Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Па сродках ці шык-бляск? Выбірайце самі

Колькі ведаю Надзею, яна заўсёды старалася, што называецца, адпавядаць. Статусу сучаснай дамы, якая ідзе па жыцці ў нагу з модай. Жанчына без шкадавання развітвалася з адзеннем і абуткам, дабротным, аднак нямодным у гэтым сезоне, і набывала новае. Ды што адзенне – Надзея штогод абнаўляла кватэру, на што,вядома ж, патрабавалася намнога болей. «Грузіла» тым самым мужа, нечага нават недадавала дзіцяці, часам брала крэдыты, але ж было ў яе ўсё, што называецца, шык-бляск.
– Не ўяўляю, як людзі ездзяць у грамадскім транспарце! – не раз чула ад Надзі. – Я ўжо настолькі прывыкла да сваёй «дамачкі» (так яна называла сваю і сапраўды дамскую на выгляд іншамарку)… Не дай Бог што, дык у крэдыты ўлезу, але вазьму сабе машыну. Мой благаверны, праўда, не падтрымлівае, маўляў, жыць трэба па сродках, трымайся далей ад крэдытаў…
І аднойчы «не дай Бог што» здарылася – Надзя трапіла ў аварыю і пабіла сваю «дамачку». Пашчасціла, што сама не вельмі пацярпела, хоць перапалохалася вельмі. Спецыялісты-аўтамабілісты, якіх паклікала на кансультацыю, параілі: машыну лепш прадаць па запчастках, чым аднавіць. Так Надзея і зрабіла. Толькі для таго, каб набыць новае аўто, ёй усё роўна спатрэбілася кругленькая сума. Не вагаючыся, жанчына адважылася на чарговы крэдыт. На гэты раз валютны. Як ні стараўся адгаварыць яе муж, нічога не атрымалася…
Зараз Надзя зноў на калёсах. Інакшага і не ўяўляе. Шчаслівая? Ды не сказала б. Нядаўна выпадкова сустрэліся, пагаварылі. І падзялілася жанчына сваімі праблемамі. Крэдыты, сказала, як снегавы камяк, не паспееш своечасова ўнесці належную суму – «нарасце» імгненна столькі!
– Каб пагасіць адзін, брала другі, як здавалася, на больш выгадных умовах, – расказвала Надзея. – У родных, сяброў пазычала, якія, вядома ж, не патрабуюць працэнтаў. Ледзь разабралася з рублёвымі, застаўся «вісець» толькі валютны. Неяк жа цягнем усёй сям’ёй, бо нікуды не дзенешся. А мой жа штораз, калі збіраю грошы ў банк, пачынае чытаць мараль: «Магу зразумець, калі бяруць валютны крэдыт на пакупку жылля…» А я і сама шкадую, што ўвязалася ў гэту справу. Яшчэ і машына няўдалая, не вылазім з рамонтаў… Ды што ж цяпер…
Сапраўды, цяпер застаецца адно – плаціць. І шкадаваць, што ў свой час праігнаравала разумную параду – жыць па сродках.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 54 queries