Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Касцяневіцкі касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі адзначыў светлы юбілей – 250-годдзе з дня будавання

Касцяневіцкі касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі адзначыў светлы юбілей – 250-годдзе з дня будавання. Каталіцкае жыццё прыйшло сюды ў 1652 годзе, калі мясціна Касцяневічы была запісана віленскаму калегіуму. У 1763 годзе тут быў узведзены касцёл у гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, які дзейнічае і сёння.
5 кастрычніка храм быў па-асабліваму, святочна ўпрыгожаны. Дарога да яго ў гэты дзень была выслана жывымі кветкамі. Людзей на святкаванне юбілею касцёла сабралася вельмі многа. На ўрачыстую Імшу прыбылі Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, светары з іншых парафій.
Распачынаючы святую Імшу, пробашч парафіі ксёндз Пётр Пятрага цёпла прывітаў Тадэвуша Кандрусевіча і святароў, што прыехалі на свята. Павіншаваўшы і ўсіх парафіян з юбілеем храма, ён цікава расказаў пра гісторыю касцёла, узгадаў святароў, якія служылі тут раней. А некаторыя з іх прысутнічалі на свяце – гэта Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі з Маладзечна, Андрэй Яркавец з Краснага. Узгадалі і ксяндзоў, якія служылі ў свой час у касцёле і ўжо адышлі ў вечнасць. Гэта Станіслаў Жук і Зыгмунд Абартух.
Вельмі ўзнёсла і шчыра звяртаўся і высокі госць – Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч – да вернікаў. Ён павіншаваў іх, падзякаваў за добрыя справы, словы асаблівай падзякі адрасаваў касцельнаму хору.
На свяце прысутнічалі і выступілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч і старшыня Людвіноўскага сельвыканкама Наталля Шавялёва. Нельга не сказаць цёплыя словы і ў адрас дырэктара краязнаўчага музея Сяргея Ганчара, з дапамогай якога намі быў падрыхтаваны і прадэманстраваны прысутным цікавы слайдфільм пра гісторыю і сённяшні дзень храма. Фотаздымкі даўніх часоў нібыта перанеслі прысутных у мінулае…А яно багатае. Сцены храма памятаюць, напрыклад, як у далёкім 1796-ым тут хрысцілі Ігнація Ходзьку, а пазней, у 1816-ым, – сябра Тараса Шаўчэнкі Эдварда Жалігоўскага.
Словы ўдзячнасці Пану Богу, святарам, усім прысутным выказвалі старэйшыя парафіяне, моладзь, дзеці.
Святкаванне закончылася, а на душы засталіся радасць і вялікае задавальненне, што жывуць храмы Беларусі, і адзін з іх – наш, найстарэйшы з касцёлаў Вілейшчыны. Адрамантаваны, дагледжаны, ён радасна прымае нас, прыхажан, дае сілы, веру і любоў.
Хочацца шчыра падзякаваць нашаму ксяндзу-пробашчу Пятру Пятрагу, які нясе сваё святарскае служэнне больш за сем гадоў, за арганізацыю свята, добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол храма. А мы, парафіяне, і надалей будзем яму дапамагаць. Каб наша святыня заўсёды радавала вока кожнага падарожнага, а фігура Пана Езуса як бы нагадвала кожнаму: «Бог чакае цябе!»
Марына ЮРКЕВІЧ, загадчыца Ерхаўскага  сельскага клуба.
Фота Міхаіла КУЛЯША

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 129 queries