Сядзіба Марозаў, бадай, самая прыкметная і дагледжаная ў Дзямідках. Гаспадары – Уладзіслаў Антонавіч і Таццяна Канстанцінаўна – маладыя, па вясковых мерках, пенсіянеры. Без справы сядзець не прывыклі. Адпалалі буйным цветам вяргіні – клопат і занятак гаспадыні. Нават пітунні ў гаршочках, што па перыметру аздаблялі гародчык, адкінулі познія пупышкі. Холадна для іх стала, – кратае Таццяна Канстанцінаўна бездапаможныя сцяблінкі, шкадуючы па рана згінуўшым харастве.
– Пачакай, я толькі млынок свой выключу, па-зямляцку на «ты» звяртаецца да мяне Уладзіслаў. – Я,ведаеш, не толькі млын, а і цыркулярку паставіў. Усё пад рукамі. Не трэба габэлек браць у рукі у наш механізаваны век.
Мой суразмоўца абсалютна мае рацыю. Ён ведае, пра што гаворыць яшчэ і таму, што ўсё працоўнае жыццё прысвяціў вёсцы, галоўнай яе ўдарнай сіле – механізатарскаму корпусу. Быў вадзіцелем, трактарыстам, камбайнерам і загадчыкам майстэрань. Узгадвае, як па цаліку, па замеценым завірухай полі, ішлі раніцой на мехдвор у суседнюю Ваўкалатку дзямідкаўскія механізатары. Ланцужок гэты бывала на паўкіламетра расцягваўся… Сямейная пара трапляе ва ўладу ўспамінаў. Найперш узгадваюць гісторыю свайго знаёмства. Уладзіслаў толькі што адслужыў тэрміновую і лічыўся, як кажуць, вакантным жаніхом. Такой жа вакантнай нявестай была і Таццяна, якая працавала ў суседняй гаспадарцы бухгалтарам. Неяк зазірнуў туды Уладзіслаў па шафёрскіх справах, кінуў вока на сімпатычную работніцу калгаснай канторы. А праз колькі часу заслаў да яе сватоў. Іх узаемныя пачуцці шліфаваў час. І вось ужо 45 год споўнілася сямейнаму саюзу Марозаў. Парадак у доме, на сядзібе – гэта імкненне абодвух стварыць знешні камфорт сваіх узаемаадносінаў. А ўнутраны – ён ствараецца сэрцамі, вернымі і шчырымі.
– Уладзіслаў Антонавіч, – наш лепшы стараста, – канстатуе кіруючы справамі Даўгінаўскага сельвыканкама Галіна Ханашчак. – Па выніках мінулага года мы яму падзяку за добраўпарадкаванне аб’яўлялі.
Колькі год на пенсіі – столькі на гэтай грамадскай пасадзе. А ў такой вёсачцы, як Дзямідкі, дзе жыхары спакваля старэюць, быць старастам вельмі не проста.
– У нас на ўсю вёску толькі двое працаздольных, – дзеліцца Уладзіслаў Антонавіч. – Гэта на 20 пенсіянераў. Бяда ва ўсіх адна – адзінота, хваробы. Бездапаможнасць вымушае чалавека ісці да бліжняга, у разліку на яго падтрымку.
Вось і ідуць. Не да такіх жа, як самі. А да дэпутата сельскага Савета. Гэты статус на вёсцы і сёння не губляе свайго рэйтынгу папулярнасці.
– Я ўжо некалькі скліканняў запар – дэпутат, – мой суразмоўца задумліва паглядае на жонку. Абодва, відаць, успамінаюць, чым адметнымі былі гэтыя гады ўдзелу гаспадара ў мясцовым кіраванні. Разам з былым старшынёй сельскага Савета арганізавалі спілоўку старых, пагражальна навісшых над помнікамі, дрэў на мясцовых могілках. Пасля, як стараста, Уладзіслаў Антонавіч вырашыў да канца давесці справу ўшанавання памяці продкаў, арганізаваўшы сярод землякоў збор сродкаў на новую магільную агароджу. Недзе кавалак дарогі падрамантаваць, камусьці дроў прывезці – многія людскія праблемы дапамагае вырашыць стараста, з’яўляючыся своеасаблівымі звязваючы звяном паміж вяскоўцамі і мясцовай уладай. Беражліва захоўваюцца ў сям’і ўсе ўзнагароды гаспадара – падзячныя пісьмы, граматы. Кожнай пазначана пэўная веха яго працоўнага жыцця. За высокія дасягненні на ўборцы лёну, ураджая збожжавых, саломы… Грамата ў гонар гадавіны Кастрычніка. Біяграфію самадастатковага чалавека, спасцігшага сэнс чалавечага жыцця,можна пісаць па гэтых вехах.
Што для мяне вёска? Некалькі чалавек у сённяшнім нумары даюць адказ на гэта пытанне. Хачу далучыцца да іх і я. Для мяне вёска – гэта агромністая ёлка ля ваколіцы, з маленькай каплічкай, ля якой, па традыцыі каталіцкага паселішча, гучалі некалі майскія песнапенні з услаўленнем Маці вялікага Сына Чалавечага. Гэта дзве бярозкі на падмурку дзедавай хаты, ад якіх зыходзіць дзіўнае зялёнае святло. Яны спляліся вецеем,быццам упіраючыся пакідаць родныя ваколіцы. І яшчэ – такія вось землякі, як Уладзіслаў і Таццяна. Пасвечаныя ў вялікую таямніцу жыцця.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара



