязкова вернецца, і тады ўся вёска згуляе іх вяселле…
Такой была завязка тэатралізаванай праграмы свята, якую ўдала аздобілі песні ваеннай пары ў выкананні артыстаў Вілейшчыны. Паступова ад часоў ужо далёкіх удзельнікі і гледачы перанесліся ў дзень сённяшні. Светлым словам прывітаў усіх святар. З гонарам расказвалі вядучыя пра нашу прыгожую Вілейшчыну, яе таленавітых людзей. І змянялі адзін аднаго P5230014цудоўныя нумары мастацкай самадзейнасці. Іжа, Куранец, Вязынь, Лыцавічы, Нарач, Любань, Даўгінава, Селішча, Ілья, Язні, Людвінова, Шылавічы, Карпавічы – усе куточкі нашай старонкі прыслалі на свята сваіх артыстаў, сіламі якіх і была падрыхтавана праграма «Хай ведае люд, чым я жыву і ганаруся» і канцэрт удзельнікаў раённага фестывалю патрыятычнай песні «Мы – наследнікі Перамогі».
Вясёлыя гульні для дзяцей, спартыўныя спаборніцтвы, святочная латарэя, выставы работ ўмельцаў Вілейшчыны – усё гэта было на свяце. І панаваў агульны добры настрой, які яднае, робіць усіх нас нібыта адной сям’ёй. Урэшце, так яно і ёсць, бо мы з вамі – віляйчане, нам пашчасціла нарадзіцца і жыць у гэтым маляўнічым куточку Беларусі.
– Адбылося сапраўднае свята, – дзеліцца Тэрэса Закрэўская, дырэктар раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці. – Дзякуй усім, хто прыняў у ім удзел. Асаблівая ўдзячнасць за разуменне і дапамогу гаспадарам, якія сёлета прымалі нас у сябе: старшыні Іжскага сельскага Савета Валянціне Навасёлак, кіраўніку СВК «Чурлёны» Пятру Міргалоўскаму.
P5230020…Шапацелі ярка-зялёнай маладой лістотай бярозкі – сімвал светлага рэлігійнага свята, у дзень якога ладзілася раённае. І ў гэтым шэпце чулася многае: і сум па тых, хто не вярнуўся з вайны; і пашана тым, хто сёння славіць Вілейшчыну сваёй працай; і гімн мірнаму небу над нашымі галовамі…
Ірына БУДЗЬКО
На здымках: моманты раённага свята

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries