У адкрытым акцыянерным таварыстве «Сцешыцы» выхад збожжа на бала-гектар склаў 137,2 кілаграма. Гэты паказчык – найбольш аб’ектыўны крытэрый ацэнкі хлебаробскай працы. І, зыходзячы з вынікаў сельскагаспадарчага года, тут ён – самы высокі ў раёне і сведчыць аб эфектыўнасці работы ўсёй раслінаводчай галіны сельгаспрадпрыемства. І кожнага ўдзельніка збожжавага канвееру – паасобку.
Дзіма Казлоўскі ў нас – з самых маладых механізатараў, а камбайн у яго быў самы стары, – з усмешкай канстатуе рэальную, з адценем парадоксу, сітуацыю кіраўнік акцыянерага таварыства «Сцешыцы» Віктар Каляда. У старшынёўскім кабінеце – паўзмрок асенняга дня, вільготнага і слотнага, які згортвае свае апошнія манаткі ў выглядзе купін парыжэлай мокрай лістоты. Спала напружанасць уборачнай пары, калі марнай надзеяй было злавіць старшыню ў адміністрацыйным будынку. Як, дарэчы, і камбайнера – на мехдвары. Сёння мы без цяжкасцей наладзілі сустрэчу з Дзмітрыем Казлоўскім. Віктар Міхайлавіч «вылічыў» маладога механізатара, які пайшоў у свой заслужаны працоўны водпуск з дапамогай вэб-камеры, што пасылае відэасігнал на персанальны камп’ютар кіраўніка. У дыяпазоне яе назірання – вытворчыя аб’екты акцыянернага таварыства. Гэта ноу-хау Сцешыц, пра якое неаднойчы нагадвала і рэспубліканская прэса.
… Мой суразмоўца – сціплы і не вельмі гаваркі. Не спешчаны журналісцкай увагай, як яго сябры-тысячнікі. Ды і немагчыма мець падобны паказчык збожжавага намалоту на яго не недта маладым, ад таго не вельмі вёрткім і не дужа прадукцыйным камбайне. У старой тэхнікі, як і ў пажылога чалавека, бывае нейкім чынам замаруджваюцца жыццёвыя функцыі. Толькі на сваю механізатарскую долю Дзіма не наракае: усяму, лічыць, свая чарга. Прыйдуць і ў яго жыццё высокія намалоты. А пакуль трэба сумленна, без зайздрасці да поспехаў іншых, рабіць сваю справу. Гэтаму яго вучыў бацька. Не столькі словамі, колькі асабістымі адносінамі. Да тэхнікі, людзей, хлебаробскага абавязку. Сям’я Казлоўскіх – паважаная ў аграгарадку. Маці Дзмітрыя, Наталля Пятроўна, загадвае малочна-таварнай фермай «Сцешыцы», дзе вытворчасць малака за дзесяць месяцаў склала 104% да ўзроўню мінулага года. Паказчык – адзін з лепшых у раёне. Калі ж казаць пра сямейныя адносіны , то бацькі ніводнаму са сваіх траіх дзяцей не навязвалі ўласныя погляды. Ні ў тым, што датычыць густаў, схільнасцей, ні нават у бачанні жыццёвай перспектывы, асэнсаванні сябе, як асобы. У школе Дзіма любіў урокі спеваў і музыкі, з задавальненнем удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. Толькі ўсё гэта на ўзроўні аматарства. Спецыяльнасць вырашыў набыць самую што ні ёсць мужчынскую. Таму і паступіў у Вілейскі прафесійна-тэхнічны каледж. Згодна атрыманага дыплому, ён валодае адразу чатырма спецыяльнасцямі – вадзіцеля, трактарыста, слесара, электрыка. Для вясковага жыцця – усе прыгодныя. Ды і для сям’і важна, калі ў мужчыны адкуль трэба рукі растуць. Катэдж Казлоўскіх, яго мне паказаў на маніторы старшыня, дагледжаны і нават восенню сяліба ўтрымлівае сляды звыклага клопату гаспадароў. Там Дзіму чакае маленькая Алінка. У два з паловаю гады яна ўжо міла шчабеча, выразна вымаўляючы і сваё імя. Яго ёй прыдумаў тата, праігнараваўшы традыцыйныя «Наташы ды Тані». Менавіта так Дзіма аргументуе свой выбар.
Жніўная пара ў механізатараў закончылася, прынёсшы каму – набыткі, гонар і славу, камусьці проста, як Дзіму Казлоўскаму, дапамогшы захаваць добрае імя, пранесці дастойна хлебаробскае званне. Зялёная рунь – у чаканні першага снегу, нясе надзеі на важкі колас і чарговы камбайнавы сезон.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара



