Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Тут жыве сама Гісторыя…

Хто, калі не я? Гэта пытанне задала сабе неяк Клаўдзія Дубовік, вядомая вілейская паэтка, дзяцінства якой прайшло ў маляўнічым куточку Вілейшчыны – у вёсцы Багданава. Сама назва ўжо што значыць – Багданава, Богам данае. Багатую гісторыю мае гэта мясціна, таму неабыякавай жанчыне вельмі хочацца захаваць спадчыну і перадаць яе новаму пакаленню. І ўзялася Клаўдзія IMG_4437Іванаўна за нялёгкую справу – адраджэнне свайго куточка… Забягаючы наперад, скажу, што ў яе ўсё атрымалася, і сёння фальварак Багданава – адно з памятных месцаў Вілейшчыны,куды ўжо нават прыязджаюць экскурсіі. Вось і на днях, якраз у Дзень музеяў, гаспадыня фальварка сустракала ў сябе гасцей. Прыехалі супрацоўнікі музея, бібліятэкары, настаўнікі, супрацоўнікі і выхаванцы аддзялення дзённага прыбывання для інвалідаў «Ластаўка» і многія іншыя нераўнадушныя людзі.
Прыехалі і артысты – гурт «Бабіна лета», пад спевы якіх на ўлонні прыроды, непадалёк ад сажалак-прыгажунь гучалі выступленні, гаспадыні фальварка ўручаліся падарункі. А песні, вясёлыя, завадныя, клікалі ў танцы. І многія не стрымлівалі сваіх пачуццяў…
Вось што расказала пра фальварак сама яго гаспадыня Клаўдзія Дубовік:
– Ідэя стварэння прыроднага этнаграфічна-літаратурнага музея ўзнікла неяк сама па сабе. Колькі ўжо гадоў я змагалася за гэты паркавы ансамбль, «ваявала» з вандаламі, якія пачалі тут выпільваць рэдкія дрэвы, забруджваць сажалкі.Сэрца балела, калі бачыла такі здзек з малой радзімы. Менавіта ў гэтым прыгожым паркавым ансамблі праходзілі мае дзіцячыя гады, тут шмат гадоў працавала мая маці і многія аднавяскоўцы. Таму я ўзяла на сабе такую смеласць і вырашыла ўратаваць хаця б прыродны ансамбль – высадкі ліпаў, клёнаў, серабрыстых таполяў, вербалозаў, бяроз… Прывяла па меры магчымасці ў належны выгляд наваколле. Пабудавала прыгожы масток, паставіла стол і лавы, каб госці маглі адпачыць. Вычысцілі ўязную алею. Пасадзіла ёлкі, рабіны паабапал дарог. Сабрала каля пяцідзесяці адзінак старадаўніх прыладаў, значную колькасць літаратурнай спадчыны.
Адкрыццё музея 10 мая мінулага года стала сапраўдным святам адраджэння фальварка Багданава. Было шмат гасцей. Ім вельмі спадабаліся гэтыя прыгожыя мясціны, гістарычныя могілкі, дзе пахаваны знакамітыя Свіды, а на плітах стаіць дата 1683 год…
Родны кут прагне адраджэння. Гісторыю трэба адраджаць і пісаць яе новыя старонкі, бо што мы тады пакінем нашчадкам?
Мяркуючы па водгуках першых наведвальнікаў, музей мае права на існаванне. Высокую адзнаку далі такія краязнаўцы і гісторыкі, як Міхаіл Петух, Ніна Жвалеўская, дырэктар краязнаўчага музея Сяргей Ганчар, старшы навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Вольга Коласава, дырэктар цэнтра мастацкай творчасці Таццяна Захарыч і многія-многія, хто наведваў фальварак.
Вялікую дапамогу аказалі і супрацоўнікі гарадской бібліятэкі. Яны падаравалі ў музей прыстасаванні для выставы кніг і надрукавалі за свой рахунак мае паэмы.
Я веру, што разам мы зробім многае. Наведвальнікі ў нас будуць, бо прыгожыя гістарычныя мясціны вабяць вока, сэрца і душу. Тут лёгка дыхаецца сунічна-чаромхавым паветрам. Марыцца аб каханні… А лясныя сцяжынкі вас самі прывядуць у грыбныя і ягадныя месцы, якімі багата наша наваколле. Тут шмат легендаў і паданняў, бо тут жыве сама гісторыя.

Што і казаць, важную справу робіць Клаўдзія Іванаўна, бо памяць і клопат пра гісторыю, карані – гэта штосьці святое, наша душэўная чысціня, наша агульнае будучае.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 188 queries