Кожны працаўнік вёскі заслужыў гэта свята. Як і кожнае сельгаспрадпрыемства, незалежна ад існуючай у ім форме ўласнасці. А тым, да каго прыйшоў заслужаны поспех, святкаваць, напэўна, прыемней удвайне. Выяўная радасць адбівалася на тварах хлебаробаў адкрытага акцыянернага таварыства «Сцешыцы», якія ў мінулую суботу сабраліся ў Сцешыцкім сельскім Доме культуры. Выпадак самы што ні ёсць актуальны – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. А задаволенасць поспехамі – яе не схаваеш пад маскай афіцыйнасці.
Калі старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Сініла стаў віншаваць калектыў з працоўнымі перамогамі, – раўнадушных у зале не было. Першае месца ў раённым спаборніцтве па корманарыхтоўках. Першае – на ўборцы ўраджаю збожжавых і збожжабабовых культур. Трэба сказаць, што калектыў мэтанакіравана ішоў да поспеху. Памятаецца, яшчэ летась тут з’явіліся першыя ў раёне камбайнеры-тысячнікі. А гэта сведчанне таго, што для гаспадаркі і тады была характэрна высокая культура земляробства. Ад яе – ураджайнасць і намалоты. Сёлета быў зроблены той абгрунтаваны тэхналагічнымі меркамі скачок, які дазволіў акцыянернаму таварыству ўзняцца на першую прыступку п’едэстала хлебаробскага гонару. І зноў жа ва ўрачыстай абстаноўцы, прама ў полі, ушаноўваўся сямейны экіпаж Дварэцкіх, першым у раёне дасягнуўшы тысячнага намалоту.
Хлебаробскі гонар – не намі, журналістамі,прыдуманае паняцце. Яно – галоўная існасць чалавека, жыццё якога свядома прысвечана зямлі. Кланяючыся полю, селянін выконвае спаконвечны абавязак, наканаваны яму лёсам. Сялянства – носьбіт мудрасці, роднага слова, тых аутэнтычных пачаткаў, якія чалавечую супольнасць фарміруюць у народ. І маюць рацыю вядучыя святочнай праграмы, Лілія Пратасава і Аліна Саўчык, калі сцвярджаюць, што «сяляне – людзі асаблівыя, бо яны кормяць краіну і задаволеныя тым, што вырошчваюць хлеб. Яны сціплыя і шчаслівыя сваёю працай».
Працаўнікі сельскай гаспадаркі забяспечваюць харчовую бяспеку краіны – развівае думку вядучых Яўген Сініла. Мала таго, прадукты харчавання Беларусь пастаўляе на замежны рынак. Іх экспарт з году ў год павялічваецца. Земляробства спакон вякоў было справай рызыкоўнай. Таму і вынікам сваіх намаганняў хлебароб не заўсёды радуецца. Засмучаюць яны сёлета і віляйчан, паколькі не дасягнута мінулагодняя мяжа ў збожжавым намалоце. Але парадавала ўраджайнасцю кукуруза, – зазначае старшыня райвыканкама, – дзевяць тысяч тон зерня падарыла каралева хлебаробскім засекам. Лепшыя людзі і калектывы вёскі адзначаны выканаўчай уладай раёна, а таксама райкомам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Са словамі шчырага віншавання звярнуўся да прысутных яго старшыня Леанід Радзевіч. Зычыла здароўя і шчасця старшыня мясцовага сельвыканкама Наталля Шавялёва.
Безумоўна, поспех любой справы прадвызначае лідар. Яго арганізатарскія здольнасці, уменне згуртаваць калектыў, вызначыць канкрэтную мэту даюць той вынік, які мы і маем у адкрытым акцыянерным таварыстве «Сцешыцы». Калі ў кіраўніцтве – добры гаспадар, тады і поспех калектыву спадарожнічае, – маюць рацыю вядучыя.
У Сцешыцах – кіраўнік малады, але здольны, крэатыўны, у яго запасе заўсёды некалькі свежых ідэй для перспектывы развіцця. Віктар Каляда, падняўшыся на сцэну, з задавальненнем віншуе сваіх памочнікаў, тых, што дапамагаюць яму рэалізоўваць самыя смелыя пачынанні. Прыемна чуць сярод узнагароджаных знаёмыя імёны. Вольга Варзар, загадчыца фермы «Сцешыцы». Прадпрыемства сёння рэалізуе ініцыятыву кіраўніка дзяржавы па мадэрнізацыі жывёлагадоўчых ферм і комплексаў. А сама Вольга Уладзіміраўна навыкі кіравання сучаснымі тэхналогіямі ў малочнай галіне набывала на вядомай айчыннай фірме «Унібокс». І сёння спецыяліст падрыхтавана ўжо працаваць па-новаму. Механізатары Юрый Жарскі, Аляксандр Бяганскі, Канстанцін Лавор… Гэта героі нашых журналісцкіх матэрыялаў. Сярод іх – лаўрэат прыза «ШП» «За адданасць полю» – механізатар Барыс Казлоўскі. Нагадаем, што прыз газетай устаноўлены не для пераможцы ці лідара, які паказаў найлепшыя вынікі ў спаборніцтве. Яго атрымоўвае той, хто не на самай лепшай тэхніцы, у складаных умовах надвор’я,сумленна выканаў свой хлебаробскі абавязак.
Калектыў Людвіноўскага сельскага Дома культуры падараваў ад сябе працаўнікам вёскі цудоўную канцэртную праграму. У ёй знайшлося месца і мілагучнай беларускай песні, і жарту, і папулярным эстрадным мелодыям. За што ім шчыра падзякавала старшыня Людвіноўскага сельвыканкама Наталля Шавялёва.
«Паклон землякам, майстрам і майстрыцам ад шчодрай нівы, ад роднай зямліцы…» Да гэтага паклону, спадзяюся, далучацца ўсе, хто мае гонар трымаць у руках хлеб, асвечаны працаю і сэрцамі чалавечымі.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара









