Адбуялі пушыстыя дзьмухаўцы. І аздобленыя іх адлюстраваным сонцаззяннем узмежкі запаланілі сферычныя парасоны. Бязважкія парашуты шчодра пачалі рассыпаць у наваколлі насенне веснавых першацветаў. І мілая воку прыгажосць абярнулася рэальнай пагрозай засмечвання зямлі. Пустазеллем, якое прыстасавана самой прыродай для бескантрольнага размнажэння. Праўда, далёка не ў такім лірычным рэчышчы ішла размова на раённай селектарнай нарадзе.
У ёй удзельнічалі старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі прадпрыемстваў, прадстаўнікі служб райвыканкама – адным словам, тыя, хто сваімі канкрэтнымі дзеяннямі можа аказаць рэальны ўплыў на добраўпарадкаванне зямлі. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Сініла адразу акрэсліў кола праблем, што патрабуюць неадкладнага вырашэння. Нават цэнтральныя сядзібы гаспадарак не ўсе маюць належны выгляд. Што ўжо казаць пра аддаленыя вёскі? Мясцовыя ўлады не могуць ці не жадаюць мець кантакт з насельніцтвам, калі гаворка заходзіць аб добраўпарадкаванні прысядзібных участкаў. Аблічча зямлі – яно шматграннае. Каларыт яго ствараецца не толькі знешнім выглядам вуліц, сядзіб, палеткаў. Вытворчыя памяшканні – жывёлагадоўчыя фермы, комплексы, мехдвары – яны сведчанне эстэтычных схільнасцей гаспадароў і заадно – іх дзелавога прагматызму. Абгароджаная ферма, абуладкаваныя прагоны для жывёлы, падкошаныя, дагледжаныя пашы – гэта клопат аб умовах працы жывёлаводаў, прадукцыйнасці іх працы, а, значыць, – прадуктыўнасці статку, за якім тыя ажыццяўляюць догляд.
Да першага чэрвеня, менавіта гэтай мяжой акрэслена падвядзенне вынікаў двухмесячніка па добраўпарадкаванню, будзе дадзена ацэнка ўсім гаспадарам зямлі, вызначыцца, хто з іх сапраўдны, а хто – уяўны. На канстатацыі гэтай акалічнасці і завяршылася селектарная нарада.
Марыя КУЗАЎКІНА







