«Листья жгут, листья жгут, как прощальный салют…» Памятаеце гэтыя словы з калісьці папулярнай песні пра восень? Ды гэта я так, між іншым, а размова пойдзе зусім не лірычная.
Цяпер якраз такая пара, калі трэба і апалае лісце прыбраць, і непатрэбную расліннасць з агародаў вынесці, і лішнія галінкі дрэў падрэзаць. Звыклыя асеннія клопаты, штогадовыя, сезонныя. Нібыта і радавыя, штодзённыя, а такія важныя.
З першага кастрычніка ў горадзе і раёне праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні. Нічога звышнатуральнага ад нас з вамі, паважаныя віляйчане, не патрабуецца. Трэба проста навесці парадак не толькі ў сваіх дварах і агародах, але і на тэрыторыях арганізацый і ўстаноў, дзе мы з вамі працуем. А яшчэ кожная арганізацыя павінна знайсці час, каб наведацца на замацаваную за ёй вуліцу і навесці парадак там.
У мінулы чацвер наша рэйдавая пад старшынствам начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Галіны Кажарновіч праехала па некаторых вуліцах Вілейкі і агледзела, як наводзіцца на іх парадак.
Пачалі з Ізбіно, дзе столькі многа дагледжаных , вельмі прыгожых падворкаў. А каля аднаго, што па вуліцы Даватара пад нумарам 1, ажно прыпыніліся. Здавалася б, звычайны домік. Але якія, відаць па ўсім, творчыя, неабыякавыя людзі жывуць у ім! І калі яны толькі паспяваюць насяляць свой двор шматлікімі звяркамі, казачнымі персанажамі – тварэннем сваіх рук! І гэта яшчэ раз пацвярджае, што ствараць прыгажосць вакол сябе можа кожны, трэба толькі вельмі гэтага хацець.
На ўездзе ў Макаўе завярнулі ўвагу на засмечаны прыдарожны пятачок– гэта тэрыторыя лясгаса, адзначыла Галіна Кажарновіч, і тут трэба навесці парадак.
На вуліцы Рабочай, куды мы пад’ехалі, ўбачылі незразумелы катлаван, у які накідана ўбраная з агародаў расліннасць. Высветлілася, што гэта цеплакамера ПМС. У гэтым месцы запланавана зрабіць пад’езды да дамоў. ПМС папрасілі крыху панізіць камеру. У выніку з яе была ўвогуле знята крышка, і, відаць па ўсім, пра справу забыліся. У катлаван, што ўтварыўся, людзі пачалі зносіць расліннасць з агародаў. І вось ужо на гэтым месцы стала нешта накшталт сметніка. Прытым, вельмі небяспечнага, бо раскрыты катлаван можа стаць вялікай непрыемнасцю (а то і бядой) для таго, хто цёмным вечарам ці ноччу саб’ецца з дарогі. Таму навесці тут парадак неабходна аператыўна, не адкладваючы справу на потым.
Праязджаючы па вілейскіх вуліцах, адзначылі, што ля многіх падворкаў навалены розныя будматэрыялы: то кучы пяску, гравію, што ўжо нават параслі травой, то нейкія дошкі, каменні, бярвенне… Між тым, па заканадаўству будматэрыялы ля дамоў могуць ляжаць не болей 72 гадзін. Думаецца, не трэба тлумачыць, што для парушальнікаў могуць быць прыменены штрафныя санкцыі. Дык ці не час прыбрацца і не дапусціць гэтага?
У Макаўі наведаліся на тэрыторыю прыватнага прадпрыемства па дрэваапрацоўцы, якім кіруе Сяргей Ягаловіч. У рэйдавай знайшлося некалькі заўваг і рэкамендацый, якія Сяргей Міхайлавіч уважліва выслухаў і паабяцаў выправіць становішча ў адведзены яму на гэта час.
Далей наш шлях ляжаў на мікрараён «Паўночны». Тут працаўнікамі ЖКГ высаджаны прыгожы скверык, які з часам павінен стаць чыстым астраўком жывой прыроды. Пакуль жа мікрараён будуецца, добраўпарадкоўваецца, а гэта,вядома ж, прадугледжвае і нейкую незавершанасць. Але ж разумееш, што гэта ўсё – часова, пакуль.
Пераязджаючы з «Паўночнага» ў «Воўкаўшчыну”, адзначылі добраўпарадкаванасць маста пад чыгункай, тэрыторыі вакол яго. У папярэднія гады, памятаецца, тут было шмат стыхійных звалак. Там-сям смецце ёсць і зараз, аднак нельга не адзначыць і тую вялікую работу па добраўпарадкаванні, якую тут правялі чыгуначнікі.
Парадак у горадзе. Ён залежыць ад усіх нас і ад кожнага паасобку. І гэта трэба цвёрда ўсвядоміць. У адваротным выпадку зрухаў да лепшага не будзе, бо, згадзіцеся, не ў сілах адной жыллёва-камунальнай гаспадаркі прыбраць за кожным. Клопатаў у гэтай арганізацыі і так хапае, іншы раз нават здзіўляешся , як яны, камунальнікі, усюды паспяваюць… Таму за парадак трэба брацца кожнаму. Давайце пачнём з вуліцы, што ля нашага дома, з тэрыторыі арганізацыі, дзе працуем – давайце не будзем дзяліць на «маё» і «не маё», бо ўсё тут «наша».
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара
У горадзе і раёне праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ










