Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дэпутаты райсавета наведалі Смаргонскі раён

Ідэя гэтага мерапрыемства нарадзілася ў дэпутатаў райсавета. Менавіта падчас чарговай сесіі, на якой ішло абмеркаванне эфектыўнасці рэгіянальнай інвестыцыйнай палітыкі. А давайце паглядзім, як гэта праблема рашаецца ў суседзяў, – прапанаваў хтосьці з дэпутатаў. Прапанова, калі яна зыходзіць з вуснаў ініцыятыўных і зацікаўленых людзей, немінуча знойдзе сваё ўвасабленне. Так атрымалася і на гэты раз. Аб’ектам для задавальнення дэпутацкай дапытлітвасці быў выбраны Смаргонскі раён, сам райцэнтр, дзе вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю прадпрымальніцтва. Аб чым можа меркаваць нават дылетант пры наведванні мноства гандлёвых прыдпрыемстваў Смаргоні, вялікіх і малых, якія, здаецца, запаланілі ўсе вольныя нішы ў гарадской забудове. Вядома, яны – надводная вяршыня айсберга. У гэтым пераканаліся вілейскія дэпутаты, прадстаўнікі іншых службаў раёна, тыдзень таму наведаўшы свайго заходняга суседа.

Са слоў старшыні раённага Савета дэпутатаў Наталлі Радзевіч, Смаргоншчына – прыцягальны ў інвестыцыйных адносінах раён. Яшчэ ў даперабудовачныя часы тут сфарміравалася прамысловая зона ў сувязі з будаўніцтвам трактарнага завода. Праект заглух, але вытворчае асяроддзе засталося.
Свабодныя плошчы, аддаленасць ад жылой зоны – усё гэта прыцягнула ўвагу патэнцыяльных інвестараў, якія змаглі размясціць тут свой бізнэс.
Спакваля рашае горад актуальную для большасці райцэнтраў праблему жаночай працоўнай занятасці. Адкрытае акцыянернае таварыства «Карункі» – у адносінах кааперацыі з вядомым беларускім прадпрыемствам «Мілавіцай». Дарэчы, тут вілейскім гасцям давялося сустрэцца з выпускнікамі нашага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Водгукі аб рабоце маладых спецыялістаў станоўчыя. Іх з задавальненнем выслухаў дырэктар каледжа, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Ігар Кіцікаў.
Уразіла сваімі маштабамі і сучаснымі тэхналогіямі сумеснае беларуска-аўстрыйскае прадпрыемства «Кранаспан», якое выкарыстоўвае для выпуску сваіх вырабаў адыходы дрэваапрацоўкі. Ветрапарк, лагістычны тэрмінал – гэта навацыі, заснаваныя на самых сучасных тэхналогіях. У сферы абслугоўвання – аўтамагазіны «Еўраопта», якія забяспечваюць таварам сельскіх жыхароў.
У Смаргонскім раёне зарэгістравана 1300 індывідуальных прадпрымальнікаў, дзейнічаюць 13 сумесных прадпрыемстваў. Для дапамогі тым, хто жадае адкрыць «сваю справу», маецца цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва, дзе вопытныя юрысты і бухгалтары дадуць любую кансультацыю, якая тычыцца сферы бізнэсу. Дарэчы, аналагічны існуе і ў Вілейцы пры тым жа прафесійна-технічным каледжы. Са Смаргонню Вілейку яднае і маштаб экспартных паставак, і спрыяльны інвестыцыйны клімат. І тут, і там – значная перспектыва ў развіцці аграэкатурызму. Смаргонскі раён працуе зараз над стварэннем турыстычнага кластэра «Паўночныя Афіны», у якім будуць звязаны маршруты першай сусветнай вайны, сядзіба Агінскага і іншыя цікавыя для гасцей рэгіёна мясціны.
Як і на Вілейшчыне, у Смаргонскім раёне вядзецца актыўная работа па ўкараненню сучасных тэхналогій у сельскагаспадарчую вытворчасць. У суседзяў працуюць тры робатывазаныя фермы, у нашым раёне – дзве. І ў нас, і ў іх ужо адчулі перавагі тэхналогій, заснаваных на перадавых дасягненнях навукі, якія разлічаны на вёску.
Моладзевы цэнтр пры мясцовым касцёле, добраўпарадкаваная набярэжная і прылягаючы да яе парк, сапраўдны летні сад з экзатычных раслін у рэкрыацыі навучальнай установы. Адным словам, уражанняў хапіла. Яны задаволілі не толькі пазнавальную цікавасць гасцей, але і сталі своеасаблівым прыкладам для пераймання вопыту, паклалі пачатак рэгіянальнаму супрацоўніцтву аднолькава заклапочаных лёсам сваёй зямлі людзей.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота прадастаўлена аддзелам  ідэалагічнай работы, культуры
і па справах моладзі  Вілейскага райвыканкама

Visited 5 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 233 queries