Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Фестываль рок-музыкі

Гэта быў не чарговы канцэрт, да якіх усе прызвычаіліся. Фестываль рок-музыкі “Штармавое папярэджанне”, што прайшоў у кінатэтры “Мір”, вызначыўся сваёй маштабнасцю.

У ролі гледачоў былі не толькія вілейскія хлопцы і дзяўчаты, але і ўсе госці з розных гарадоў Беларусі і ўжо далёка не маладыя жанчыны і мужчыны. Фестываль доўжыўся цэлых пяць гадзін. У арганізацыі мерапрыемства прыняў удзел Аляксандр Бохан, які быў адказны за гук. Дзякуючы Аляксандру, якасць гучання выдалася надзвычай добрай. Таксама ў ролі арганізатара выступіў Сцяпан Краўчонак, які па сумяшчальніцтве з’яўляецца барабаншчыкам адразу трох гуртоў: “Дзень Незалежнасці”, “Chernovar” і дапамагае дзяўчынкам з “Cross-Wise”. Сцяпан займаўся падборам музычных гуртоў, быў адказны за памяшканне для правядзення фестывалю, за святло. Ён ўжо не раз арганізоўваў падобныя мерапрыемствы ў Вілейцы. Трэба заўважыць, што гэта, у яшчэ зусім маладога хлопца,атрымліваецца нядрэнна. А Уладзімір Сабалеўскі, таксама ўдзельнік гурта “Дзень Незалежнасці”, узяў на сябе ролю арт-дырэктара і падбіраў вядучых, якімі былі Тарас Апарык з “Планеты ўсіх” і Паліна Якаўлева. Таму не толькі музыка дапамагала разварушыць слухачоў, але і непасрэдна самі вядучыя. Менавіта Тарас Апарык складаў сцэнарый мерапрыемства.
У канцэрце прымалі ўдзел 10 гуртоў з розных куткоў Беларусі.
Гурты прадэманстравалі свой стыль у музыцы. Таму амаль кожны прысутны пачуў тое, што бліжэй яму да душы. Для некага гэта джаз, рэггі і яго задавальняе гурт “JazzКвадрат” з Маладзечна. Другому больш падабаецца панк, гранж і ён падтрымліваў “Рэзананс” і “Дзень Незалежнасці” з Вілейкі, а таксама “Летаргію” з Мінска; ці фолк-метал, што граюць хлопцы з Вілейскага гурта “Chernovar”. Тым, хто слухае больш цяжкую музыку, падабаецца “My senseless name” з Маладзечна, “Каніфоль” са Смаргоні.
Фестываль, напэўна, запомніцца на ўсё жыццё гітарысту і вакалісту “Chernovar” Генадзю Кірылаву. “Зараз ў зале знаходзіцца мая каханая і яна мяне бачыць, – са сцэны, хвалюючыся, сказаў Генадзь. – Кацюша, выходзь за мяне замуж, калі ласка!” Дзяўчыну вельмі ўразіў гэты ўчынак,і яна паднялася да свайго хлопца. Уся зала крычала “горка!”
Пасля фествалю гледачы пачалі дзяліцца сваімі ўражаннямі. Вось што гавораць некаторыя з іх:
Марыя: Асабіста мне канцэрт спадабаўся. Мноства новых гуртоў, якія да гэтага часу не былі вядомымі для мяне. Плюс запал нашых вілейскіх вельмі і вельмі моцна ўразіў. Усё было так, як і чакалася.
Павел: Фестываль быў супер! Вельмі добры гук, у адрозненне ад папярэдніх канцэртаў. Запомніліся “Механічныя апельсіны”. Яны здзівілі сваёй тэхнікай і майстэрстам. Болей бы такіх мерапрыемстваў!
Аляксандр (удзельнік гурта “Рэзананс”): Я лічу, што гэты фестываль удаўся. Вельмі задаволіла апаратура, таму гук быў якасным, што вельмі добра. Я больш звярнуў увагу на “Каніфоль” і “Летаргію”. Іх стыль мне бліжэй.
Але ўсё гэта меркаванні слухачоў і ўдзельнікаў. Цікава, што думае наконт мерапрыемства сам арганізатар.
– Як доўга вы рыхтаваліся да правядзення фестывалю? – пытанне Сцяпану Краўчонку.
– Дамовіцца наконт памяшкання, святла, гуку, запрасіць гурты, разрэкламаваць “Штармавое папярэджанне” было вельмі складана. Гэта таксама і вялікая адказнасць. Калі што не так, то за ўсё адказывае арганізатар. Таму вялікі дзякуй тым, хто мне дапамагаў, бо аднаму зрабіць такую работу было б немагчыма. Мы пачалі рыхтавацца адразу пасля Вялікадня. Праца была вельмі напружаная, але я рады, што ўсё так добра атрымалася.
Я ўжо нават і не ўспомню, калі мы пачалі гэта рабіць. Але такія канцэрты нефармальнай музыкі праводзяцца вельмі даўно. Напэўна, гэта ўжо ўвайшло ў традыцыю.
Мы плануем праводзіць такія маштабныя мерапрыемствы раз ці два ў год. А паміж імі будуць і іншыя канцэрты, але не такія вялікія. Бо каб правесць падобны фестываль,трэба шмат сіл і вольнага часу.
– А як ты можаш ахарактарызаваць вынік “Штармавога папярэджання”?
– На маю думку, і сапраўды атрымаўся шторм. Была выдатная падтрымка. Людзі не толькі слухалі музыку, але і падпявалі знаёмыя ім песні, рухаліся.
У выніку “Штармавога папярэджання” слухачы набылі новых сяброў з такімі ж музычнымі інтарэсамі, пазнаёміліся з удзельнікамі гуртоў і атрымалі бясконцы зарад энэргіі.
Ганна КАСОВІЧ, АСШ №3, 9”А” клас

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries