Імя дырэктара Вілейскага раённага Дома рамёстваў Сяргея Дубягі (на здымку) вядома далёка за межамі раёна. Дзесяць гадоў кіруе гэтай установай Сяргей Анатольевіч, умелец, прафесіянал, творчы чалавек. У Доме рамёстваў працуе многа гурткоў народных промыслаў і аб’яднанне «Вытокі», куды ўваходзяць знакамітыя майстры раёна і не толькі.
На вельмі высокім узроўні ў Доме рамёстваў разьба па дрэве, таму сярод аналагічных устаноў вобласці віляйчан лічуць найбольш вопытнымі. А што гэта сапраўды так, пацвярджаюць вынікі шматлікіх конкурсаў і святаў, дзе ўдзельнічаюць вілейскія майстры. Вось і з V рэгіянальнага свята-конкурсу майстроў разьбы па дрэве «Разьбы зачараванне», якое прайшло ў Мядзелі, у Вілейскі раённы Дом рамёстваў «прыехалі» аж чатыры Дыпломы. Тры з іх заваявала сям’я Дубягаў: Сяргей Анатольевіч – за захаванне дынастыйных традыцый мастацтва разьбы па дрэве; яго жонка Аксана Аляксандраўна – за высокае майстэрства і мастацкі густ, іх сынок Мацвей – за лепшы твор утылітарнага характару. Такая вось прыемная сямейнасць. Дыпломам за лепшы твор дэкаратыўнага характару ўзнагароджаны і яшчэ адзін вядомы вілейскі майстар – Аляксандр Лукоўскі.
Ірына БУДЗЬКО


